Гісторыкі і палітыкі дагэтуль спрачаюцца аб тым, якія на самай справе былі нанесены страты эканомікам краін у гады Другой сусветнай вайны і ці па ўсіх рахунках расплацілася Германія. Як ацэньвалі матэрыяльную шкоду ад дзеянняў Трэцяга Рэйха і яго саюзнікаў, наколькі пацярпела эканоміка Беларусі ад акупацыі – чытайце ў матэрыяле Sputnik.
Камісія Майскага
Савецкія ўлады, ды і саюзнікі таксама, задумаліся аб рэпарацыях яшчэ падчас вайны. Летам 1943 года Масква адклікала пасла Івана Майскага з Лондана. Яго прызначылі намеснікам наркома замежных спраў СССР і кіраўніком спецкамісіі па рэпарацыях. Майскі ўвайшоў у гісторыю як прыхільнік самых жорсткіх мер супраць немцаў.
"Германія пасля вайны павінна быць акупіравана саюзнікамі на тэрмін не менш за дзесяць гадоў, раздробнена на некалькі больш ці менш незалежных дзяржаў і падвергнута трайному раззбраенню – ваеннаму, індустрыяльнаму і ідэалагічнаму. На Германію павінны быць накладзены цяжкія рэпарацыйныя плацяжы (у тым ліку працай), а злачынцы вайны падвергнуты суроваму пакаранню", - гаворыцца ў аналітычнай запісцы дыпламата ад 1944 года.
З лістапада 1943-га камісія Майскага пачала тэарэтычныя пошукі. У яе ўваходзілі, у прыватнасці, прадстаўнікі Дзяржплана і Наркамата знешняга і ўнутранага гандлю. Першапачаткова вырашылі, што СССР запатрабуе абсталяванне з нямецкіх заводаў. Пра гэта было наўпрост заяўлена на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Вялікабрытаніі, ЗША і СССР.
Таксама Масква прапаноўвала забраць у Германіі частку караблёў гандлёвага флоту і вырашыць пытанне з працоўнай сілай для аднаўлення разбураных сёл і гарадоў. Як вядома, такімі рабочымі сталі нямецкія ваеннапалонныя.
Пазіцыю СССР часткова падзялялі саюзнікі. Амерыка і Брытанія лічылі, што трэба ўзяць у немцаў прамысловае абсталяванне і машыны. Але яшчэ трэба было зразумець, як вызначыць суму кампенсацый, як ацаніць станкі і іншую маёмасць.
Кошт пытання
У снежні 1944-га кіраўнік Наркамата замежных спраў Вячаслаў Молатаў запатрабаваў ад Майскага назваць дакладную суму прэтэнзій СССР. Намеснік наркома ў чарговай запісцы заявіў, што нацыянальнае багацце Германіі ацэнена ў $90 млрд (па курсе тых часоў), і Савецкаму Саюзу трэба прэтэндаваць на $10 млрд ці нават $12 млрд, каб потым уступіць крыху саюзнікам.
Адна з запісак Майскага, падрыхтаваная для Молатава ў лютым 1945 года (Архіў знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі)
© Sputnik
Сталін лічыў гэта завышэннем і назваў падначаленым суму $5 млрд. У зборніку дакументаў Архіва знешняй палітыкі РФ "СССР и германский вопрос" ёсць даныя аб тым, што Майскі перадаў кіраўніку дзяржавы ліст з просьбай перагледзець суму і зацвердзіць $10 млрд. Дарэчы ён лічыў, што сапраўдная сума шкоды – $128 млрд (679 млрд савецкіх рублёў), і патрабаванні СССР заніжаны.
Кіраўнік камісіі па рэпарацыях таксама прапаноўваў адпраўляць немцаў на прымусовую працу. Размова ішла ў цэлым аб жыхарах Германіі, а не толькі аб ваеннапалонных. Па яго плане, мог пачацца прымусовы вываз людзей у працоўныя лагеры на тэрыторыі СССР.
Разлікі Майскага (дакумент з Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі)
© Sputnik
Сярод прапаноў намнаркома было і паніжэнне планкі пражытачнага мінімуму нямецкіх грамадзян да 50% даваеннага ўзроўню. План меркаваў і канфіскацыю ў Германіі 1,2 млн коней, 4 млн галоў буйной рагатай жывёлы і 4 млн свіней.
Многае з прапанаванага Майскім кіраўніцтва СССР палічыла празмерным. Але ў зборніку дакументаў па Крымскай канферэнцыі 1945 года сказана, што прыкладна за тры месяцы да Перамогі Молатаў перадаў калегам з ЗША і Вялікабрытаніі прапанову выставіць Германіі рахунак на $20 млрд долараў. З іх для СССР – $10 млрд, Вялікабрытаніі і ЗША – $8 млрд, астатнім саюзным краінам – $2 млрд. Рузвельт амаль пагадзіўся, а Чэрчыль – не.
Урон БССР
У любым выпадку, гэтыя сумы тычыліся агульнай шкоды. І размова ішла больш не пра тое, наколькі нашкодзіла Германія, а пра тое, што яна можа аддаць пераможцам.
Аднак яшчэ ў 1942 годзе ў СССР была заснавана надзвычайная дзяржкамісія (НДК), якая дэталёва займалася ацэнкай і матэрыяльнага ўрону, нанесенага гітлераўцамі, і людскіх страт. Таксама гэтая структура займалася зборам даных аб злачынствах акупантаў.
Была і Беларуская рэспубліканская камісія садзейнічання НДК. У маі 1946 года яна налічыла ўрон БССР амаль на 75 млрд савецкіх рублёў. Пры гэтым, урон, нанесены грамадзянам, быў ацэнены ў больш чым 23,5 млрд рублёў, сельскай гаспадарцы – у суму каля 32,5 млрд.
Улічваліся адабраная і знішчаная маёмасць, недаатрыманы даход прадпрыемстваў і калгасаў.
Паводле даных гэтай камісіі, за гады акупацыі гітлераўскія захопнікі забралі з БССР 350 тысяч коней, забілі ці забралі 948 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і гэтак далей. У Рэйх, безумоўна, вывозілі і харчаванне. Калі лічыць у грошах, больш за ўсё забралі збожжа – на 403,5 млн савецкіх рублёў. У натуральным выражэнні на першым месцы аказаліся яйкі (5,4 млн тон) і спірт-сырэц (5,8 тыс літраў).
У шкоду ўваходзілі таксама выдаткі на аднаўленне дарог, воданапорных веж, дамбаў, мастоў і іншых элементаў інфраструктуры. Закранала яна і вытворчыя станкі, якія не толькі знішчаліся немцамі, але і вывозіліся з беларускіх заводаў. Больш за ўсё ў БССР недалічыліся такарных станкоў – 23,4 тыс штук.
Разлікі ўрону БССР са зборніка дакументаў "Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941-1944" (выдадзены ў 1965 годзе)
© Sputnik
У нашы дні Генпракуратура Беларусі пералічыла суму ўрону ў актуальны эквівалент. Атрымалася $2,3 трлн. Для параўнання: у 2023 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту павінны скласці прыкладна 33,4 млрд рублёў, што роўна прыблізна $11,4 млрд. Гэта значыць матэрыяльная шкода, нанесеная Германіяй рэспубліцы ў гады ВАВ, у тысячы разоў перавышае яе сярэдні гадавы бюджэт у цяперашні час.
Дакладных звестак аб тым, якой у выніку аказалася кампенсацыя для Беларусі, няма. Але вядома, што рэспубліка атрымала, напрыклад, прамысловае абсталяванне з Германіі. У прыватнасці, менавіта на нямецкай базе быў створаны Мотавелазавод у Мінску. Гэта пацвярджаецца амерыканскімі крыніцамі. У адкрытай частцы архіва ЦРУ ёсць дакумент, дзе гаворыцца, што Мотавелазаводу аддалі абсталяванне нямецкага велавытворцы Brennabor.
Фрагмент дакумента архіва ЦРУ, у якім сцвярджаецца, што для стварэння Мотавелазавода ў Мінску выкарыстоўвалі абсталяванне з Германіі
© Sputnik
Спачатку на прадпрыемстве нават быў запас камплектуючых з Германіі.
Тэрытарыяльныя набыткі
Саюзнікі і СССР, каб вырашыць пытанне рэпарацый, стварылі міжнародную камісію. Штаб-кватэру размясцілі ў Маскве. Але гэта не значыць, што савецкае кіраўніцтва выйграла. Па выніках перагавораў Саюз, наадварот, уступіў саюзнікам па многіх пазіцыях.
Напрыклад, Масква адмовілася ад прэтэнзій на нямецкае золата, захопленае саюзнікамі ў Германіі. Адной з прычын уступак быў торг за будучыню Польшчы. СССР хацеў, каб гэтая краіна была ў зоне яго ўплыву.
Прычым менавіта савецкія ўлады дабіліся, каб польская дзяржава атрымала пабольш тэрыторый, у тым ліку былых нямецкіх. Нагадаем, што ў склад Польшчы ўвайшла Беластоцкая вобласць БССР. Таксама, пасля аб’яднання ГДР і ФРГ, Берлін выплаціў польскаму боку 500 млн нямецкіх марак, не лічачы яшчэ 2 млрд марак, якія былі выдаткаваны на індывідуальныя выплаты былым вязням канцлагераў.
Як вядома, Варшава ў пачатку 2023 года зноў загаварыла аб кампенсацыях за Другую сусветную вайну. Размова ішла аб 1,3 трлн еўра. А адзін з заходнееўрапейскіх тэлеканалаў, асвятляючы гэтую тэму, адзначаў, што па выніках вайны Польшча не набыла тэрыторыі, а пазбавілася іх на карысць СССР.
Гэта намёк на Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад кантролем Варшавы да 1939 года, калі сілы Чырвонай Арміі зайшлі на гэтыя тэрыторыі і землі сталі часткай БССР.
СССР ужо пасля вайны атрымаў частку Усходняй Прусіі. Яе падзялілі паміж рэспублікамі. Літва такім чынам вярнула сабе Клайпедскі край, які літоўскія ўлады былі вымушаны ўступіць Берліну пад пагрозай нямецкага ўварвання ў 1939 годзе. А РСФСР атрымала новую Калінінградскую вобласць. Цяпер гэта расійскі эксклаў у асяроддзі краін Еўрасаюза.
БССР па выніку сваю тэрыторыю тады не пашырыла, а толькі замацавала вяртанне заходніх зямель, калі не лічыць згаданыя ўступкі Польшчы па Беластоцкай вобласці.
Грошы і абсталяванне
СССР спрабаваў кампенсаваць шкоду не толькі праз рэпарацый. Былым краінам-саюзніцам Германіі выдаваліся крэдыты трафейнымі грашыма. Напрыклад, Аўстрыя атрымала дзве пазыкі ў нямецкіх рэйхсмарках, а потым аддала ў сваёй валюце з працэнтамі, і Саюз выйграў невялікую суму. Але ў цэлым гэтая схема вялікага эфекту не прынесла.
Што да станкоў з нямецкіх заводаў, то гэта быў прынадны кавалак. Бо ў пачатку вайны Германія мела ледзь не самы вялікі ў свеце парк прамысловага абсталявання – больш за паўтара мільёна станкоў.
Немцы не пераставалі вырабляць новыя станкі і захопліваць абсталяванне ў іншых краінах. У 1944 у Трэцяга Рэйха было ўжо звыш двух мільёнаў адзінак такой тэхнікі. Не сакрэт, што і саюзнікі, і савецкія войскі пачалі забіраць абсталяванне вясной 1945-га, калі баі скончыліся далёка не ўсюды.
Па афіцыйных даных, да 9 мая 1945 года савецкія трафейныя каманды змаглі вывезці адносна невялікія аб’ёмы – 550 тысяч тон абсталявання і іншых матэрыяльных каштоўнасцей. Далёка не ўсе гэтыя грузы былі станкамі.
А агульны кошт ацанілі ў $203 млн. Складана сказаць, наколькі гэта дакладная сума, бо ў СССР потым сутыкаліся з тым, што першапачатковыя ацэнкі апынуліся недакладнымі. Калі за справу браліся больш кампетэнтныя спецыялісты, сумы звычайна змяншаліся.
Была і іншая праблема. Для абсталявання не заўсёды паспявалі знаходзіць прыдатныя склады. Некаторыя станкі стаялі пад голым небам і прыходзілі ў непрыдатнасць. Калі ўсё гэта не ўлічваць і браць у разлік першапачатковыя ацэнкі, да ліпеня 1945 года Саюз усё роўна атрымаў не так шмат абсталявання – не больш чым на $1,5 млрд па курсе таго часу. Гэта не цягнула і на палову $10 млрд, на якія прэтэндаваў Майскі.
Тым часам саюзнікі таксама вывозілі з Германіі абсталяванне і іншыя каштоўнасці. Складана сказаць, колькі вагонаў і грузавікоў было адпраўлена, але вываз ажыццяўляўся і з раёнаў, якія неўзабаве павінны былі адысці да зоны адказнасці СССР.
Пры гэтым Амерыка адмовілася прызнаць, што вывозіла каштоўнасці да канчатковага рашэння аб рэпарацыях, – прэтэнзіі былі выказаны Молатаву 7 мая 1945 года, калі той знаходзіўся з візітам у ЗША.
Выгада ЗША
У любым выпадку Штаты былі ў больш выгадным становішчы. На іх тэрыторыі вайны не было. Сур’ёзная шкода была нанесена, мабыць, толькі ваенна-марской базе ў гавані Перл-Харбар на востраве Ааху. Але тады Гаваі яшчэ не лічыліся амерыканскім штатам.
А ў красавіку 1947 года бакі прыйшлі да таго, што каштоўнасці, якія вывозіліся, трэба ацэньваць па ўнутрыгерманскіх цэнах 1944 года. Масква першапачаткова разлічвала на сусветныя цэны ў доларах 1938-1944 гадоў, што больш выгадна.
У шэрагу крыніц прыводзіцца розная выніковая сума рэпарацый, якую атрымаў СССР. Напрыклад, Універсітэт Адама Міцкевіча (Познань) у 2005 годзе апублікаваў працу нямецкага прафесара Йорна Экерта. Паводле яго даных, да канца 1950 года Саюз павінен быў атрымаць рэпарацый крыху больш чым на $3 млрд долараў (па курсе 1938 года).
У 1953 годзе ў СССР з’явіўся дакумент, які паставіў кропку ў гэтай гісторыі. У Маскве палічылі, што рэпарацый дастаткова, хоць краіна не атрымала нават "сталінскія" $5 млрд, не кажучы ўжо пра $10 млрд Майскага. Здаецца, у Крамлі лічылі, што не варта разлічваць на гэтыя сумы.
Газета "Правда" 5 красавіка 1947 года апублікавала адказы Молатава на пытанні Іаганеса Стыла – амерыканскага журналіста нямецкага паходжання, які збег з Германіі пасля прыходу да ўлады нацыстаў. Стыл прама спытаў Молатава, хто атрымаў больш рэпарацый: ЗША, Брытанія ці Саюз.
"Несумненна, што СССР атрымаў значна менш, чым саюзнікі", - суха адказаў Молатаў.
У тым жа інтэрв’ю савецкі палітык сказаў, што $10 млрд не пакрыюць шкоду СССР, але "гэта магло б даць некаторае задавальненне савецкаму народу".
ЗША і Брытанія набылі многія замежныя актывы Германіі. У тым ліку гэта было і 220 тон золата. Амерыка здолела забраць да сябе і шматлікіх нямецкіх навукоўцаў – больш за 250 чалавек. Адзін з самых вядомых – аэракасмічны інжынер Вернер фон Браун.
Праблема была яшчэ і ў тым, што СССР стараўся атрымаць абсталяванне, а заходнія краіны імкнуліся забраць у Германіі патэнты. Капіталістычныя дзяржавы маглі на гэтым зарабіць. У Саюзе, відаць, не зусім разумелі, якая можа быць выгада ад патэнтаў, таму што ўнутры СССР усё было арганізавана інакш…
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Памер шкоды Беларусі ад захопнікаў у гады ВАВ назвалі ў Генпракуратуры
Саюзны праект "Без срока давности" прэзентуюць 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці