"Не я б’ю, вярба б’е…", або Гатуем да Вербніцы

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца традыцыйнымі завядзёнкамі Вербнай нядзелі, а таксама раскрывае сакрэт старажытных балабушак з ільняной заправай да тушанага карпа.
Sputnik
На Благавесным тыдні, з якога пачаўся красавік, нябесная канцэлярыя час ад часу падсыпала сняжку. Але снег гэты як нечакана з’явіўся, так хутка і знік. І вось ужо вільготная зямля ўсміхаецца небу першымі кветкамі, а ў сінім небе не змаўкаюць вясёлыя птушыныя спевы. Гэты нечаканы красавіцкі снег не сапсаваў перадсвяточнага настрою, бо сёлета красавік асабліва багаты на святы.
Красавіцкія кветкі
За Дабравешчаннем, якое заўсёды святкуюць 7 красавіка, крочаць Лазарава субота і Вербніца, а там неўзабаве і Вялікдзень.Традыцыя ж абавязвае сустрэць усе гэтыя вялікія святы разам з дарагімі сэрцу людзьмі і вядома ж за вялікім сталом.
Наперадзе некалькі дзён адпачынку і святкаванняў. У гэтыя дні не выконвалі ніякіх відаў працы і нават ежу стараліся прыгатаваць загадзя. У народзе казалі, што на Дабравешчанне нават птушка гнязда не ў’е, а ў суботу перад Вербніцай, якую таксама шанавалі, не можна грымець кроснамі, каб улетку пазбегнуць грымот. У народным календары гэту суботу называлі Мезінай або Пахвальнай, а ў царкоўным календары – Лазаравай, у памяць аб дзіве, якое здзейсніў Ісус Хрыстос: перад тым, як увайсці ў Ерусалім, ён уваскрасіў праведніка Лазара. Ну, а ў нядзелю святкуем Вербніцу.
Вербная нядзеля

Завядзёнкі Вербнай нядзелі

Вербніца – прадвесніца Вялікадня – узнёслае ўрачыстае свята. У хрысціянстве яно прымеркавана да Уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавымі галінкамі. У беларусаў сімвал гэтага свята – дрэва вярба, галінкі якой падчас свята асвячаюць у храмах. Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце ў народзе тлумачылі так:
"Ну, а ў нас пальмаў ужэ ж няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".
Дзе ж узяць вербныя галінкі да свята? Нягледзячы на тое, што вярба – шырока распаўсюджанае ў Беларусі дрэва, усё ж расце яно не паўсюдна. Таму калісьці існаваў звычай у Вербную нядзелю прывозіць да царквы вярбу цэлым дрэвам. Пасля яе асвячэння вернікі ламалі з яе галіны і неслі дахаты. Цяпер жа ў гэты святочны дзень прыгожа аздобленыя вербныя букецікі проста набываюць каля храма.
Галінкі вярбы
Прыемна назіраць, як у вялікім горадзе ў Вербніцу пасля набажэнства ад царквы расцякаюцца чароды святочна апранутых людзей з асвечанымі галінкамі вярбы ў руках. На сучасных буйных вербных кірмашах вялікі выбар вербных галінак, сярод якіх можна сустрэць і традыцыйныя вербы з розных рэгіёнаў Беларусі. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць галінкі, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, зёлкамі, каласкамі, мохам і іншымі прыроднымі матэрыяламі. Сярод іх асабліва вылучаюцца вядомыя на ўвесь свет так званыя Віленскія пальмы. У мастацкім аздабленні гэтых вербных галінак удала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў, і літоўцаў. Гэты асаблівы від вербаў распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой на Браслаўшчыне і Гродзеншчыне.
Для вырабу такіх "пальмаў" нарыхтоўваюцца пруткі рознага памеру – ад 50 да 70 см. Каб складаўся ўзор, да іх навязваюцца ў адпаведным парадку кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншага сухаквецця, каласы збожжа, сухія травы, якія папярэдне фарбуюцца ў яркі, зялёны колер. Над іх стварэннем часта працуюць сямейныя дынастыі, ствараючы сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Знаўцы традыцыйных вербаў высока цэняць наяўнасць у "букеціку" бруснічніку і галінак ядлоўца з ягадамі. Зрэдку можна сустрэць і галінкі ляшчыны.
Вербы з Ліды

Містычны сродак ад усяго

Раней як толькі ў народзе не выкарыстоўвалі асвячоную вярбу! І цяпер у народзе жыве вера ў яе магічныя і лекавыя ўласцівасці. Вярбою "лячылі" не толькі людзей ды жывёл, але і прадметы побыту. З ёй варажылі на замужжа, хадзілі на могілкі, асвячалі агарод і інш.
Перш, чым трапіць за абразы на покуці, асвячоныя вербныя галінкі раздавалі ўсім, хто меў у іх патрэбу. Бо лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць або пазычаць яе камусьці было ўжо нельга, каб не наклікаць на сябе бяды.
Захоўвалі вербы на працягу года, а потым спальвалі мінулагоднія галінкі. Попел высыпалі на грады, каб дачакацца добрага ўраджаю, абараніць яго ад шкоднікаў і ахаваць ад стыхійных бедстваў.
Асвячоную вярбу захоўваюць цэлы год
Асабліва моцнай вярба лічылася непасрэдна ў дзень свята: усім вядомы абрад "біцця" асвячонай вярбой дзяцей – каб яны хутчэй раслі, а дарослых і жывёл – каб не хварэлі. Такая завядзёнка была і ў маёй сям’і, калі дзед, вярнуўшыся з царквы, лагодна пасцёбваў галінкамі ўнукаў. Бадай, гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі малыя са смехам падстаўлялі свае спінкі для біцця. Цяжка вытлумачыць радасць, якая нараджалася ў сэрцы, калі чулася адвечнае:

"Не я б’ю – вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,
Як лёд – на ўвесь год!
"

Кухарым да свята

Амаль завершаны перадвелікодны пост. У гэтыя дні акрамя іншых посных страў Царква дазваляе есці рыбную ікру і іншыя рыбныя стравы. Асабліва добра мець рыбу, прыгатаваную загадзя на некалькі дзён, каб у святочныя дні не займацца кухарскімі справамі.
Нагадаю некалькі добрых рэцэптаў, запісаных мною ў кулінарных вандроўках па Беларусі.

Расольнік з рыбай

З чаго гатаваць:
500 г дробнай рачной рыбы,
2 салёныя агуркі,
2-3 бульбіны,
2 ст. л. буйных ячных круп,
1 морква,
1 цыбуліна.
З дробнай рачной рыбы і салёных агуркоў можа атрымацца добры расольнік
Як гатаваць. Зварыць ячныя крупы, заліць іх кіпенем, дадаць моркву, цыбулю і варыць 10 хв. Дадаць нарэзаную кубікамі бульбу разам са скрылікамі ачышчанага ад скуркі салёнага агурка. Праз 10-15 хв. пакласці падрыхтаваную рыбу (замест дробнай рачной рыбы можна ўжыць траску або хек) і варыць да яе гатоўнасці.

Карп, тушаны з цыбуляй

З чаго гатаваць:
1 кг карпа,
3 ст. л. алею,
1 ст. л. мукі,
2 ст. л. воцату,
1 ст. л. цукру,
4 цыбуліны,
6-8 гарошын перцу чорнага і духмянага,
1-2 лаўровыя лісты,
1-2 зярняткі гваздзікі,
соль.
Кавалкі карпа
Як гатаваць. Падрыхтаванага карпа нарэзаць на кавалкі, пасыпаць іх соллю, перцам, укачаць у муку і абсмажыць на алеі. З галоў і плаўнікоў зварыць юшку. Злёгку абсмажыць на алеі нашаткаваную цыбулю, палову яе пакласці ў жароўню, дадаць гваздзіку, лаўровы ліст, перац чорны і духмяны, воцат і цукар. На гэтыя прадукты пакласці кавалкі рыбы, пасыпаць яе цыбуляй, якая засталася, заліць булёнам і паставіць тушыць у духоўку на 20 хв.
Ядуць страву гарачай і халоднай з хлебам ці варанай бульбай.

Балабушкі з ільняной заправай

У дадатак да рыбы прапаную прыгатаваць "балабушкі" – цікавую старажытную страву, якую давялося пакаштаваць і навучыцца гатаваць падчас кулінарных вандровак. Запісала яе ад жыхаркі вёскі Сялец Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ніны Міхадзюк. Гэтая посная страва гатуецца вельмі проста!
З чаго гатаваць:
5 бульбін,
0,25 шк. льнянога семя,
алей (па патрэбе),
соль (да смаку).
Балабушкі з агурком і цыбуляй
Як гатаваць. Бульбу абабраць, зварыць і адразу стаўчы, перамяшаць з прасеянай ільняной мукой, пасаліць. Нашмараваць алеем патэльню, сфармаваць невялікія круглыя піражкі. Пакласці на патэльню, уставіць у духоўку і выпякаць пры 180 градусах да ўтварэння скарынкі.
Падаюць "балабушкі" да стала гарачымі разам з салёнымі агуркамі. Калі няма посту, то бульбяныя піражкі паліваюць смятанай.
Смачна есці!
Таксама на Sputnik:
Вялікдзень i Вербніца ў старажытным Iвянцы – фота
"Хіра ў лес, а здароўе ў косці": што гатаваць ў Вербную нядзелю
Праваслаўныя вернікі Беларусі сустрэлі Вербніцу