Калючая загарода Еўрасаюза

Беларусь працягне дабівацца зносу загароды ў Белавежскай пушчы – Мінпрыроды

Загароды на мяжы з Беларуссю краіны Еўрапейскага саюза сталі будаваць на фоне міграцыйнага крызісу канца 2021 – пачатку 2022 года.
Sputnik
МІНСК, 11 сту – Sputnik. Беларусь працягне працаваць на міжнародных пляцоўках і дабівацца асуджэння дзеянняў Польшчы, звязаных з будаўніцтвам плота на тэрыторыі Белавежскай пушчы, паведаміла журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі – начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Мінпрыроды Ларыса Лукіна.
"Мы працягнем працу на міжнародных пляцоўках, мы будзем дабівацца таго, каб дзеянні Польшчы былі асуджаны міжнароднай супольнасцю, і каб тая шкода, якая наносіцца плотам экалагічным сістэмам Белавежскай пушчы, была не проста мінімізавана, а каб гэты плот, які пабудаваны, быў знесены", - адзначыла эксперт.
Пры гэтым Лукіна падкрэслівае, што гэта "надзвычай цяжкадасягальная мэта".
"Але чаму б не рухацца ў гэты бок?" - дадала яна.

Лісты без адказу

Паводле інфармацыі Лукінай, з моманту пачатку будаўніцтва плота, Мінпрыроды Беларусі адправіла некалькі лістоў польскім калегам, але ўсе яны да гэтага часу засталіся без адказу.
"Мінпрыроды выступала на нарадах, семінарах, канферэнцыях у такіх вядучых міжнародных арганізацыях, як АБСЕ, ЮНЕСКА, Савет Еўропы і многіх іншых. Мы прыцягвалі ўвагу такой унікальнай міжнароднай няўрадавай арганізацыі, як Міжнародны саюз аховы прыроды, але пакуль што зваротнай сувязі мы таксама не атрымалі. Але мы спадзяемся, што ўсё ж эколагі, навукоўцы і эксперты звернуць увагу на нашу праблему", - адзначыла прадстаўнік ведамства.
Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, на сённяшні дзень ЮНЕСКА – адзіная міжнародная арганізацыя, якая працуе з Беларуссю над гэтай праблемай.

"Гэта, напэўна, адзіная міжнародная арганізацыя, якая "цярэбіць" Польшчу, просячы даць справаздачы, ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, карту загароды. Яны просяць растлумачыць, ці былі зроблены праходы для жывёл, і калі зроблены, то ў адпаведнасці з якімі стандартамі", - паведаміла яна.

Лукіна падкрэсліла, што праца Мінпрыроды Беларусі з ЮНЕСКА ідзе дастаткова актыўна, бо, паводле яе слоў, для гэтай арганізацыі Белавежская пушча з’яўляецца асабліва важнай тэрыторыяй.

Плот на мяжы

Загароду на мяжы з Беларуссю краіны ЕС пачалі будаваць на фоне міграцыйнага крызісу. Яны абвінавацілі беларускія ўлады, што тыя адкрылі мяжу для транзіту ў Еўропу мігрантаў з краін Блізкага Усходу.
Спачатку Літва і Польшча ўстанавілі часовую загароду з калючага дроту – "канцэрціны", а затым прыступілі да ўзвядзення доўгатэрміновых канструкцый з металу. Пазней да такіх жа работ прыступіла і Латвія.
Загарода прайшла праз Белавежскую пушчу, што выклікала абурэнне сярод эколагаў і зоаабаронцаў, якія заяўляюць, што плот парушае міграцыйныя працэсы жывёл у запаведным лесе.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Польшча аснасціла электронікай першы ўчастак агароджы на мяжы з Беларуссю
Беларусь і ААН створаць экспертную групу па Белавежскай пушчы
Па віне Польшчы могуць загінуць многія жывёлы і расліны ў Беларусі
ЮНЕСКА разгледзіць пытанне аб будаўніцтве Польшчай плота ў Белавежскай пушчы
Як выглядае плот Польшчы на мяжы з Беларуссю – фота