Васілёк – аптэка і сталоўка ў адной талерцы

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДзяўчына ў вянку з васількамі
Дзяўчына ў вянку з васількамі - Sputnik Беларусь, 1920, 18.06.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская запрашае паглыбіцца ў легенды Русальнага тыдня і адкрывае сакрэт, чаму самая знакамітая кветка Беларусі завецца васільком
Поўнымі неверагодных прыгод у народзе лічыліся дні блізкія да летняга сонцавароту. Легенды і паданні сведчаць, што сустрэчы з ляснымі і воднымі духамі, русалкамі, ведзьмамі, казачнымі раслінамі ў гэты час былі звыклай з’явай. Аповедам аб дзіўных здарэннях ахвотна верылі, тым больш, што расказчыкі для праўдзівасці не забывалі дадаваць: "даўно тое было…", "старыя казалі…", "дальбог праўда!.." і гэтак далей. Амаль завяршыўся Русальны тыдзень, які пачаўся сёлета 13 чэрвеня, але русалкі, якіх па народнай веры Бог адпусціў з водных глыбінь на сем дзён, яшчэ сярод людзей і трэба сцерагчыся сустрэч з імі. Чароўны час!
Сваім шэрагам бягуць летнія дзянёчкі, закаласілася зялёнае жытнёвае поле, што аздабляе васільковая сінь, і дзяўчаты плятуць з кветак вянкі, спяваючы песні аб няшчасным каханні Івана ды Мар’і, якія ператварыліся ў аднаіменную лясную кветку, ды аб сумным лёсе Васілька.
Увогуле Русальная, Гранная, Праводнаяабо Крывая нядзеля лічылася вельмі "небяспечнай" і неспрыяльнай для многіх важных спраў. Забараняліся многія віды працы, дзяўчат перасцерагалі выходзіць на Русальніцу замуж, бо лічылі, што "ні павязёць у жызні", "будзець плахая жызнь". Але асабліва небяспечнымі станавіліся лес, рака і поле для маладых хлопцаў і мужчын, якіх русалкі маглі заказытаць да смерці, заманіць апоўдні ў раку і ўтапіць. Нездарма ж іх яшчэ называлі ласкатухамі і казыткамі. Кажуць, што рабілі яны гэта дзеля таго, каб займець шчасце ў каханні, якога ніколі не маглі дасягнуць у сваім свеце.

Чаму васілёк васільком завецца

Ёсць свая сумная гісторыя і ў блакітнай кветачкі – Васілька. Існуе старажытнае паданне, у якім распавядаецца аб каханні русалкі і сына ўдавы, аратая Васіля.
© Sputnik / Фридлянд / Перайсці ў медыябанкАраты
Араты - Sputnik Беларусь, 1920, 18.06.2022
Араты
Аднойчы Русалка заўважыла, як спраўна працуе ў полі прыгожы хлопец, і пачала штодня цікаваць за ім з густых зараснікаў хмызняку. У хуткім часе, яна адчула, што закахалася і паўстала перад Васілём. Закаханыя пачалі сустракацца, але русальчыны дні на зямлі цяклі так хутка, як вада скрозь пальцы, і неўзабаве трэба было вяртацца ў валадарства ненавіснага Вадзяніка. Русалка маліла хлопца пакінуць поле і пайсці з ёй у водныя глыбіні, але Васіль адмовіўся. Тады русалка ператварыла яго ў сінюю кветку, спадзеючыся, што каханы калі-небудзь прыплыве да яе хоць бы гэтай кветачкай. Шкадуючы бедную ўдаву, людзі назвалі кветку Васільком.
Было тое ці не, хто ведае, але васількі заўсёды пачынаюць квітнець на Русалле і жытнёвае поле на сем кароткіх дзён становіцца месцам сустрэчы закаханых – Васіля і Русалкі.
© Sputnik / Ганна СакаловаВасількі заўсёды пачынаюць квітнець на Русалле
Педагог-арганізатар майстар-класа па пляценні вянкоў Яніна Таўтын - Sputnik Беларусь, 1920, 18.06.2022
Васількі заўсёды пачынаюць квітнець на Русалле

Невядомыя васількі

Валошкі або васількі – адна з улюбёных палявых кветак, букетамі з якіх улетку гандлююць на вуліцах гарадоў. Часта васілёк сініўспрымаецца як сімвал Беларусі і красуецца на эмблемах розных нацыянальных фестываляў.
Беларуская мова мае цэлы стос народных рэгіянальных назваў гэтай кветкі. Часта чуецца пытанне: "Як правільна казаць: васілёк ці валошка?". Правільна і так, і гэтак.
Агульная народная назва гэтай палявой расліны васілёк сіні, але на Гарадзеншчыне можна пачуць валынка, раднянка, хабэрка, гарандлянка, на Магілёўшчыне – сіноўнік, у Жыткаўскім раёне – сінька, на Гомельшчыне – валамені і валамекі, на Віленшчыне – казэлец (паводле тэматычнага слоўніка "Раслінны свет").
Назву Васількі маюць вёскі ў Віцебскім, Бялыніцкім і Пухавіцкім раёнах.
© Sputnik / Юрий Кавер / Перайсці ў медыябанкВасількі квітнеюць
Цветут васильки - Sputnik Беларусь, 1920, 18.06.2022
Васількі квітнеюць
Але васілёк, які распаўсюдзіўся па ўсёй еўрапейскай тэрыторыі, шануюць не толькі ў нашай краіне. Так напрыклад з 1968 года валошка сіняя з’яўляецца нацыянальнай кветкай Эстоніі і кажуць, што васілёк быў вядомы і ў старажытным Егіпце. Аб гэтым сведчыць вянок з васількоў, знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Але не толькі хараством вядомае гэта прыгожае пустазелле.

Васілёк сіні – лекі і ежа!

Васілёк сіні – здаўна прызнаная лекавая расліна, якую нарыхтоўваюць аптэкі па высокім кошце. Збіранне васількоў даволі марудны занятак, бо кветкі, якія потым сушацца, лёгкія, як пух, і нарыхтаваць патрэбную колькасць не так проста. У якасці лекаў выкарыстоўваюць толькі сінія краявыя кветкі, якія пры высыханні павінны быць яркага сіняга колеру. Гэта сведчыць аб тым, што ў іх змяшчаюцца гліклазід цынтаурын, цыкарнін, цыянін, руцін. Акрамя гэтага, у кветках маюцца вітаміны С і Р, флаваноіды, дубільныя рэчывы, карацін, сапаніны, мінеральныя солі і іншыя рэчывы.
У народнай медыцыне кветкі васілька сіняга, якія маюць супраць запаленчыя ўласцівасці, выкарыстоўваюць у мачагонных зборах пры мочакаменнай хваробе, неўрозах, цысцітах, пры лячэнні ран і кан’юнктывітах, хворай печані, пры прастудзе, як жарапаніжаючае і многае іншае.
А яшчэ васількі можна есці! Кветкі дадаюць у першыя і другія стравы, соусы і падліўкі. Парашок з сухіх кветак – выдатная заправа для супоў, баршчоў, мясных і рыбных страў.

Заправа з насення васілька сіняга

З чаго гатаваць:
насенне васілька сіняга,
насенне каляндры,
насенне кмену.
Як гатаваць. Выдаліць смецце з насення васілька сіняга, прасушыць, змалоць у парашок у кавамолцы. Перамяшаць з парашком каляндры або кмену па смаку. Ужываць у першыя стравы, салаты, соусы і падліўкі ў якасці заправы (прапорцыі спецый абіраюць да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоршч з васільком
Боршч з васільком - Sputnik Беларусь, 1920, 18.06.2022
Боршч з васільком

Боршч з васільком

З чаго гатаваць:
500 мл булёну з мяса,
40 г бульбы,
20 г морквы,
30 г капусты,
галоўка цыбулі,
100 г бурака,
15 г таматнага соусу,
2-3 ст. л. алею,
10 г парашку з кветак васілька,
2-3 зубкі часнаку,
20 г смятаны,
зеляніна кропу,
спецыі па смаку,
соль.
Як гатаваць. Зварыць мясны булён, заправіць накрышанымі кубікамі морквы, бульбы, цыбуляй, капустай, нарэзанымі вялікімі кавалкамі буракамі. Варыць амаль да гатовасці. Дастаць буракі і натаркаваць, падсмажыць іх на патэльні з таматным соусам і заправіць гэтым боршч. Даць закіпець 2-3 хвіліны, заправіць парашком з кветак васілька, тоўчаным часнаком, лаўровым лістом, даць пастаяць. Падаць са смятанай і зелянінай кропу.

Ялавічына ў малочным соусе з кветкамі васілька сіняга

З чаго гатаваць:
100 г мяса,
10 г кветкак васілька,
20 г масла вяршковага,
5 г мукі,
20-30 мл вяршкоў,
зеляніна кропу,
спецыі па смаку,
соль.
Як гатаваць. Злёгку адварыць мяса, нарэзаць дробнай саломкай, абсмажыць на масле да румянай скарынкі. Пакласці мяса ў рондаль, у тлушч дадаць 1 сталовую лыжку мукі і смажыць да пабурэння. Дадаць вяршкі і расцерці да атрымання аднароднай масы. Мяса заліць соусам, пасыпаць парашком з кветак васілька і тушыць на слабым агні 3 хвіліны. Перад падачай пасыпаць зелянінай кропу.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Бурачнае застолле, або Сонца ў "ажагу" – час абедаць!
Апетытны хрэн – лекі і ежа
"Усё палезна, што ў рот палезла", або Халаднікі на любы густ
Кухня нашых продкаў: гатуем стравы с кменам
Вясна на кухні, або Малачай – лекі, ласунак і ежа
Стужка навiн
0