Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Лукашэнка: калі людзі не накормленыя, няма чаго казаць пра незалежнасць

Беларускі лідар у чацвер сустракаецца з губернатарам Пермскага краю, падчас візіту ў рэспубліку дэлегацыя гэтага расійскага рэгіёна плануе наведаць шэраг прамысловых прадпрыемстваў.
Sputnik
МІНСК, 28 ліп – Sputnik. Беларусь гатова падзяліцца ўласнымі кампетэнцыямі ў сельскай гаспадарцы і пабудаваць фермы ў Пермскім краі, заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Дзмітрыем Махоніным у чацвер у Мінску, перадае карэспандэнт Sputnik.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Перм застаецца адным з важнейшых эканамічных партнёраў Беларусі. Гэта пацвярджаюць лічбы: тавараабарот паміж рэспублікай і расійскім рэгіёнам утрымліваецца на ўзроўні каля $0,5 млрд. Тым не менш, паводле слоў беларускага лідара, пакуль не ўсё ідзе гладка: пастаўкі з Пермі ў Беларусь знізіліся – у першую чаргу з-за змяншэння паставак сырой нафты і газавага кандэнсату.
"З прычыны зніжэння тавараабароту, а ён у нас усё ж крыху прыпаў, нам неабходна дадатковыя меры прымаць, каб аднавіць гэты тавараабарот. Мы павінны не проста прадэманстраваць, што мы абыдземся без тых, хто не хоча з намі працаваць, але мы павінны прадэманстраваць, што мы яшчэ можам нямала. Мы да вашых паслуг і па пастаўках, і па кааперацыі", - звярнуў увагу Лукашэнка.

Бог загадаў нам супрацоўнічаць

Паводле яго слоў, у Расіі няма такіх рэгіёнаў, на якія нельга было б абаперціся, а Пермскі край – багаты і перспектыўны.
"Вы гаворыце, што ваш край – апора Расіі, я з гэтым абсалютна згодны. І калі вы гаворыце, што гэта апора Расіі, то Бог загадаў нам супрацоўнічаць", - сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што Беларусь у першую чаргу аграрная краіна, тут захаваны лепшыя кампетэнцыі ў гэтай галіне, якімі рэспубліка гатова падзяліцца з пермскімі партнёрамі.
"Мы захавалі сваю сельскую гаспадарку не таму, што я працаваў у сельскай гаспадарцы – я шмат дзе працаваў. Пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, што пасля распаду Савецкага Саюза, вы гэта ўжо памятаеце, людзі галадалі, есці не было чаго. Калі людзі не накормленыя, няма чаго размаўляць аб суверэнітэце, аб незалежнасці і ўвогуле аб існаванні", – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт сказаў, што айчынныя спецыялісты могуць рэалізаваць праекты па ўзвядзенні малочнатаварных комплексаў, птушкафабрык і іншых сельгасаб’ектаў у Пермскім краі, калі будзе ў гэтым патрэбнасць.
"Я заўсёды прыводжу прыклад: калі мы па просьбе Кажамякі (губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка - Sputnik) нешта зрабілі і ў Амурскай вобласці, то працаваць у Пермскім краі і Бог загадаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Будаваць "пад ключ"

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што беларускія будаўнікі гатовы ўзводзіць аб’екты "пад ключ" у сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы і прамысловасці.
"Гатовы тут падключыцца. Тым больш, што пасля гэтых санкцый уведзеных нам трэба грунтавацца на сваім, займацца імпартазамяшчэннем ва ўсіх сферах. Давайце разам будзем гэта пераадольваць, нібы нейкія бар’еры. Па крайняй меры з прэзідэнтам Расіі ў нас ніякіх рознагалоссяў у гэтых адносінах няма", - сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што ў цяперашніх рэаліях як ніколі актуальна тэма імпартазамяшчэння. Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць паспяховы вопыт па гэтай тэме з шэрагам расійскіх рэгіёнаў. Сумесную работу па імпартазамяшчэнні, а менавіта пастаўках будматэрыялаў ужо наладзілі міністэрствы будаўніцтва Беларусі і Пермскага краю.

Падобныя эканомікі

Губернатар Пермскага краю Дзмітрый Махонін у сваю чаргу заявіў аб тым, што бакам у цяперашніх эканамічных умовах трэба развіваць прамысловую кааперацыю – як у машынабудаванні, так і іншых галінах. Акрамя таго, ён адзначыў, што ў рэгіёне ёсць сур’ёзная патрэбнасць у замене ліфтавага абсталявання.
"У нас ёсць патрэбнасць па замене 1 700 ліфтаў. Мы павялічваем тэмпы жыллёвага будаўніцтва трэці год запар і ў бліжэйшы час будзем выходзіць на лічбы каля 1,5 млн квадратных метраў, – а гэта ў сваю чаргу дадатковыя аб’ёмы па ліфтах", - адзначыў губернатар.
Паводле слоў губернатара, у час візіту ў Беларусь дэлегацыя Пермскага края плануе наведаць шэраг прадпрыемстваў прамысловага профілю – МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", "Магілёўліфтмаш", "Амкадор" – і дамовіцца аб супрацоўніцтве.
Ужо пасля сустрэчы з беларускім лідарам Дзмітрый Махонін расказаў журналістам, што эканомікі Беларусі і Пермскага краю вельмі падобныя паміж сабой: 20% сусветнага калію вырабляецца ў Беларусі і столькі ж – у Пермскім краі. Тое ж самае тычыцца і перапрацоўкі нафтавай сыравіны.
"У нас цесная кааперацыя ў абаронна-прамысловым сектары, паміж універсітэтамі, у навуцы і гэтак далей", - сказаў на заканчэнне ён.

Нафта і белы шакалад

На дадзены момант аснову беларускага экспарту ў Пермскі край складаюць грузавыя аўтамабілі, антыдэтанатары, антыаксіданты, інгібітары, тэхнічныя вырабы, ялавічына і іншыя тавары.
Што да імпарту, з Прыкам’я ў Беларусь увозяць нафту (уключаючы газавы кандэнсат), нафтапрадукты, смолы, хлеб і мучныя кандытарскія вырабы, белы шакалад, паперу, кардон, мыйныя і чысцячыя сродкі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Курская вобласць будзе пастаўляць сыравіну на БНБК – губернатар
Беларусь і Ленінградская вобласць разлічваюць павялічыць тавараабарот на 30%
Беларусь і Ніжні Ноўгарад павялічылі на 50% тавараабарот у 2021 годзе
Хабараўскі край з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам Беларусі – Галоўчанка
Варонежская вобласць разлічвае на узаемныя з Беларуссю інвестыцыі