МІНСК, 8 кра – Sputnik. Беларускае прадпрыемства "Пеленг" распрацуе для арміі РФ малагабарытны комплекс сродкаў для артылерыйскіх падраздзяленняў, вынікае з апублікаванай праграмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй да 2025 года.
У праграме 199 пунктаў, адзін з іх датычыцца згаданага комплексу. Размова ідзе і пра прыборы для вызначэння метэаралагічных і балістычных умоў стральбы. Таксама гэта разведка і вызначэнне каардынат цэлей. Яшчэ павінна забяспечвацца сувязь. Разам з беларускім "Пеленгам" распрацоўкай комплексу зоймецца Усерасійскі навукова-даследчы інстытут "СИГНАЛ".
Дзве краіны разлічваюць таксама актыўна задзейнічаць мінскае прадпрыемства "Мінатор-Сэрвіс". Яго профіль – гусенічныя шасі. Плануецца, што разам з Канструктарскім бюро прыборабудавання імя акадэміка Шыпунова яно будзе распрацоўваць новую ваенную тэхніку не толькі на гусеніцах, але і на колавай базе.
Таксама ў планах мадэрнізацыя гусенічных шасі для мадэрнізацыі зенітнага ракетна-гарматнага комплексу "Тунгуска".
Ракетныя комплексы
Павінен з’явіцца колавы варыянт зенітнага комплексу "Сасна" на шасі Volat ад МЗКЦ. У праекце прымуць удзел беларускае ЦНДП, Канструктарскае бюро дакладнага машынабудавання імя Нудэльмана (РФ) і Саратаўскі агрэгатны завод.
Новым варыянтам супрацьтанкавых комплексаў "Корнет-Э/ЭМ", якія паставяць на беларускае гусенічнае шасі, зоймуцца "Мінатор-Сэрвіс" і расійскія калегі з НВА "Высокоточные комплексы" і Канструктарскага бюро машынабудавання.
Для беларускай арміі жадаюць збіраць варыянты зенітнага комплексу "Панцирь-С1" на колавым шасі МЗКЦ (база 8x8).
БТР і БМП
Арзамаскі машынабудаўнічы завод будзе пастаўляць у Беларусь бронетранспарцёры БТР-82А і БТР-80К, а таксама рамонтна-эвакуацыйныя БРЭМ-К і медыцынскія БММ. Расіяне сумесна з заводам у Барысаве зоймуцца таксама капрамонтам БТР-80.
"Пеленг" прыме ўдзел у паляпшэнні БТР-82А і распрацоўцы прыцэлаў з цеплавізарамі для гэтай тэхнікі. Больш за тое, будзе наладжана вытворчасць такіх машын у Беларусі. Але ў плане не проста "адвёрткавая" зборка. Асобныя элементы лакалізуюць.
Барысаўскі завод сумесна з шэрагам расійскіх прадпрыемстваў мае намер таксама мадэрнізаваць БМП-1 і БМП-2.
Авіяцыя
У Беларусі хочуць стварыць сумеснае з РФ прадпрыемства па пасляпродажным абслугоўванні самалётаў Як-130 і Су-30СМ. Судзячы па даных з праграмы, яно будзе на базе авіярамонтнага завода ў Баранавічах.
На гэтым жа заводзе АТ "Вертолеты России" і Нацыянальная авіяцыйна-сэрвісная кампанія правядуць аўдыт. Гэта трэба для пацверджання статусу прадпрыемства як пляцоўкі па капрамонце ваенных верталётаў.
З Расіі прадоўжацца пастаўкі самалётаў Су-30СМ. У тым ліку РФ экспартуе ў рэспубліку і трэнажор для лётчыкаў. Таксама ў спіску пастаўка верталётных рухавікоў і запчастак. Для Як-130, якія стаяць на ўзбраенні ў Беларусі, паставяць комплексы "Талисман". Яны абараняюць машыну ад ракет СПА і іншай зброі праціўніка.
У сваю чаргу "Пеленг" зоймецца пастаўкамі аэрадромных аўтаматызаваных метэаралагічных сістэм, вымяральнікаў ніжняй мяжы аблокаў і іншых прыбораў. Гомельскі радыёзавод будзе ўдзельнічаць у абслугоўванні і штатнай эксплуатацыі радыёлакацыйных сродкаў папярэджання аб ракетным нападзенні.
У праграме ёсць і шэраг іншых напрамкаў. Напрыклад, гэта розныя праграмна-апаратныя комплексы для вайскоўцаў, прыборы для самалётаў, узбраенні.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Беларусь завяршае стварэнне ўласнага зенітна-ракетнага комплексу – Лукашэнка
Беларусь вырабляе свае беспілотнікі і танкі – Дзяржкамваенпрам
Стала вядома, калі беларускі танк паступіць у войскі