Усё часцей гучыць замежная гаворка – рэпартаж з беларуска-ўкраінскай мяжы

Калючы дрот, надолбы, заваленыя дарогі – гэта ўжо звыклы пейзаж для беларускіх пагранічнікаў, які яны назіраюць на тэрыторыі Украіны. У апошні час тут стала чуваць і замежная мова.
Sputnik
Беларускім пагранічнікам даводзіцца спыняць незаконныя спробы пранікнення незнаёмцаў са зброяй на тэрыторыю краіны з боку Украіны, знішчаць разведвальныя дроны.
Карэспандэнты Sputnik з’ездзілі на самы напружаны ўчастак беларуска-ўкраінскай мяжы працягласцю больш за 300 км, які ахоўвае Гомельская пагрангрупа, і паглядзелі, што там адбываецца.
Працягласць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1 084 кіламетры, больш за 300 з іх ахоўвае Гомельская пагрангрупа
Вёска Глыбоцкае, куды мы прыбылі, размясцілася за кіламетр ад мяжы з Украінай. З населенага пункта бачна ўкраінская тэрыторыя і заваленыя дрэвамі дарогі. Жыхары вёскі да такога антуражу ўжо прывыклі і не зважаюць. Яны працягваюць спакойна займацца сваімі справамі: абмяркоўваць апошнія навіны каля пошты, прыбіраць снег ля сваіх двароў, ездзіць на працу.
Пра няпростую сітуацыю кажуць і мяшкі з пяском каля заставы – агнявыя кропкі для пагранічнікаў на выпадак, калі раптам адбудзецца абвастрэнне.
Пункт спрошчанага пропуску "Паддабранка" на беларуска-ўкраінскай мяжы
Афіцыйны прадстаўнік Гомельскай пагрангрупы Андрэй Бычанка адзначыў, што зараз мяжа ахоўваецца ва ўзмоцненым рэжыме. Актыўна дапамагаюць ахоўваць мяжу міліцыянеры і вайскоўцы. На жаль, не абыходзіцца і без правакацый з боку Украіны.
Афіцыйны прадстаўнік Гомельскай пагрангрупы Андрэй Бычанка
"Украінскія сілавікі ў пэўнай ступені спрабуюць уздзейнічаць на пагранічнікаў, прамацаць нашу ахову мяжы, але мы ўпэўнены ў сваіх сілах і спакойна выконваем пастаўленыя задачы", - расказаў ён.

Знішчаць на месцы

Паводле слоў Бычанкі, пакуль дыверсійна-разведвальных груп з сумежнага боку на ўчастку пагрангрупы зафіксавана не было, хаця такія паведамленні ў апошні час з’яўляюцца ў розных Telegram-каналах. Аднак адказ на ўсе правакацыі падрыхтаваны.
"Калі хто-небудзь прыйдзе на нашу тэрыторыю са зброяй або адкрые агонь у бок пагранічнікаў, будзем дзейнічаць як загадвае статут – знішчаць на месцы", - перасцярог Бычанка.
Ён таксама паведаміў, што ўкраінскі бок вядзе разведку мясцовасці. Часам іх беспілотнікі парушаюць мяжу, і нашы пагранічнікі гэтыя спробы спыняюць.
Цяпер, як расказаў прадстаўнік пагрангрупы, нарады ўзмоцнены кулямётчыкам або снайперам, павялічаны боекамплект, выдадзены бронекамізэлькі.
"Сітуацыя, хоць і вельмі напружаная, поўнасцю намі кантралюемая. Хачу супакоіць грамадзян: спіце спакойна, мы выконваем свае задачы належным чынам. У выпадку якога-небудзь інцыдэнту мы будзем дзейнічаць рашуча і ў поўнай меры спынім любыя спробы па парушэнні дзяржмяжы", - супакоіў Бычанка.

Дружалюбнасць змянілася правакацыямі

Увесь участак заставы "Глыбоцкае" абсталяваны камерамі, выява выводзіцца проста на манітор дзяжурнага. Пры выяўленні чаго-небудзь падазронага высылаецца пагранічны нарад для праверкі.
Наогул, нарады ідуць на ахову мяжы бесперапынна: дзяжурны прымае і выдае экіпіроўку і ўзбраенне кругласутачна. Службу нясуць, у тым ліку і салдаты тэрміновай службы, падчас узмацнення ім даводзіцца праводзіць у нарадах больш часу, чым звычайна.
Салдата тэрміновай службы Дзмітрыя Хлапкова прызвалі з Магілёўскай вобласці ў лістападзе мінулага года.
"Рад, што трапіў на заставу, наша работа цяпер актуальная як ніколі, у такіх умовах разумееш, што ахова мяжы – адна з важнейшых задач", - расказаў ён.
Дзмітрый прызнаўся, што служба пасля пачатку расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі моцна змянілася, як і паводзіны ўкраінскіх "пагранічнікаў".
Салдат тэрміновай службы Дзмітрый Хлапкоў
"Калі раней пры сустрэчы яны аддавалі воінскае прывітанне, былі ўважлівыя, то пасля 24 лютага ад іх зыходзяць адны правакацыі", - сказаў баец.
Ён адзначыў, што за гэты час неаднаразова чулися стрэлы з боку Украіны. Спачатку такая абстаноўка выклікала ў яго неспакой, але з часам удалося ўзяць эмоцыі пад кантроль.
"З часам да ўсяго прывыкаеш, першапачаткова было вельмі неспакойна, цяпер гэтае пачуццё сышло, дапамагла падтрымка родных і калектыву", - дадаў Хлапкоў.
Экіпіроўка пагранічнікаў таксама змянілася. "Зялёныя фуражкі" сталі несці службу ў бронекамізэльках, а гэта плюс 12-15 кілаграмаў да вагі. Дзмітрый падзяліўся, што адразу было нязвыкла, а цяпер прызвычаіўся.
"Цяпер без брані нязвыкла, да таго ж больш бадзёра ідзецца і цяплей, адчуваеш, што лісты металу прыкрываюць цябе, становіцца больш спакойна, упэўнена", - усміхаючыся, расказаў ён.

Стрэлы каля беларускай мяжы

На ўчастку заставы знаходзіцца і пункт спрошчанага пропуску "Паддабранка", дзе ўкраінскія вайскоўцы пастаянна правакуюць беларускіх пагранічнікаў.
У часы СССР Дабранка была адной вялікай вёскай, а пасля развалу Саюза, населены пункт падзяліўся на дзве краіны. У Беларусі ён пачаў называцца Паддабранка, а ва Украіне засталася ранейшая назва. Каб былыя аднавяскоўцы маглі хадзіць адзін да аднаго ў госці, і быў пабудаваны пункт спрошчанага пропуску.
Пункт спрошчанага пропуску "Паддабранка" на беларуска-ўкраінскай мяжы
З беларускага боку пункт цяпер умацавалі агнявымі кропкамі і мяшкамі з пяском. Украінцы на сваёй тэрыторыі выкапалі глыбокі роў і ўсталявалі спецыяльныя надолбы, каб да мяжы нельга было пад’ехаць.
З беларускага боку пункт пропуску працуе, аднак украінцы са сваёй тэрыторыі нікога не выпускаюць. Паводзяць яны сябе абуральна, расказвае старшы лейтэнант аддзялення пагранкантролю Уладзіслаў Праневіч.
Старшы лейтэнант аддзялення пагранкантролю Уладзіслаў Праневіч
"Украінскія вайскоўцы фатаграфуюцца на фоне нашага пункта пропуску, накіроўваюць зброю ў наш бок", - падзяліўся ён.
У апошні час сярод тых, хто фатаграфуецца на фоне беларускага пункта пропуску – замежнікі.

"Бываюць сітуацыі, калі людзі прыходзяць у неўстаноўленай форме да ўкраінскага пункта пропуску са зброяй. Экіпіроўка ў іх падагнаная, адразу бачна, што яны, верагодна, з ліку наёмнікаў, да таго ж чуецца замежная гаворка", - працягвае аповед старшы лейтэнант.

Пункт спрошчанага пропуску "Паддабранка" на беларуска-ўкраінскай мяжы
Паводле яго слоў, на тэрыторыі Украіны часта чуваць стральбу са зброі, у тым ліку з гранатамётаў. Часам даносяцца гукі гусенічнай тэхнікі.
Па словах Праневіча, шмат у чым у ахове мяжы дапамагаюць мясцовыя. Пра любыя няштатныя сітуацыі яны расказваюць пагранічнікам і падрабязна тлумачаць, дзе і што чулі.
Пагранічнікі разумеюць, што ў любы момант абстаноўка можа напаліцца. А пакуль што яны кожны дзень выходзяць ахоўваць мяжу ў любое надвор’е.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Гомельскія пагранічнікі паказалі перахват украінскага дрона
Сілавы блок у стане забяспечыць бяспеку беларусаў – Вальфовіч
Хрэнін ацаніў небяспеку войск НАТА на мяжы з Беларуссю
Беларусь абвінаваціла Украіну ў парушэнні паветранай прасторы
Кіеў узарваў амаль усе масты і замініраваў дарогі на мяжы з Беларуссю