Каложскую царкву ў Гродне могуць уключыць у спісак ЮНЕСКА

Гродзенская Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў Беларусі, з 2004 года яна ўключана ў лік кандыдатаў у спісак ЮНЕСКА.
Sputnik
ГРОДНА, 23 кра – Sputnik, Іна Грышук. У Гродне пачалі рыхтаваць пакет дакументаў і мерапрыемстваў, якія неабходны, каб уключыць у спісак ЮНЕСКА Каложскую царкву – адзін са старэйшых праваслаўных храмаў Беларусі.
Аб тым, што пачалося абмеркаванне ўключэння Каложскай царквы ў спісак сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, паведамляе прэс-служба Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Пачатак гэтаму паклала сустрэча настаяцеля Барысаглебскага (Каложскага) храма XII стагоддзя протаіерэя Аляксандра Балоннікава з прадстаўнікамі навуковай супольнасці Беларусі з Акадэміі навук і інстытута "Гроднаграмадзянпраект".
Навукоўцы прыбылі ў Гродна, каб пачаць збор матэрыялу і візуальна агледзець Каложскую царкву для падрыхтоўкі намінацыйнага дасье. У дакуменце распрацоўваецца план кіравання аб’ектам. Ён павінен забяспечыць захаванасць гістарычнага помніка і яго каштоўнасцей.
Менавіта гэтая працэдура неабходна для ўключэння Каложы ў спісак сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Каложская царква ў Гродне была пабудавана ў канцы XII стагоддзя. Мур сцен выкананы з валуноў і плінфы – абпаленай глінянай цэглы. У сцены ўмураваны гліняныя збаны-гласнікі, якія паляпшаюць акустыку.
У другой палове XIX стагоддзя частка заходняй сцяны і ўся паўднёвая разбурыліся – з’ехалі разам з схілам гары, які часткова абрынуўся. Паўднёвую каменную сцяну замянілі на драўляную, якая праслужыла больш за сто гадоў.
У 2018 годзе ў Каложы правялі капрамонт – замянілі струхлелую сцяну і правялі важныя работы ўнутры храма. Пасля абнаўлення царква стала цяплейшай, а новая афарбоўка сцяны стала больш гарманічна глядзецца на фоне старадаўняга цаглянага мура.
Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спісак сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
"У Каложы вечныя толькі Бог і рамонт": як змяніўся храм пасля аднаўлення
Помнік Давыду Гарадзенскаму ўсталявалі ў цэнтры Гродна
Каложы замянілі сцяну: самы стары храм Беларусі пасля капрамонта