Нагадаем, долар, еўра і нават кітайскі юань на гэтам тыдні ізноў істотна падаражэлі. Пры гэтым расійская валюта патаннела да 3,8281 – чарговы пакет санкцый у дачыненні да РФ пакуль моцна цісне на курс.
Sputnik даведаўся ў эканаміста, што будзе з асноўнымі замежнымі валютамі ў Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве.
Сезонны попыт
Цяперашні рост асноўных замежных валют на біржы – долара і еўра – відавочна сезонны, лічыць эканамічны эксперт Вячаслаў Ярашэвіч.
"Ідзе падрыхтоўка да свят, людзі купляюць падарункі, у асноўным імпартныя, якія паступаюць у Беларусь у асноўным праз расійскія анлайн-гіпермаркеты. І зразумела, што імпарт – гэта валюта, адсюль і ўзмоцнены на яе попыт. Да таго ж, многія арганізацыі, імкнучыся завяршыць інвестыцыйныя праекты, закупляюць матэрыялы і абсталяванне, якое, зноў-такі, у асноўным імпартнае. Таму мне здаецца, што актывізацыя попыту на заходнюю валюту носіць выключна сезонны характар", - адзначае ён.
Рост валют працягнецца і ў 2023-м?
На гэтым тыдні долар і еўра зноў прыкметна даражэлі: амерыканская валюта дасягнула максімуму ўпершыню за амаль паўгода, еўрапейская – за 8 месяцаў. Пры гэтым расійскі рубель упаў да майскіх значэнняў. Многія беларусы зараз задаюцца пытаннем: ці працягнецца рост валют у пачатку наступнага года ці пойдзе на спад?
"Усякае можа быць. Мы зараз знаходзімся пад такім беспрэцэдэнтным націскам, што прагнозы немагчыма рабіць нават на заўтра. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі ўстойлівай будзе расійская эканоміка да гэтага націску. У сваю чаргу беларуская эканоміка будзе залежаць ад кан’юнктуры расійскай эканомікі, ад паводзін менавіта расійскага рубля на глабальных рынках", - растлумачыў аналітык.
Ён падкрэсліў, што зараз Беларусь вяртаецца да знешнеэканамічнай раскладкі 1990-х гадоў, калі асноўная доля не толькі экспарту, але і імпарту была завязана на Расію.
Еўра выпаў з валютнага кошыка – якая ў яго будучыня?
Раней паведамлялася, што Нацбанк Беларусі з 12 снежня выключыў еўра з нацыянальнага валютнага кошыка. Што гэта значыць для беларусаў і якія перспектывы чакаюць валюту краін еўразоны ў найбліжэйшай будучыні?
"Нічога страшнага з ім (еўра - Sputnik) не адбудзецца. Ён знік з нашага афіцыйнага валютнага кошыка, але не з фактычных эканамічных адносін. Беларусь знаходзіцца побач з Еўрасаюзам, у тым ліку побач з еўразонай, таму ніколі і нікуды еўра цалкам не знікне з нашага жыцця. У адрозненне ад беларускага рубля, еўра – глабальная валюта, попыт і прапанова на яго будуць заўсёды", - кажа Вячаслаў Ярашэвіч.
У чым захоўваць зберажэнні беларусам у 2023 годзе?
Яшчэ адно пытанне, якім часта задаюцца суграмадзяне, асабліва цяпер, у няпросты час. Адказ кароткі: у сваім уласным кошыку.
"У ім павінна прысутнічаць як мінімум некалькі валют. Найбольш ліквідную называць не трэба – яна і так залішне папулярная. Плануеце наведаць сваякоў у Расіі – тады можна запасіцца расійскім рублём, для адпачынку на міжземнаморскіх курортах не абысціся без еўра", - заўважае суразмоўца.
Паводле яго слоў, з пункту гледжання даходнасці лепш за ўсё для зберажэнняў падыходзіць беларускі рубель – працэнтныя стаўкі вышэйшыя і разнастайнасць фінансавых інструментаў больш шырокая. Ізноў-такі, усё залежыць ад тэрмінаў, але магчымасць нядрэнна зарабіць на нацыянальнай валюце ёсць нават у кароткатэрміновым перыядзе.
Што тычыцца "экзатычных" валют, укладвацца ў іх эксперт не раіць у прынцыпе. У нашай краіне яны пакуль неліквідныя, у тым ліку і кітайскі юань, які крыху менш за год таму пачаў гандлявацца на біржы.
"А тым больш калі мы гаворым аб "крыпце". Яе наогул нельга лічыць нейкай грашовай адзінкай, па сутнасці гэта спекулятыўны, высокарызыкоўны інструмент, не больш", - рэзюміруе Ярашэвіч.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Колькі будзе каштаваць долар у 2023 годзе – прагноз ЕАБР
Еўра прынялі з кошыка валют, што будзе з асабістымі зберажэннямі?
У чым захоўваць зберажэнні? Савет віцэ-прэзідэнта Міжнароднага банка