МІНСК, 11 мая – Sputnik. У Беларусі расходы дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сямей з дзецьмі штогод складаюць звыш 3% ад ВУП, заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.
"У 2023 годзе на сістэму дзяржаўнай дапамогі выдаткавана 3,5 млрд беларускіх рублёў, з іх 2 млрд пойдуць на выплаты дапамогі па доглядзе за дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Выплатамі ахоплена амаль 400 тысяч дзяцей, з іх 220 тысяч – гэта дзеці да трох гадоў", - адзначыў Кавалькоў.
Намеснік міністра таксама нагадаў памеры дапамогі.
Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці ў Беларусі складае 3,5 тыс беларускіх рублёў, пры нараджэнні другога і наступнага – амаль 5 тыс беларускіх рублёў.
Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў вышэй за мінімальную заработную плату і складае 606 рублёў, а калі ў сям’і выхоўваецца другое і наступнае дзіця – 690 рублёў.
"Калі ж сям’я мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы, то ў сістэме адраснай сацыяльнай дапамогі прадугледжаны бясплатныя прадукты харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця. Выплачваецца штомесячная сацыяльная дапамога на набыццё прадуктаў харчавання, лекаў, адзення, абутку і гэтак далей. І на гэтыя мэты ў 2023 годзе годзе выдаткавана больш за 130 мільёнаў беларускіх рублёў", - паведаміў намеснік кіраўніка профільнага ведамства.
Сістэма сямейнага капіталу
Што да сістэмы сямейнага капталу, то, паводле інфармацыі намесніка міністра, з 1 студзеня 2023 года яго памер складае амаль 30 тысяч беларускіх рублёў.
"У 2023 годзе на выдзяленне сямейнага капіталу ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана 430 мільёнаў беларускіх рублёў. У першым квартале бягучага года ўжо адкрыта 4 тысячы рахункаў", - паведаміў Кавалькоў.
Шматдзетныя сем’і могуць датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капталу на паляпшэнне жыллёвых умоў, на медыцыну, адукацыю, набыццё сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі для членаў сям’і з інваліднасцю.
Так, па стане на 1 мая, прынята больш за 68 тысяч рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, з іх у 83% выпадках грошы пайшлі на вырашэнне жыллёвых пытанняў, 7% – на атрыманне адукацыі і 10% – на медыцынскія паслугі.
Сямейная статыстыка
Як паведаміў намеснік міністра працы і сацабароны, сёння ў Беларусі кожная трэцяя сям’я выхоўвае дваіх дзяцей.
"Значна ўзрасла і колькасць шматдзетных сямей: сёння ў краіне больш за 122 тысячы шматдзетных сямей і ў іх выхоўваецца амаль 400 тысяч дзяцей, а гэта кожнае пятае дзіця ў краіне", - расказаў Кавалькоў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
На што атрымальнікі трацяць сямейны капітал, распавялі ў Мінпрацы
Колькі шматдзетных сямей атрымалі жыллё ў 2022-м, расказаў Мінгарвыканкам
Сямейны капітал вырас у Беларусі