Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Дзіцячая пісьменніца заклікала не панікаваць з-за перапісвання "Чебурашки"

Пасля поспеху фільма "Чебурашка" на кніжных прылаўках з’явілася аднайменная кніга, якая па сюжэце зусім не падобная на класічную гісторыю пра гэту істоту, і аўтары ў яе іншыя.
Sputnik
МІНСК, 24 сак – Sputnik. Чытачам трэба спакойна ставіцца да таго, што калектыў аўтараў стварыў нядаўна новую літаратурную версію "Чабурашкі", якая моцна адрозніваецца ад кананічных гісторый Эдуарда Успенскага, заявіла дзіцячая пісьменніца і сцэнарыст Ая эН на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
"Любы персанаж, які становіцца нацыянальным героем, становіцца папулярным, рана ці позна сыходзіць у вольнае плаванне. Хочам мы гэтага ці не. Прайшло 75 гадоў ці яшчэ не прайшло, але наследнікі дазваляюць. Ён усё роўна стане іншым. Мы павінны гэта прымаць так як ёсць", - лічыць пісьменніца.
Ая эН патлумачыла, што ў мінулым рэдагавала часопіс "Чебурашка", дзе легендарны персанаж нават візуальна быў не падобны на кананічны вобраз. Напрыклад, у яго быў паласаты хвост. Гэта было ўзгоднена з пісьменнікам Эдуардам Успенскім, які першапачаткова і прыдумаў Чабурашку.
"Чабурашка ў часопісе быў ужо іншы і па характары", - адзначыла пісьменніца.
Спачатку ў рэдакцыю тэлефанавалі, як правіла, людзі старэйшага пакалення і абураліся тым, што перарабілі іх любімага героя. Пыталіся, ці ў курсе Успенскі. Казалі, што гэта не той Чабурашка, што гэта недапушчальна.
Той Чабурашка, які з'явіўся ў фільме і новай кнізе, адрозніваецца і ад класічнага, і ад таго, што быў у часопісе. Найперш ён вядомы як герой кінастужкі. Яна мела поспех у беларускім пракаце і паставіла абсалютны рэкорд у Расіі па касавых зборах. У напісанні сцэнарыя ўдзельнічалі беларусы Віталь Шляпо, Вячаслаў Зуб і Анатоль Малчанаў. Яны таксама з’яўляюцца і сааўтарамі кнігі па фільме.
"Чабурашка – любімы ўсімі мультыплікацыйны герой, персанаж дзіцячых кніг, на якіх вырасла не адно пакаленне. Можна сказаць, ён частка нашага культурнага кода. Вядома ж, мы разумелі, што нельга сапсаваць тую светлую выяву, якая была створана да нас. Таму падышлі да сцэнарыя з усёй ступенню адказнасці. Максімальна прапускалі ўсё праз сябе, імкнуліся ўкласці душу", - адзначыў раней Вячаслаў Зуб у інтэрв’ю Sputnik Беларусь.
Літаратурны вобраз Чабурашкі быў прыдуманы савецкім пісьменнікам Эдуардам Успенскім у 1960-х гадах. Кананічны візуальны вобраз распрацаваў мастак Леанід Шварцман, які нарадзіўся ў Мінску.
Новая кніга пра Чабурашку, напісаная на базе фільма, прадстаўлена на XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы на расійскім стэндзе. Расія ў гэтым годзе – ганаровы госць кніжнага форуму.
Ая эН (сапраўднае імя - Ірына Крэсцява) скончыла ў савецкі час фізічны факультэт Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "біяфізіка". Першапачаткова займалася навукай у Інстытуце фізікі Расійскай акадэміі навук. Атрымала ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. Пасля стала прафесійна займацца дзіцячай літаратурай. Напісала сцэнарыі для серыяла "Лекцыі прафесара Чайнікава", які заснаваны на творчасці Эдуарда Успенскага. Вядомая як аўтар мастацкіх твораў, якія адначасова з’яўляюцца навукпопам.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Што прэзентуе Расія на XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы
Фестываль рускай мовы і літаратуры пройдзе ў Доме Масквы
Юбілейная міжнародная кніжная выстава адкрылася ў Мінску