Другі тыдзень ратавальнікі Турцыі разам са сваімі калегамі з іншых краін ліквідуюць наступствы стыхійнага бедства. Бяда аб’яднала і простых людзей: многія дапамагаюць адзін аднаму ежай, адзеннем, фінансамі. Як зараз пацярпелыя ўладкоўваюць свой быт, даведвалася карэспандэнт Sputnik Кацярына Вераб’ёва.
Спіць на кухні ва ўніверсітэце
Праз тыдзень пасля землятрусу жыхар турэцкага Адыямана Мехмет не пакідае свой родны горад. Некаторыя яго сваякі атрымалі сур’ёзныя траўмы і цяпер маюць патрэбу ў дапамозе.
"Для мяне тое, што адбылося – гэта катастрофа. Я страціў каля 150 чалавек: гэта мае родныя, сябры, калегі. Некаторых так і не знайшлі пад заваламі. Мой родны брат застаўся жывы, але ён атрымаў сур’ёзныя траўмы ног. Цяпер я яму дапамагаю", - прызнаўся мужчына.
Разбураная чыгунка ў Адыямане
© Photo : Из архива Мехмета
Мехмет застаўся без жылля – яго дом цалкам разбураны. На начлег ён прыязджае ў адзін з універсітэтаў горада: тут на кухні добраўпарадкаваны спальныя месцы для пацярпелых. Днём мужчына дапамагае ратавальнікам разграбаць завалы. Надзеі знайсці кагосьці са сваіх родных жывым у яго ўжо няма, але хоча, каб хаця б усіх дасталі з-пад абломкаў.
Як паведаміў Мехмет, горад разбураны на дзве трэці. Вуліцы спусцелі – многія з’ехалі да сваякоў, крамы зачынены, часта знікае электрычнасць. Моцна пацярпела і чыгунка. Людзі, якія засталіся ў горадзе, выжываюць дзякуючы гуманітарнай дапамозе, якую дастаўляюць у рэгіён.
Па словах Мехмета, многія скардзяцца на закладзенасць носа і чханне: у горадзе стаіць моцны трупны смурод, яшчэ не ўсе целы загінулых вывезены з Адыямана.
Скакалі з балкона, каб выратавацца
Алена Канмаз родам з Гомеля, у Турцыі яна жыве больш за 20 гадоў. Падчас землятрусу Алена, яе муж і двое сыноў знаходзіліся дома ў правінцыі Хатай, якая атрымала пэўна самыя вялікія разбурэнні. Сям’я цудам засталася жывая – жанчыну і яе родных ледзь не засыпала бетоннымі плітамі. Сваю кватэру яны пакідалі, саскокваючы з балкона.
Алена Канмаз з мужам і сынамі
© Photo : Из архива Алены Канмаз
"Было страшна, людзі беглі, хто куды, крычалі: "Уцякайце!". Муж пасадзіў мяне і малодшага сына ў мінібус, дзе было шмат людзей. А сам разам са старэйшым пабег ратаваць сваю маці і брата, якія жылі ў нашым доме на трэцім паверсе. Я вельмі баялася, што іх можа засыпаць. Дзякуй Богу, усё абышлося, паспелі вывесці родных", - успамінае Алена.
Шматпавярховы дом, у якім пражывала сям’я Канмаз, нахіліўся, на некаторых паверхах абваліліся сцены. Алена ўпэўнена, што камісія прызнае яго непрыдатным для пражывання.
Тры дні сям’я правяла на мясцовым рынку: пажылыя спалі ў машыне, а маладзейшыя грэліся каля вогнішча. Узяць з сабой рэчы не паспелі – толькі крыху цёплай вопраткі, тэлефоны і кашалёк. Ежы не было, людзі выцягвалі з разбураных крам печыва, шакалад, ваду. Алена прызнаецца, што з-за перажытага стрэсу есці не хацелася, але мучыла смага.
Выехаць з Хатая беларусцы і яе родным дапамаглі сваякі мужа – яны купілі білеты да Анталіі. Цяпер Алена з дзецьмі і мужам знаходзяцца ў Кемеры, дзе пацярпелых размяшчаюць у атэлях.
"Мы жывём бясплатна, кормяць 3 разы на дзень. Пакуль чакаем, што скажа дзяржава, ці дадуць нам часовае жыллё. Дырэктар дазволіў застацца тут да красавіка", - расказала Алена.
Тысячы людзей засталіся без даху над галавой. Яны напалоханы і не ведаюць, што будзе далей. Па словах мясцовых, штуршкі паўтараюцца ў рэгіёнах, многія з-за гэтага баяцца вяртацца ў свае гарады. Іншым проста няма куды вярнуцца. Неабыякавыя людзі аб’ядноўваюцца ў інтэрнэце і збіраюць дапамогу пацярпелым.
Турэцкі горад Кемер, у якім зараз знаходзіцца сям'я Канмаз
© Photo : Из архива Алены Канмаз
Дарэчы, беларусы таксама збіраюць "гуманітарку". У бліжэйшы час груз у Турцыю даставіць авіякампанія "Белавія". Дзве тоны самых неабходных рэчаў сфарміравала турэцкае пасольства ў Мінску.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Эрдаган: з-пад завалаў выратавалі жывымі больш за 8 тысяч чалавек
На мяжы цуду: беларускія ратавальнікі дасталі яшчэ двух чалавек з-пад завалаў
Пошукі і разбор завалаў: беларусы выратавалі дзяўчыну ў Турцыі – відэа
Шасцігадовую дзяўчынку дасталі жывой з-пад завалаў у Турцыі
Разумела, што гэта канец, і развіталася з жыццём: пацярпелая аб землятрусе