У абласным цэнтры больш за ўсё дасталася мікрараёнам Якубаўка і Манастырак. Там ратавальнікі штодзень на лодках патрулююць вуліцы і дапамагаюць тым, хто не захацеў пакідаць свае дамы. Карэспандэнт Sputnik Таццяна Федарэнка паглядзела, як мясцовыя жыхары ратуюць сваю маёмасць, паўдзельнічала ў буксіроўцы дома і даведалася, з якімі незвычайнымі просьбамі да работнікаў ТВВОД звяртаюцца астраўляне паняволі.
Чужы дом прыплыў у агарод
Сож размыў пясчаную дамбу, якую дасыпалі ў Манастырку яшчэ з зімы, і літаральна за суткі захапіў у водны палон амаль увесь мікрараён.
"Такога разліву гадоў дзесяць не было", - аўтарытэтна заяўляе мужчына акурат ля таго самага насыпу, што не стрымаў напор стыхіі.
Мужчына ля пясчанай дамбы, якую размыў Сож
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Пад ваду пайшлі дарогі на вуліцах 2-й Папярочнай, Далёкай, 1-й Завадской і ў Рачным завулку. Дабрацца на свае ўчасткі людзі могуць толькі ўплаў. У Манастырку для гэтых мэт арганізавана дзяжурства чатырох пастоў супрацоўнікаў ТВВОД, да аднаго з іх, хлюпаючы рызінавымі ботамі, накіроўваюся я.
Ратавальнікі ТВВОД і МНС арганізавалі лодачную пераправу. За дзень "воднае таксі" здзяйсняе некалькі дзесяткаў рэйсаў
© Sputnik / Татьяна Федоренко
"Вырашылі правесці выхадныя ў беларускай Венецыі?" - жартуюць ратавальнікі, дапамагаючы забрацца ў лодку.
Не паспяваем адплыць ад сушы, як паступае першы выклік: дапамога патрэбна бабулі. Пакуль я жмуруся ў промнях вясновага сонца, спрабуючы разгледзець з борта лодкі постаць пенсіянеркі, ратавальнікі на водах упэўнена рухаюцца ў бок чырвонай хустачкі.
Да пенсіянеркі на агарод прыплыў суседскі дом, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў на водах
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Пасля прыбыцця ратавальнікаў 78-гадовая Марыя Міхайлаўна просіць іх прыбраць з агарода дом суседа, які да яе занесла паводкай. Больш за ўсё жанчына перажывае за плот, які дрэйфуючы будынак можа паваліць.
"З такім заданнем мы сутыкаемся ўпершыню. Эвакуіраваць даводзілася ўсякае, але каб цэлы дом...", - прызнаюцца супрацоўнікі Гомельскага ТВВОД.
Вывучыўшы агарод, які нагадвае вялікую сажалку, спецыялісты аператыўна прыдумваюць план: адбуксіраваць дом на лодцы пры дапамозе вяроўкі і заякарыць стальным тросам ля дрэва.
Спецыялісты ТВВОД
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Аперацыя па выратаванні ўчастка пенсіянеркі заняла хвілін 20. Са слоў мясцовых, у плывучым доме ніхто не жыве, цяперашнім уладальнікам ён дастаўся ад бацькоў, якія будавалі яго якраз на выпадак паводкі.
Вадалаз у падвале і выратаванне вожыка
Пакуль плывём па гарадскіх вуліцах далей, самы час даведацца, з якімі незвычайнымі просьбамі да ратавальнікаў на водах звяртаюцца жыхары затопленых тэрыторый. За суткі прымаюць больш за сотню зваротаў.
"У суботу да нас звярнулася жанчына з просьбай перавезці 25 індавутак. Месца іх пражывання затапіла больш чым на метр. Мы іх пераправілі на лодцы ў бяспечнае месца. Катоў і сабак эвакуіруем, выратуем нават вожыкаў", - дзеліцца гісторыямі выратавання начальнік выратавальнай станцыі "Заходняя" Віталь Самарыкаў.
Мокрая курыца дзелавіта гуляе па загародзе
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Забаўны выпадак здарыўся ў суботу. Ратавальнікам далі адрас і сказалі, што патрэбна дапамога, не ўдакладніўшы, якая менавіта. Кіламетр цягнулі лодку і ўсё дзеля таго, каб выключыць святло ў доме пенсіянера, якога напярэдадні да сябе ў горад забрала дачка.
Яшчэ ў ТВВОД расказалі аб тым, як спатрэбілася дапамога вадалаза, каб перакрыць кран з вадой у падвале. У поўнай экіпіроўцы ён апускаўся пад ваду на цокальны паверх патанулага дома. Нярэдка ратавальнікі дапамагаюць жыхарам вынесці з вады бытавую тэхніку і мэблю, а таксама даставіць прадукты харчавання або выратаваць ад патопу дакументы.
Рыба ў агародзе, ваенны ЗІЛ і баварскі домік
Рухаемся далей па шчыльнай забудове прыватнага сектара. У Манастырку адзін з адным суседнічаюць сціплыя драўляныя хаткі і шматузроўневыя сучасныя катэджы. Ратавальнікаў чакаюць у адным з мясцовых дамоў, які выкананы ў баварскім стылі, вада затапіла будынак менш чым за суткі.
Пацярпелы ад патопу дом
© Sputnik / Татьяна Федоренко
У вадзе апынуліся аўтамабілі, гаспадарчыя пабудовы, затоплены ўвесь цокальны паверх і самае важнае – адрэзаны шлях да цывілізацыі. Маладой пары, якая жыве тут, дапамога жыццёва неабходна. Людзі не скупяцца на словы падзякі ў адрас супрацаўнікоў ТВВОД і просяць пераправіць іх на сушу ў прызначаны час. Інфармацыю перадаем на іншы пост і рухаемся далей. Па шляху сустракаем людзей на асабістых плаўсродках.
"Нас папярэджвалі, што будзе высокая вада, таму падрыхтаваліся: закупілі прадукты і дасталі лодкі", - дзеліцца мужчына, выплываючы з гаража.
Іншая жыхарка Манастырка расказвае, што не забыліся ў такой складанай сітуацыі і пра жывёл. Так, напрыклад, мясцовыя сабакі перасяліліся на балконы дамоў, а суседскі кот важна разгульвае па імправізаваным трапе.
У маляўнічым завулку цудам пазбег вялікай вады ваенны ЗІЛ. Невядома, як ён сюды патрапіў, але каларыту вызначана дадае.
Ваенны ЗІЛ цудам застаўся не закрануты стыхіяй
© Sputnik / Татьяна Федоренко
У цэлым абстаноўка нармальная, мясцовыя прыстасоўваюцца да жыцця ва ўмовах вялікай вады, жартуюць і ўспамінаюць, як у 70-я гады мінулага стагоддзя тут быў такі патоп, што рыба заплывала ў агароды, а на вуліцы Далёкай дзяжурыў цеплаход.
Аператыўнае становішча
Маніторынг паводкавай сітуацыі ў Гомелі вядзецца штодзень. У межах горада падтоплена 515 падворкаў, 23 жылыя дамы, 228 гаспадарчых пабудоў, набярэжная ракі Сож і 8 участкаў дарогі. Адселена 23 грамадзяніны з 11 домаўладанняў.
Валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа дастаўляюць харчовыя і гігіенічныя наборы. Ратавальнікі ТВВОД і МНС арганізавалі лодачную пераправу і нясуць дзяжурства на пастах штодзень. У Гомельскім гарадскім аддзеле па НС кругласутачна працуе "гарачая лінія" па пытаннях паводкі, дазваніцца можна па нумарах: 31-97-06, 31-97-07.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Viber і Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Сабака на балконе і курыца на даху: як жывёлы ратуюцца ад паводкі – фота
Дачы затапіла па вокны: пад Гомелем прарвала дамбу – відэа
Паводка ў Беларусі: узровень вады яшчэ больш павысіцца
У Гомелі паводка дабралася да палацава-паркавага ансамбля – відэа
На Гомельшчыне рэкі выходзяць з берагоў