Такога яшчэ не было: продаж новых аўто ў Беларусі ўпаў у 10 разоў

Большасць дылерскіх цэнтраў, куды раней вялізнымі партыямі адгружаўся "тавар", зараз знаходзіцца на прастоі. Галоўная прычына – закрытыя з-за санкцый заводы ў Расіі.
Sputnik
МІНСК, 8 кас – Sputnik. Продаж новых легкавушак у верасні ўпаў у 10 разоў у параўнанні з вераснем 2021-га, даныя прыводзіць Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
Айчынны аўтамабільны рынак адчувае небывалы крызіс. З-за заходніх санкцый закрыты заводы ў Расіі, а раней адгружаныя ў Беларусь партыі ўжо вось-вось будуць рэалізаваны. Дылеры адзначаюць, што новых паставак не было з сакавіка і ў гэтым годзе ўжо наўрад ці будуць.
Такім чынам, у верасні аўтасалоны прадалі толькі 374 новых аўтамабілі – гэта на 90,4% менш, чым у леташнім верасні. Для параўнання: у жніўні было прададзена 542 легкавушкі, у ліпені – 837, у чэрвені – 1 137. Усяго з пачатку года ў Беларусі дылерам удалося рэалізаваць больш за 12 тысяч новенькіх аўто.

У лідарах – LADA і Geely

У Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі адзначаюць, што дэфіцыт легкавых машын на рынку адчуваўся і ў 2021 годзе, аднак тады дылеры любой масавай маркі ў краіне (Volkswagen, Kia, Geely) маглі ў адзіночку прадаць да 400 аўто ў месяц.
У асацыяцыі таксама падкрэсліваюць, што львіная доля цяперашніх прададзеных новых (або з невялікім прабегам) аўто – гэта пастаўкі па паралельным імпарце. Гэтыя машыны закупляюцца не ў афіцыйнага імпарцёра, а ў іншых краінах, і прывозяцца ў Беларусь па новых лагістычных маршрутах і з іншым цэнаўтварэннем.
Што тычыцца марак аўто, тэндэнцыя апошніх месяцаў не змянілася – беларусы па-ранейшаму больш за іншыя аддаюць перавагу расійскай LADA (за 9 месяцаў прададзена больш за 3,5 тысячы штук) і Geely айчыннай зборкі (толькі ў верасні рэалізавана 115 аўто гэтага брэнда).
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Як беларусы будуць атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне, расказалі ў ДАІ
На МАЗе пачалі вырабляць машыны хуткай дапамогі
Парушэнняў больш, чым машын: Мінтранс праверыў работу таксі