Наймацнейшы землятрус адбыўся ў Турцыі і Сірыі ў ноч на панядзелак. Толькі ў Турцыі гэтае стыхійнае бедства забрала жыцці амаль пяці тысячы людзей і колькасць ахвяр працягвае расці, больш за 20 тысяч атрымалі раненні. У выніку падземных штуршкоў абрынулася 5 775 будынкаў, пад іх заваламі да гэтага часу застаюцца людзі…
Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, беларусаў сярод пацярпелых ад землятрусу няма, але пазней стала вядома, што двое грамадзян Беларусі ў Турцыі не выходзяць на сувязь.
Ратуючыся ад бедства, людзі жывуць у не самых камфортных умовах, але вяртацца дадому многія пакуль што не гатовы
© Photo : Фото из личного архива Ольги
Мінчанка Вольга вось ужо 10 гадоў жыве ў турэцкім горадзе Мерсін (прыкладна 270 кіламетраў ад эпіцэнтра), ад землятрусу ні яна, ні яе сям’я моцна не пацярпелі, але сітуацыя да гэтага часу такая, што ў любы момант ім трэба быць гатовымі выбягаць з будынка. Як гэта было, беларуска расказала карэспандэнту Sputnik.
Папугай разбудзіў крыкам
Вольга расказала, што ёй ужо даводзілася перажываць землятрус у Турцыі, але ён не быў такім моцным і разбуральным.
"У мінулы раз, перад тым, як усё затрэслася, наш папугай стаў вельмі моцна крычаць. У ноч на панядзелак ён таксама разбудзіў нас дзікім крыкам. Я адразу адчула нядобрае, у галаве прамільгнула думка, што ён крычыць гэтак жа, як у той раз перад землятрусам", - распавяла суразмоўніца.
Вольга перажывала землятрусы і раней, але ніколі яны не былі такімі маштабнымі
© Photo : Фото из личного архива Ольги
Вольга падскочыла з ложка, і тут пачаўся землятрус: дом стала хістаць, як марское судна падчас шторму, на кухні на падлогу паляцеў посуд, паадчыняліся наглуха зачыненыя вокны. Дзяўчына разбудзіла мужа і пабегла ў пакой сыноў (у пары растуць двайняты, якім хутка споўніцца шэсць гадоў).
"Мне было страшна ад таго, што я не магу нармальна дабегчы да дзіцячага пакоя, мяне хістала з боку ў бок, кідала ад сценкі да сценкі. Мы нават сабрацца нармальна не паспелі, выбеглі на вуліцу ў піжамах і тапачках", - успамінае беларуска.
Побач з іх домам ёсць своеасаблівае поле, і для Вольгі з мужам яно падалося адным з бяспечных на той момант месцаў. Яны селі разам з дзецьмі ў машыну і паехалі туды.
"Мы правялі на полі некалькі гадзін, а потым панесліся да свекрыві, мы за яе вельмі турбаваліся і хацелі забраць з сабой", - расказала яна.
У такой бядзе цяжка застацца абыякавымі
Вольга з мужам развіваюць у Мерсіне свой бізнес – некалькі гадоў таму яны адкрылі ў горадзе невялікі рэстаран.
"Паколькі будынак рэстарана двухпавярховы, а пры яго будаўніцтве муж улічваў усе магчымыя рызыкі, ён умацаваны належным чынам і лічыцца адносна бяспечным, таму мы паехалі туды. Дарэчы, там нават посуд не пападаў, а афіцыянты падчас падземных штуршкоў перажывалі за шафку з віном", - з усмешкай распавядае Вольга, нават перажыўшы страшны землятрус, дзяўчына імкнецца бадзёрыцца і жартаваць.
Жыхары, якія баяліся вярнуцца ў свае дамы з-за пагрозы новага землятрусу, маглі свабодна зайсці ў рэстаран Вольгі і яе мужа
© Photo : Фото из личного архива Ольги
Дзверы рэстарана было вырашана адчыніць для ўсіх, хто мае патрэбу ў даху над галавой і не можа зараз вярнуцца дадому з-за рызыкі новага землятрусу.
"Мы бясплатна паілі людзей гарбатай і кармілі гарачым супам. Насамрэч гэта дробязь, але нехта і ў гэтым меў патрэбу, мы не маглі застацца абыякавымі да гэтай бяды, тым больш, што самі ж у ёй і апынуліся", - сказала субяседніца.
Начаваць вырашылі ў рэстаране, дзеці спалі на складзеных насупраць адзін аднаго крэслах.
"У самім рэстаране было цёпла, працавала ацяпленне. Плюс у нас там ёсць і пледы, і падушкі. Падземныя штуршкі адчуваліся і ноччу, але нязначныя, так што нават удалося паспаць", - падзялілася Вольга.
Сёння рабяты на свой страх і рызыку схадзілі дадому за рэчамі, забралі свайго птушынага сябра, які іх так удала папярэдзіў аб надыходзячай небяспецы.
Хачу паехаць дапамагаць ратавальнікам
"У нашым горадзе глабальных разбурэнняў няма, па дамах пайшлі толькі расколіны, але гэта дробязь. Іншыя гарады і раёны пацярпелі значна мацней, там вельмі патрэбна дапамога", - падзялілася Вольга.
Яна даведалася, што і Беларусь, і Расія накіравалі ў Турцыю сваіх ратавальнікаў, каб дапамагаць разбіраць завалы і вызваляць адтуль людзей.
"У нашых чатах пішуць, што ў Хатай вельмі патрэбны перакладчыкі для рускамоўных ратавальнікаў, я б хацела туды паехаць і дапамагаць ім хаця б у гэтым, але не магу. Дарогу паламала падчас землятрусу, аўтабан да Антэпа (Газіянтэп – Sputnik) разбураны. Застаецца маліцца і дапамагаць тым, чым мы можам. Нават калі гэта проста чай, гарачы суп і дах над галавой", - падзялілася беларуска, якая жыве ў Турцыі і перажыла сур’ёзны землятрус.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Беларусь адправіла спецтэхніку і ратавальнікаў у Турцыю – відэа
Разбурэнні, ахвяры і выратаваныя – фота з месцаў землятрусу ў Турцыі і Сірыі
Землятрус у Турцыі і Сірыі: што вядома на дадзены момант
Беларусы нясуць кветкі да пасольстваў Турцыі і Сірыі ў Мінску
Моцны землятрус адбыўся ў Турцыі і Сірыі, ёсць загінулыя