МІНСК, 12 кас – Sputnik. Адрамантаваць "Паўночныя патокі" магчыма, але гэта будзе мець сэнс толькі ў выпадку іх далейшай эксплуатацыі і бяспекі. Аб гэтым заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
"Няма сумнення, гэта акт міжнароднага тэрарызму, мэта якога – падарваць энергетычную бяспеку цэлага кантынента", - сказаў Пуцін на форуме "Российская энергетическая неделя", закранаючы тэму аб надзвычайным здарэнні на газаправодах "Паўночны паток".
Паводле яго слоў, асобныя ўдзельнікі энергарынку, кіруючыся толькі сваімі геапалітычнымі амбіцыямі, вядуць падрыўную дзейнасць і знішчаюць інфраструктуру канкурэнтаў. "Звяртаюцца і да адкрытай дыскрымінацыі на рынку, а калі не атрымліваецца, проста знішчаюць інфраструктуру канкурэнтаў", - сказаў прэзідэнт, удакладніўшы, што мае на ўвазе дыверсію на "Паўночных патоках".
Пры гэтым ён падкрэсліў, што газаправоды пазбаўлены палітычнай падаплёкі. Па словах Пуціна, "Паўночныя патокі" – гэта чыста камерцыйны праект, лёс якога павінны вырашаць Расія сумесна з яе партнёрамі.
Чарговы раз расійскі лідар заўважыў, што РФ гатова пастаўляць і пастаўляе ў поўным аб’ёме газ у рамках кантрактаў.
Аднак арганізатары, якія стаяць за атакай на "Паўночныя патокі", пазбаўляюць спажыўцоў танных энергарэсурсаў і "прымушаюць купляць усё гэта па значна больш высокіх цэнах". Як адзначыў Пуцін, мэта гэтых нападзенняў – знішчэнне палітычнай суб’ектнасці Еўропы.
Адрамантаваць "Паўночныя патокі", як заявіў Пуцін, магчыма. Праўда, паводле яго слоў, у гэтым павінен быць сэнс – іх далейшая эксплуатацыя і гарантаванне бяспекі. Прэзідэнт РФ назваў гэта першараднымі ўмовамі.
Пры гэтым Расія гатова да паставак энергарэсурсаў у Еўропу, у тым ліку гэтай восенню і зімой.
"Яе (уцалелай ніткі "Паўночнага патоку") магутнасць – 27,5 мільярда кубічных метраў за год, гэта каля 8% усяго імпарту газу ў Еўропу. Расія да пачатку гэтых паставак гатова. Мяч, як кажуць, на баку Еўрасаюза. Хочуць – няхай проста адкрыюць кран, і ўсё. Мы нікога ні ў чым не абмяжоўваем, у тым ліку гатовы пастаўляць у асенне-зімовы перыяд дадатковыя аб’ёмы", - сказаў ён.
Ён таксама адзначыў, што РФ усё роўна размесціць свой газ на сусветных рынках – для гэтага ёсць "Сила Сибири", "Турецкий поток" і "Голубой поток".
Інцыдэнт на "Паўночным патоку"
Нагадаем, што 26 верасня адбылося надзвычайнае здарэнне адразу на двух расійскіх экспартных газаправодах у Еўропу.
Дзве ўцечкі газу былі выяўлены на "Паўночным патоку", і адна – каля вострава Борнхальм на "Паўночным патоку - 2", які быў запоўнены пасля будаўніцтва тэхнічным газам. Затым стала вядома, што берагавая ахова Швецыі знайшла яшчэ адну ўцечку.
Прычыны надзвычайнага здарэння пакуль невядомы, аднак улады шэрага краін выказалі меркаванне, што інцыдэнты маглі адбыцца з-за дыверсіі.
У Маскве заявілі, што для ацэнкі таго, што адбылося з ніткамі "Паўночнага патоку", трэба правесці расследаванне, паколькі ёсць шмат пытанняў. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў мяркуе, што існуючая сітуацыя вельмі небяспечная, таму патрабуе неадкладнага разбору.
Раней прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што інцыдэнт з "Паўночнымі патокамі" адбыўся на тэрыторыі, якая падкантрольная амерыканскай разведцы.
Дырэктар Службы знешняй разведкі РФ Сяргей Нарышкін пазней заявіў, што ў гісторыі з выбухамі на "Паўночных патоках" ёсць ускосныя даныя, якія ўказваюць на дачыненне Захаду да інцыдэнту.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Швецыя не плануе дапускаць Расію да расследавання здарэння на "Паўночным патоку"
Уцечка на нафтаправодзе "Дружба" выяўлена ў Польшчы – аператар
Ці варта рамантаваць "Паўночныя патокі" пасля выбухаў – меркаванне эксперта
Nord Stream AG не можа абследаваць "Паўночны паток" – няма дазволаў