Навукоўцы не першы год спрабуюць разгадаць таямніцу гарадзішча, якое размешчана непадалёку ад беларускай сталіцы. Некалькі гадоў запар раскопкамі на месцы археалагічнага помніка кіруе кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч.
У гэтым годзе пры дапамозе валанцёраў загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі ўжо паспеў правесці раскопкі на гарадскім вале і гандлёвым пасадзе.
Раскопкі на месцы селішча старажытнага Менска
© Sputnik / Виктор Толочко
Цяпер раскопкі пачаліся ў двары прыватнага дома. Высветлілася, што ўчастак змяніў гаспадара і там пачаліся земляныя працы. Тэрыторыя вакол гарадзішча старажытнага Менска з’яўляецца помнікам гісторыі, таму патрабуецца археалагічны нагляд пры правядзенні работ. Якія "падарункі" навукоўцам прынеслі даследаванні высветліў карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік.
Княжацкі знак
"Мы пачалі аварыйныя выратавальныя раскопкі і вядзём іх ужо трэці дзень. Знайшлі месца размяшчэння сядзібы, якая складалася з дзвюх частак. Гэта было двухкамернае зрубавае жыллё з ацяплянай часткі і каморкі", - расказаў Андрэй Вайцяховіч.
Кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яго слоў, літаральна ўчора была зроблена вельмі значная знаходка. "Было знойдзена донца чыгуна з княжацкім знакам. Гэта трызубец з крыжом уверсе. Гэта знак Ізяслава Уладзіміравіча – сына Уладзіміра і Рагнеды", - расказаў Вайцяховіч.
Раскопкі на месцы селішча старажытнага Менска
© Sputnik / Виктор Толочко
Беларускі археолаг упэўнены, што гэта першы артэфакт, знойдзены на тэрыторыі нашай краіны, з геральдычным знакам князя Ізяслава.
Выява геральдычнага знака князя Ізяслава
© Sputnik / Виктор Толочко
"Такі знак размяшчаўся на пячатцы Ізяслава, якая была знойдзена ў Вялікім Ноўгарадзе. Гэта асабісты знак князя. Пытанне, чаму ён быў пастаўлены на дно чыгуна", - адзначыў археолаг.
А як жа Заслаўе?
Андрэй Вайцяховіч нагадаў, што на тэрыторыі горада Заслаўя, які атрымаў сваю назву ў гонар князя-заснавальніка ўвогуле не было знойдзена ніводнага матэрыяльнага сведчання прысутнасці князя.
"У прынцыпе мы можам меркаваць, што, калі здарыўся канфлікт паміж кіеўскім князем Уладзімірам Святаслававічам і полацкай князёўнай Рагнедай, князя Ізяслава маглі спачатку сюды выслаць", - выказаў меркаванне кандыдат гістарычных навук.
Пры гэтым ён нагадаў, што ўжо ў гэты час тут быў буйны горад, а на месцы Заслаўя была невялікая калонія крывічоў. Статуснага там нічога не было.
У пацвярджэнне сваёй здагадкі археолаг яшчэ раз нагадаў, што ў Заслаўі не было знойдзена ніводнай рэчы, якая магла належаць князю, а на тэрыторыі гарадзішча старажытнага Мінска статусных рэчаў было знойдзена шмат.
У папярэднія гады тут знаходзілі цэлыя серыі рэчаў, дзе былі намаляваны спрошчаныя трызубцы. Пасля знаходкі княжацкага трызубца не застаецца ніякіх сумненняў у тым, што гэта ўсё перайманні.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
У Бабруйску знайшлі меч эпохі высокага Сярэднявечча
Археолагі ўпершыню знайшлі цэлую бронзавую шпільку жалезнага веку ў Беларусі
Спрэчны шлем і радзіма славян: археолагі распавялі пра галоўныя адкрыцці года