МІНСК, 11 кра – Sputnik. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі распрацавала праграму для касманаўта, паведаміў на прэс-канферэнцыі акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін, перадае Sputnik.
"Па ініцыятыве кіраўніка беларускай дзяржавы і па дамоўленасці з прэзідэнтам Расіі, мы будзем асвойваць новы напрамак у касмічных даследаваннях – гэта пілатуемыя касмічныя палёты. Сёння рыхтуецца наш касманаўт, а НАН ужо распрацавала навуковую праграму, гэта будзе касманаўт-даследчык і, зразумела, адпрацоўваецца праграма навуковых даследаванняў пілатуемага палёту", - распавёў Шумілін.
Паводле яго слоў, касманаўт будзе праводзіць выпрабаванні і даследаванні беларускай апаратуры "САВА", якая распрацавана ў сістэме Мінадукацыі разам з Акадэміяй навук.
"Устаноўка даўно знаходзіцца на станцыі, а, адпраўляючы свайго касманаўта, мы зацікаўлены, каб ён выкарыстоўваў тое абсталяванне, якое і спраектавана, і выраблена ў Беларусі для назірання за Зямлёй з космасу, у тым ліку для даследавання верхніх слаёў атмасферы" , - распавёў акадэмік-сакратар.
У прыватнасці, спецыяліст будзе ў тым ліку назіраць за беларускімі лясамі.
"Так, напрыклад, лес пачынае захворваць зверху, і знізу гэта не заўсёды можна распазнаць – асабліва ў пачатку захворвання. З космасу тэхналогіі даюць магчымасць гэта зрабіць на пачатковай стадыі, а значыць, можна будзе прыняць своечасовыя рашэнні", - расказаў прадстаўнік НАН Беларусі.
Хто менавіта паляціць і калі?
Начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, акадэмік Пётр Віцязь адказваючы на пытанне журналістаў аб выбраных кандыдатах для палёту ў космас і аб тэрмінах гэтага палёту, расказаў, што кандыдатуры ўжо адабраны, з іх ужо выбраны асноўны касманаўт і дадатковы.
"Цяпер іх задача – вывучыць распрацаваныя навуковыя праграмы і асвоіць іх. Пасля таго, як мы ўсё ўзгоднім з "Роскосмосом", яны паедуць на падрыхтоўку ўжо непасрэдна да палёту. А далей у адпаведнасці з праграмай "Роскосмоса" будуць усе пытанні вырашацца па меры іх гатоўнасці", - дадаў ён.
Гаворачы аб тэрмінах палёту, акадэмік нагадаў, што не так даўно на МКС здарыліся нестандартныя пашкоджанні.
"Гэта ў сваю чаргу ўносіць карэктывы ў нашу праграму. Як толькі пытанні будуць вырашаны, усё будзе зразумела, хто, калі і навошта", - сказаў Пётр Віцязь.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Viber і Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Беларускі касманаўт праверыць на МКС матэрыял, які сам залечваецца
Кандыдатак у касманаўты ад Беларусі ўзгодняць з краінамі-партнёрамі па МКС
Калі будзе запуск беларуска-расійскага спадарожніка, расказалі ў НАН Беларусі