МІНСК, 12 сне – Sputnik. Кошт аднаго квадратнага метра жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, сёлета ніжэйшы за сярэдні заробак па краіне, паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч.
Паводле яго слоў, у 2022 годзе каэфіцыент суадносін кошту квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай і сярэдняй заработнай платы ў цэлым па краіне складзе 0,8.
"Гэта сведчыць аб тым, што сярэдні заробак на 20% вышэй, чым адзін квадратны метр жылля", - растлумачыў кіраўнік профільнага ведамства ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Пархамовіч мяркуе, такія ж суадносіны захаваюцца і на будучы год.
Будаўніцтва і планы
Міністр нагадаў, што ў бягучым годзе, згодна з даведзенымі планамі, неабходна пабудаваць у краіне 4,2 мільёна квадратных метраў жылля, у тым ліку 1,2 мільёна квадратных метраў з дзяржаўнай падтрымкай. Гэта паказчык, паводле яго слоў, выкананы ўжо больш як на 85%.
"Шэраг абласцей ужо выканалі даведзеныя паказчыкі па дзяржпадтрымцы. Брэсцкая вобласць ужо на 30% апярэдзіла даведзены план, Мінск – на 10%, Мінская вобласць таксама ўжо выканала заданне", - паведаміў Пархамовіч.
У наступным годзе трэба пабудаваць 4,3 мільёна квадратных метраў жылля, у тым ліку 1,3 мільёна квадратных метраў з дзяржпадтрымкай.
Больш аб’ёмы – больш магчымасцей
Па словах кіраўніка будаўнічага ведамства, у Беларусі ў разы будуць павялічаны аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля. У гэтым годзе будзе пабудавана каля 100 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Міністр лічыць, што гэта "нядрэнны вынік", але пры гэтым мяркуе, што "будаўнічая галіна можа значна больш". Больш за тое, патрэбнасць у большым аб'ёме арэнднага жылля ёсць.
"У наступным годзе мы кратна павялічым аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля, у тым ліку ў рамках даручэнняў, якія былі дадзены на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, па будаўніцтве такога жылля для ваеннаслужачых... Дакладна назваць лічбу я пакуль не гатоў, але думаю, што яна будзе прыкладна 750 тысяч квадратных метраў", - адзначыў міністр.
Пачым будматэрыялы?
Кіраўнік ведамства паведаміў, што цэны на будматэрыялы зніжаюцца апошнія чатыры месяцы.
"Гэта адбываецца таму, што мы крыху абмежавалі апетыты гандляроў і іх спекуляцыйныя настроі. Увялі абмежаванні па рэнтабельнасці і абмежаванні ў выглядзе верхняй мяжы па росце цаны ў гэтым годзе. Плануем пралангіраваць гэты дакумент і на будучы год", - сказаў Пархамовіч.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Лукашэнка даручыў зрабіць магчымым выкуп арэнднага жылля - але не для ўсіх
Жыллё ў Беларусі стане танней – улады паменшаць цану за "квадрат"
Сцягваць у Мінск насельніцтва з усёй Беларусі няправільна - Лукашэнка
Лукашэнка абмеркаваў з арабскім інвестарам будаўніцтва "Паўночнага берага"
Адзін з банкаў вярнуў крэдыты на набыццё жылля ў Беларусі