МІНСК, 17 сак – Sputnik. Фонд для дадатковай падтрымкі студэнтаў можа быць створаны ў ЕАЭС, паведаміў прарэктар Дзяржаўнага ўніверсітэта кіравання (Масква) Аляксандр Троіцкі на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Гэтае пытанне, паводле яго слоў, узнімалася нядаўна на форуме ў расійскай сталіцы. Размова ідзе аб тых студэнтах, якія прыехалі вучыцца з адной краіны ЕАЭС у іншую.
"Трэба плаціць за інтэрнат, трэба плаціць за харчаванне. Можна было б стварыць такі фонд, які б дазваляў дадаткова фінансаваць гэтых рабят (студэнтаў - Sputnik), асабліва пераможцаў алімпіяд", - сказаў Троіцкі.
ВНУ, якую прадстаўляе спікер, – гэта галаўная арганізацыя нядаўна створанага Еўразійскага сеткавага ўніверсітэта (ЕСУ). У гэтае аб’яднанне ўваходзіць 21 навучальная ўстанова краін ЕАЭС, у тым ліку 11 расійскіх.
Троіцкі нагадаў, што Дзяржаўны ўніверсітэт кіравання ўдзельнічае ў праграме навучання па квотах. Для Беларусі ў гэтым годзе выдзелена 140 месцаў, у тым ліку 20 для вочнага навучання, а астатнія – для праграм дадатковай адукацыі.
Для "квотнікаў" прадугледжана стыпендыя 2 тысячы расійскіх рублёў (75 беларускіх), а таксама месца ў інтэрнаце. Пражыванне каштуе 3,2 тысячы расійскіх рублёў (120 беларускіх) у месяц, і гэта з самых нізкіх тарыфаў у Маскве.
Названай вышэй стыпендыі відавочна не хопіць для пакрыцця іншых выдаткаў у расійскай сталіцы, і прарэктар пацвердзіў, што многія студэнты падзарабляюць, у тым ліку ў сферы абслугоўвання. Менавіта таму і ўзнікла пытанне стварэння фонду дапамогі.
Навучанне па квотах
Паступіць у расійскую ВНУ па квотах для беларусаў значна прасцей, чым у агульным парадку. У гэтым годзе Рассупрацоўніцтва прымае заяўкі на гэтую праграму да 20 сакавіка ўключна. Праз інтэрнэт яе можна падаць і ў выхадныя. На першым этапе патрэбен невялікі пакет дакументаў: анлайн-анкета, здымак пашпарта і дакументы з адзнакамі за 10-ы клас (калі паступіць жадае цяперашні адзінаццацікласнік).
Ёсць варыянты навучання ў аспірантуры і па дадатковых праграмах. Прычым узроставага абмежавання не існуе. Для Беларусі на ўсе віды навучання ў гэтым годзе выдзелілі 1,3 тысячы месцаў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Як паступіць у расійскую ВНУ і атрымаць адразу два дыпломы
Мінадукацыі аб выключэнні з Балонскага працэсу: наша адукацыя самадастаткова
Паступіць у ВНУ Расіі беларусам стане прасцей