МІНСК, 1 кра – Sputnik. Бялынічы стануць культурнай сталіцай у 2024 годзе, адпаведнае рашэнне было прынята на пасяджэнні калегіі міністэрства культуры, паведамляе Telegram-канал ведамства.
Адзначаецца, што акрамя гэтага горада былі такія прэтэндэнты як Камянец Брэсцкай вобласці, Глыбокае Віцебскай вобласці, Мазыр Гомельскай вобласці, Свіслач Гродзенскай вобласці.
Чым вядомы Бялынічы
У 2020 годзе ў Бялынічах праходзіў Дзень беларускага пісьменства, і да гэтага маштабнага фестывалю горад істотна абнавілі. У прыватнасці, фактычна перабудавалі і пашырылі будынак галерэі мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Некалькі выставачных зон абсталявалі самымі сучаснымі экспазіцыйнымі тэхналогіямі.
Яшчэ адна славутасць, якая знаходзіцца побач з музеем, з’явілася ў 2020 годзе – гэта скульптурная кампазіцыя Бялыніцкай іконы Божай маці. Ёсць нямала ўнікальных звестак, як гэты цудатворны абраз уплываў на гісторыю горада на працягу стагоддзяў.
У Бялынічах таксама нарадзілася пісьменніца Наталля Батракова, якая лічыцца адным з самых чытальных рускамоўных аўтараў сучаснай Беларусі. Яна вядома сваім зборнікам вершаў "Экстрасістолы кахання", раманам "Тэрыторыя душы", "Вяртанне кахання", а таксама кнігай "Імгненне бясконцасці".
Таксама ў Бялынічах нарадзіліся беларускія мастакі Віктар Альшэўскі і Вітольд Бялыніцкі-Біруля, празаік і літаратуразнаўца Іван Шарахоўскі, гісторык Уладзімір Кузьменка, акцёр Уладзімір Рагаўцоў.
Што такое "Культурная сталіца года"?
У ведамстве адзначылі, што галоўная мэта рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца года" – прэзентацыя культурнага патэнцыялу гарадоў і рэгіёнаў Беларусі, стварэнне праз сферу культуры ўмоў для іх сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Раней гэты статус атрымлівалі Полацк (2010), Гомель (2011), Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гродна (2014), Брэст (2015), Маладзечна (2016), Бабруйск (2017), Наваполацк (2018), Пінск (2019), Ліда (2020), Барысаў (2021), Орша (2022), Слуцк (2023).
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Дзіцячая пісьменніца заклікала не панікаваць з-за перапісвання "Чебурашки"
Паэзіі натхняючы глыток: беларускія класікі пра сваю творчасць
Фільм "Авантуры Пранціша Вырвіча" ў Кітаі ўбачаць раней, чым у Беларусі