МІНСК, 24 кас – Sputnik. У бліжэйшы час у краіне пачнецца грамадскае абмеркаванне законапраекта аб Усебеларускім народным сходзе (УНС), паведаміла старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая ў эфіры тэлеканала СТБ.
Паводле яе слоў, праект дакумента ўжо падрыхтаваны. Цяпер, каб "сабраць тую інфармацыю, якую, магчыма, неабходна будзе ўлічыць у нормах, дапоўніць або адкарэкціраваць", у пачатку гэтага тыдня тэкст законапраекта будзе цалкам размешчаны на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
Гэта робіцца згодна з беларускім заканадаўствам.
Такім чынам, усе ахвочыя змогуць выказаць сваё меркаванне і паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні. Выкласці прапановы і заўвагі можна будзе ў пісьмовым і электронным выглядзе, дадала дэпутат. Любецкая растлумачыла, што прапановы можна высылаць і на сайт Палаты прадстаўнікоў, каб "яны акумуліраваліся".
Нагадаем, раней кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што законапраект аб УНС "неабходна прыняць не пазней за сакавік 2023 года".
Вялікі вопыт
Любецкая падкрэсліла, што ў Беларусі вялікі вопыт грамадскага абмеркавання законапраектаў. Яна прывяла ў прыклад працу камісіі па ўнясенні змен у Канстытуцыю краіны.
Парламентарый звярнула ўвагу, што "з улікам гэтай стадыі грамадскага абмеркавання законапраект будзе дапрацаваны, каб з захаваннем усіх патрабаванняў закона ён быў унесены ў Палату прадстаўнікоў для разгляду ў першым чытанні".
Усебеларускі народны сход
У лютым 2022 года Усебеларускі народны сход (УНС) стаў вышэйшым прадстаўнічым органам і атрымаў статус канстытуцыйнага органа, а таксама дадатковыя паўнамоцтвы.
Так, УНС зможа зняць прэзідэнта з пасады, калі сістэматычна ці груба парушаецца Канстытуцыя, або пры дзяржздрадзе ці іншым цяжкім злачынстве.
У склад УНС можа ўваходзіць да 1,2 тысяч чалавек, у тым ліку дзеючы і былы прэзідэнты, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад, грамадзянскай супольнасці, а таксама мясцовыя дэпутаты.
Хто будзе ўзначальваць УНС?
У праекце законапраекта аб УНС прапісана, як будуць абірацца дэлегаты.
Так, згодна з законапраектам, мяркуецца, што ўзначальваць Усебеларускі народны сход будзе яго старшыня. У яго будуць намеснікі, каб прымаць тыя рашэнні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю менавіта прэзідыума паміж пасяджэннямі.
Галасаванне па выбары старшыні УНС і яго намеснікаў, а таксама членаў прэзідыўма, будзе праходзіць тайна.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Выбары ў 2024 годзе не будуць лёгкімі – Лукашэнка
З 15 сакавіка ў Беларусі набыла моц абноўленая Канстытуцыя
Прэзідэнт Беларусі расказаў, што такое новая Канстытуцыя для краіны