МІНСК, 12 жні – Sputnik. Беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца гэтага года наладзіць у краіне вытворчасць упакоўкі для прадуктаў харчавання.
Такое даручэнне ён агучыў падчас наведвання Мінскага малочнага завода №1.
"Каб гэты ўпаковачны матэрыял быў зроблены ў Беларусі. Каб да канца года матэрыял быў", - заявіў прэзідэнт, яго словы прыводзіць прэс-служба.
Ён таксама падкрэсліў, што хімічная прамысловасць у краіне вельмі развітая, а "мы не можам цырату гэтую вырабіць".
Справа ў тым, што ўпакоўку для некаторых відаў прадукцыі, напрыклад, для малака, айчынныя прадпрыемствы набывалі ў замежных вытворцаў. З-за санкцый і пэўных абмежаванняў з гэтым узніклі некаторыя цяжкасці, што адбілася і на асартыменце, і на аб’ёмах прадукцыі, якая пастаўляецца на ўнутраны рынак.
Адказваць за выпуск упакоўкі будзе міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, а кантраляваць – намеснік кіраўніка ўрада Леанід Заяц.
Акрамя таго, Прэзідэнт даручыў арганізаваць вытворчасць неабходных запчастак для імпартнага абсталявання.
"Тое ж самае: або няхай на каленях точаць тое, што трэба (шасцярэнькі, балты, гайкі), або шукаюць іншыя варыянты. Але лепш, вядома, вырабляць у сябе", - дадаў ён.
Упакоўка і запасныя часткі да імпартнага абсталявання – гэта дзве пазіцыі, якія Лукашэнка запатрабаваў прапрацаваць да канца гэтага года.
Малака шмат, а ўпакоўкі няма
Раней намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка заявіў, што малака на ўнутраным рынку дастаткова, а вось з-за санкцый ёсць праблемы з упакоўкай. З-за гэтага нават прыйшлося звузіць асартымент малочнай прадукцыі, растлумачыў ён.
Шагойка праінфармаваў, што пытанне з тэтрапакам ужо вырашаецца – беларускія вытворцы шукаюць іншыя рынкі пастаўкі гэтай упакоўкі, прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітая і іншых дружалюбных краін.
Паводле інфармацыі намесніка міністра, ужо завезены пробныя партыі для замены гэтй упакоўкі, каб "вярнуць звыклы людзям асартымент прадукцыі, які быў да санкцый". А пакуль айчынныя вытворцы актыўна перайшлі на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы і ў плёнцы.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Чаму скараціўся малочны асартымент, расказалі ў Мінсельгасхарчы
Накормім і людзей, і жывёл: Лукашэнка пра шансы Беларусі на фоне харчкрызісу
Лукашэнка: калі людзі не накормленыя, няма чаго казаць пра незалежнасць