МІНСК, 22 вер – Sputnik. Беларусь і Расія дамовілася аб стварэнні міждзяржаўнага станкабудаўнічага кластара – з’явіцца ён у "найбліжэйшы час", заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што дзякуючы правільнаму рашэнню захаваць і развіваць айчынную станкабудаўнічую сферу ў рэспубліцы, цяпер беларускія металаапрацоўчыя станкі карыстаюцца вялікім попытам. І стаіць задача развівацца ў гэтым напрамку.
Сучаснай апрацоўчай прамысловасці без добрага станочнага парка не будзе, і, разумеючы гэта, улады дзвюх дзяржаў вырашылі аб’яднаць намаганні для стварэння новых станкабудаўнічых прадпрыемстваў.
"Цяпер стаіць задача хутка асвоіць вытворчасць станкоў новага тыпу, апрацоўваючых цэнтраў новага тыпу. І тут аднаму вытворцу і распрацоўшчыку будзе вельмі складана. Таму мы размаўлялі з нашымі расійскімі калегамі аб неабходнасці фарміравання ў бліжэйшы час міждзяржаўнага станкабудаўнічага кластара з некаторымі мерамі дзяржаўнай падтрымкі. Таму што гэтая сфера павінна рвануць вельмі хутка", - заявіў Раман Галоўчанка.
Беларускі прэм’ер у аўторак і сераду наведаў з рабочай паездкай Уфу, у гэты час там праходзіў маштабны кангрэс "Транспорт и строительство", дзе прадстаўнікі бізнесу, фінансавага сектара, прамыслоўцы Расіі і дружалюбных краін абмяркоўвалі ўмовы для прыцягнення інвестыцый і супрацьдзеянне санкцыям Захаду.
Напярэдадні адбылася сустрэча Галоўчанкі з кіраўніком Башкартастана Радыем Хабіравым, падчас якой беларускаму прэм’еру быў уручаны Ордэн Дружбы – гэтую ўзнагароду ўручаюць як расіянам, так і замежным грамадзянам за ўмацаванне міру, дружбы, супрацоўніцтва, а таксама за папулярызацыю культурнай і гістарычнай спадчыны Расіі.
Пасля насычанай праграмы ва Уфе кіраўнік беларускага саўміна працягнуў працоўную паездку візітам у Казань.
Дагаворы
За час знаходжання беларускай дэлегацыі быў падпісаны шэраг дакумэнтаў. У прыватнасці, кантракт на пастаўку шын вытворчасці ААТ "Белшына" на суму паўтара мільярда расійскіх рублёў.
Заключана пагадненне аб намерах паміж ДП "Беларуснафта-Нафтахімпраект" і Міністэрствам гандлю і паслуг Башкартастана па праектаванні сеткі аўтазаправачных станцый на тэрыторыі расійскай рэспублікі.
МТЗ і Мінсельгас Башкартастана падпісалі пагадненне аб арганізацыі паставак у 2023 годзе трактарнай тэхнікі "Беларус" для патрэб сельскай гаспадаркі расійскага рэгіёна. А ААТ "МАЗ"-УКГ "БЕЛАЎТАМАЗ" і ТАА "УРАЛМАШ" заключылі кантракт на пастаўку 50 машын МАЗ, на суму 250 млн расійскіх рублёў.
Таксама былі дасягнуты пагадненні ў іншых сферах.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
"Амкадор" пабудуе завод па выпуску зернекомплексаў ва Уфе
Галоўчанка адкрыў дылерскі цэнтр "МАЗ" ва Уфе – відэа
Беларусь прэзентуе перадавую тэхніку ва Уфе: за што яе любяць у РФ?