Сектар для лоўлі ў кожнай зоне, а іх было дзве, вызначаўся жараб'ёўкай. Пасля кожнага этапа рыбаловы мяняліся месцамі.
Па ўмовах турніру, непасрэдна на лоўлю адводзілася 7 гадзін – дастаткова, каб падчас рыбалкі падзяліцца вопытам і трафеі абмеркаваць.
"Самы вялікі мой улоў – сом вагой 30 кілаграм і шчупак 12,6. Гэта трафейныя рыбы, вельмі рэдка ловяць шчупакоў больш за 14 кілаграм", – закідваючы вуду, успамінае Канстанцін Цыганок, чый вопыт у рыбнай лоўлі 49 гадоў.
Мужчына кажа, што пачаў рыбачыць яшчэ ў раннім дзяцінстве з бацькам. Тады рыбы было больш, а рэкі значна чысцейшыя.
Рыбнымі месцамі ён ахвотна дзеліцца. Добра бярэцца рыба на Гомельшчыне ніжэй па Сожы: Шарпілаўка, Карпаўка. Сапраўдных рачных монстраў ловяць у Лоеўскім раёне на Дняпры, але там пагранічная зона і рыбачыць могуць толькі мясцовыя.
У чэмпіёна Беларусі па рыбнай лоўлі Сяргея Палешчука больш сціплыя трафеі – шчупак 6,5 кілаграм і трохкілаграмовыя ляшчы. Затое ў мужчыны вопыт міжнародных спаборніцтваў, у складзе зборнай рэспублікі ён ездзіў у Бельгію.
"За мяжой таксама лавілі на фідэры ў прэснаводным канале. Удзельнікаў было каля 200 з Амерыкі, Англіі і краін Еўропы, – успамінае рыбак.
Мужчына кажа, што рыба там такая ж, як у нас: плотка, судак, акунь, а вось тактыка ў кожнага свая.
– Мусіць, у заакіянскіх рыбакоў снасці і прыкорм лепей, імпарт, як ніяк? - цікавімся ў чэмпіёна.
– У рыбалцы снасці важны, але не вырашальны фактар, - тлумачыць Паляшчук і дадае, што чэмпіянат Беларусі яны выйгралі, выкарыстоўваючы выключна айчынны прыкорм, і рэзюміруе, што беларускае не горш французскага.
Адзіная дзяўчына на спаборніцтвах, Марта, якраз ловіць на беларускага матыля. Да якасці прыкорму прэтэнзій няма, а да рыбы ёсць.
"Клюе сёння слабавата, можа з-за пахмурнага надвор’я", - наракае Марта. У надзеі прыцягнуць поспех дзяўчына эксперыментуе з памерамі кручкоў, змяняе жыўца і тэмп лоўлі.
На намаганні адклікаецца толькі маленькая рыбка, але гэта лепш, чым нічога, кажа дзяўчына. Па выніку ўсё роўна ўлічваецца агульная вага, а не асобнага экзэмпляра.
Не абышлося і без рыбацкіх баек. Усе дружна ўспаміналі, як у Гомелі рыбакі злавілі буйную піранню памерам з добрага ляшча. Паўднёваамерыканскі буры паку, самая буйная з піранняў, паляваў на Валатоўскіх азёрах – месцы адпачынку тысяч гамяльчан. Ніхто, на шчасце, не пацярпеў, а спецыялісты выказалі здагадку, што ў возера яе выпусціў гаспадар акварыума.
У Беларусі гэта быў не адзіны выпадак лоўлі экзатычнай рыбы. Піранні трапляліся на кручок рыбакам у вадаёмах Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.
Адкрыты турнір па фідэрнай лоўлі арганізаваў "Гомельскі рыбалоўны клуб".
Менавіта тут рыхтуюць чэмпіёнаў да рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.
"Максімальна па Гомелі неяк было 60 удзельнікаў. Тады да нас яшчэ прыязджалі рыбакі з Украіны і Расіі. Мы з імі такіх ляшчоў "плюшчылі", – успамінае старшыня клуба Андрэй Гардзіенка. Па словах мужчыны, у той час рыба нераставала добра і ўздым вады быў добры, не тое што гэтым летам.
"Цяпер Сож так змялеў, што на сярэдзіне ракі лодкі становяцца, рыбакі выходзяць, а ім вады па калена", – кажа Гардзіенка.
Адметная асаблівасць спартыўнай рыбнай лоўлі – гуманнасць. Што злавілі, тое выпусцілі.
Часта рыбакоў просяць прадаць рыбу гледачы, але тыя не парушаюць традыцыю. Кілаграм за кілаграмам рыбу вяртаюць у раку.
Са сваім уловам больш за 18 кілаграмаў развіталася і каманда-пераможца "За Трафеем" з Магілёва. Другое месца ў рыбакоў з Рэчыцы, трэцяе ў гамяльчан.