Землятрус у Турцыі і Сірыі: што вядома на дадзены момант

Наймацнейшы землятрус адбыўся ў ноч на панядзелак, падземныя штуршкі рознай магнітуды працягваюцца.
Sputnik
МІНСК, 7 лют – Sputnik. Яшчэ адзін землятрус магнітудай 5,6 адбыўся ў цэнтральнай Турцыі ў ноч на аўторак, паведамляе Еўрапейска-Міжземнаморскі сейсмалагічны цэнтр (EMSC).
Падземныя штуршкі былі зафіксаваны ў 03:13 па часе UTC (06:13 па мінскім часе).
Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся на глыбіні двух кіламетраў на адлегласці пяці кіламетраў ад раёна Гёльбашы.
Першы магутны землятрус здарыўся ў ноч на панядзелак, яго магнітуда склала 7,4. Эпіцэнтр размяшчаўся на глыбіні сем кіламетраў у правінцыі Кахраманмараш, аднак моцныя штуршкі адчуваліся яшчэ і ў шэрагу іншых рэгіёнаў.
На працягу сутак падземныя штуршкі рознай магнітуды паўтараліся. Пасля землятрусу на газаправодзе ў паўднёвай частцы Турцыі адбыўся выбух і пажар. Рэйсы ў аэрапорт Аданы на паўднёвым усходзе Турцыі спынены.
На месцах завалаў працягваюцца выратавальныя аперацыі. Сіноптыкі ў зоне землятрусу прагназіруюць снегапад і дажджы, што можа ўскладніць работу ратавальнікаў на месцах катастрофы.
Колькасць загінулых па даных на раніцу аўторка ўзрасла да 3 381 чалавека, 20 436 атрымалі раненні.
Землятрус у Турцыі стаў самым магутным з 1939 года. З-за трагедыі ў рэспубліцы на тыдзень аб’яўлена жалоба.
Напярэдадні стала вядома, што Беларусь адправіць у Турцыю ратавальнікаў для правядзення пошукавых аперацый. Акрамя таго, як чакаецца, у пацярпелую ад землятрусу Сірыю будзе накіравана гуманітарная дапамога – гэтае пытанне зараз разглядаецца.
Раней у беларускім МЗС паведамлялі, што сярод пацярпелых ад землятрусу няма грамадзян Беларусі. У аўторак стала вядома, што двое беларусаў у Турцыі не выходзяць на сувязь.

Наступствы ў іншых рэгіёнах

Аб тым, што адчуваліся водгаласы землятрусу, паведамлялі ў шэрагу іншых краін: Ліване, Іраку, Ізраілі і іншых. У прыватнасці, у панядзелак наймацнейшы землятрус за апошнія 40 гадоў зафіксаваны нават у паўночна-заходняй частцы штата Нью-Йорк.
Больш за ўсё ад стыхіі пацярпела Сірыя. На гэты момант вядома больш як пра 700 загінулых, пацярпелі амаль паўтары тысячы чалавек. Шэраг краін паведаміў аб намеры выдзеліць фінансавую і гуманітарную дапамогу ўладам, а таксама накіраваць ратавальнікаў.
Як растлумачылі ў Адзінай геафізічнай службе РАН РФ, афтэршокі могуць адбывацца ў радыусе да 300 кіламетраў.
У Інстытуце тэорыі прагнозу землятрусаў і матэматычнай геафізікі РАН распавялі, што прадказаць за суткі землятрус у Турцыі было немагчыма – яго прагназіравалі ў бліжэйшыя пяць гадоў на тэрыторыі, якая перавышае памеры краіны.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін накіраваў спачуванні прэзідэнтам Турцыі і Сірыі і прапанаваў дапамогу расійскіх спецыялістаў у ліквідацыі наступстваў землятрусу. Свае спачуванні накіраваў і беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Беларусы нясуць кветкі да пасольстваў Турцыі і Сірыі ў Мінску
Моцны землятрус адбыўся ў Турцыі і Сірыі, ёсць загінулыя
Самыя разбуральныя прыродныя катастрофы 2020 года