Так і жадаецца сказаць: "Панікоўскі, кіньце гусака!", а дакладней лебедзя. Вось так беражліва на ручках птушку адносяць да сажалкі пасля зімовых канікул.
Відаць, што лебедзі добра перанеслі зімоўку. Яшчэ б! Бо жылі мясцовыя птушыныя знакамітасці ў камфартабельных апартаментах: у кожнай пары было сваё невялікае памяшканне. За птушкамі даглядаў спецыяльны рабочы, а за здароўем сачыў ветурач.
Гомельскія лебедзі чародамі не жывуць. Супрацоўнікі парку гавораць, што самцы не церпяць канкурэнцыі і аддаюць перавагу жыць са сваёй царэўнай-лебеддзю асобна ад усіх. Таму кожную пару адгарадзілі спецыяльнай сеткай.
Паказваюць нораў і дзве самкі-адзіночкі. Пару сабе не знайшлі, сяброўкамі не сталі, так і жывуць на асобных участках сажалкі ў чаканні залётнікаў.
А ў гэтай пары ўсё склалася. Узаемаадносіны такія цёплыя, што чорная лебедзь можа сабе дазволіць выйсці з вады не пры парадзе і прашыпець.
Лебедзь чысціць свае белыя пёркі. Праз дзень-другі адмыецца і будзе сапраўдны прыгажун.
Іншыя акунуліся пару разоў у вадзіцу і ходзяць зараз гогалем.
Пасля зімы лебедзі непаваротлівыя, выкочваюцца з вады нібы цюлені.
Курыца нібыта лічыцца нашчадкам дыназаўраў. Дык вось лебедзі з гэтым могуць паспрачацца. Вы толькі паглядзіце на гэтыя кіпцюры!
Супрацоўнікі палацава-паркавага ансамбля пераканаўча просяць не карміць лебедзяў хлебам, нават таблічкі ўстанавілі, але гамяльчане і турысты ўсё роўна ўмудраюцца накарміць забароненай ежай.
Калі хочаце парадаваць птушку, то прыносьце моркву. Гэта для іх сапраўдны ласунак.
У штодзённым рацыёне лебедзяў збожжа, ім напаўняюць кармушкі ля вадаёма. Дробную рыбу і ракавінкі птушкі здабываюць самі.
З выгляду – паўстраус-паўгусь, а на самай справе – лебедзь.
Пасля некалькіх заплываў у лебедзяў пачалася аквадыскатэка. Вось вам верхні брэйк.
І нават цверк.
Хто за класіку, не забывае пра Чайкоўскага і выконвае легендарны "танец маленькіх лебедзяў".
Ну і куды ж без беларускай полькі з фірменным паваротам галавы падчас Па ў бок руху.
Лебедзі так расчулілі сваёй канцэртнай праграмай гледача, што той аж строс рукавом слязу.