У свеце ідзе маштабная гонка ўзбраенняў, у гэтых умовах беларускія кампаніі ваенпрама вымушаны ствараць новыя і мадэрнізаваць добра забытыя старыя ўзоры. Убачыць некаторыя з іх можна на выставе МILEX-2023, якая 17 мая пачала сваю працу ў Мінску.
За апошнія гады армію Беларусі папоўнілі сучасныя віды ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Частка з іх – ад замежных вытворцаў. Некаторыя распрацоўкі, як запэўнілі вытворцы, паспелі ўжо прайсці праверку.
Карэспандэнты Sputnik паглядзелі, што арганізатары выставы падрыхтавалі для наведвальнікаў аднаго з найбуйнейшых зброевых салонаў на прасторы СНД.
На выставе МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
Беларускі танк
Форум, які праходзіць раз у два гады і для прафесіяналаў ваенна-прамысловай індустрыі ўжо стаў доўгачаканым, адкрыўся з уласцівым яму размахам і ў традыцыйным месцы – на пляцоўках "Мінск-Арэны".
Госці выставы МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
Госці ў пагонах і не толькі віталі адзін аднаго моцным афіцэрскім поціскам рукі, быццам не бачыліся цэлую вечнасць. Пасля паўтарагадзіннага канцэрта, дзе саліраваў акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных сіл Беларусі, яны заняліся аглядам найноўшых ваенных узораў, якія размясціліся як унутры, так і звонку комплексу.
Ваенныя на выставе МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
Асаблівая цікавасць была да танка Т-72, дакладней, да яго новай версіі Т-72 БМ2. Мадэрнізацыю беларуская бронемашына прайшла на 140-м рамонтным заводзе, спецыялісты якога беражліва прывезлі яе на выставу.
Танк Т-72 БМ2
© Sputnik / Виктор Толочко
Што прынцыпова новага ў айчынным танку? Корпус абаронены спецыяльнымі супрацькумулятыўнымі рашоткамі, палепшана браня. Асноўная гармата тая ж, што і раней – 125-міліметровая. Пэўныя новаўвядзенні закранулі прыцэл, у якім устаноўлены новыя сістэмы балістычнага вылічальніка, камплект датчыкаў для павышэння дакладнасці стральбы, а таксама сістэма "Дубль", якая дае магчымасць камандзіру весці агонь са свайго месца ўсімі відамі боепрыпасаў у любы час сутак.
Разыначкай баявой машыны лічаць наяўнасць аўтаномнай устаноўкі сілкавання, якая дазваляе забяспечваць электраэнергіяй агрэгаты танка без запуску асноўнага рухавіка. Па словах распрацоўшчыкаў, танк ужо прайшоў выпрабаванні і ў хуткім часе будзе прыняты на ўзбраенне ў войскі.
Танк Т-72 БМ2
© Sputnik / Виктор Толочко
"Кветка", "Сапфір" і бранявік ад МЗКЦ
Сярод іншых навінак беларускіх збройнікаў – мабільны комплекс радыёэлектроннай барацьбы Р-327 "Кветка", які здольны перахапляць і падаўляць аналагавыя і лічбавыя сігналы.
Комплекс РЭБ Р-327 "Кветка"
© Sputnik / Виктор Толочко
"Таксама ёсць магчымасць падаўлення спадарожнікаў, GPS і "ГЛОНАСС"-навігацыі. Акрамя таго, можна працаваць у спалучанай пары – пеленгаванне-месцавызначэнне. Падаўляць адначасова да чатырох частот", - распавёў прадстаўнік разліку.
Паводле яго слоў, комплекс, які складаецца з двух аўтамабіляў са складанай радыётэхнічнай апаратурай, здольны замяніць сем машын: ён адначасова ўлоўлівае сігнал, стварае перашкоды, праводзіць разведку і аналіз. У складзе разліку комплексу шэсць чалавек: два кіроўцы, два аператары, начальнік станцыі і камандзір аддзялення.
На адкрытай пляцоўцы і шмат іншай бронетэхнікі – абноўлены зенітна-ракетны комплекс "Страла-10", "Шылка".
ЗСУ-23-4 "Шылка"
© Sputnik / Виктор Толочко
Аднак асобна вылучаецца яшчэ адна навінка цяперашняга MILEX – лёгкабраніраваны аўтамабіль Мінскага завода колавых цягачоў. Распрацоўшчыкі правялі скрупулёзную працу па апдэйце штурмавога браневіка, які стаіць на ўзбраенні ва ўнутраных войсках і органах пагранічнай службы.
Бронеаўтамабіль VOLAT
© Sputnik / Виктор Толочко
У выніку машына стала больш манеўранай і эфектыўнай, з’явілася больш цягавітая лябёдка, узмоцнены пярэдні буфер, святлодыёдныя блок-фары і галагенавыя фары-пражэктары. Наведвальнікі, сярод якіх былі ў тым ліку замежныя ваенныя аташэ, ацанілі навінку.
Гледачы змаглі паглядзець і на дапрацаваны айчынны гранатамёт "Сапфір". Максімальная далёкасць паражэння цэлей – кіламетр. Зброя важыць каля 5 кілаграмаў, даўжыня – 800 міліметраў, таму яго цалкам можна назваць мабільным.
Гранатамёт "Сапфір"
© Sputnik / Виктор Толочко
У лютым гэтага года вайскоўцы завяршылі яго выпрабаванні, якія вяліся дастаткова доўга, таму неўзабаве навінку можна чакаць ва Узброеных Сілах краіны.
Расія, Кітай і Іран
Большая частка выставы размясцілася ўнутры канькабежнага стадыёна "Мінск-Арэна", а таму цікавасць да тамашніх экспазіцый была куды большай. Беспілотнікі, аўтаматы, кулямёты, вінтоўкі, боепрыпасы да іх, а таксама сістэмы кіравання – свае распрацоўкі прадставілі не толькі беларускія збройнікі, але і прадпрыемствы ВПК з Расіі, Кітая і Ірана.
На выставе МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
Танк Т-90МС і іншую расійскую броне- і авіятэхніку, якія былі абяцаны да паказу, прывезлі ў паменшанай копіі – у выглядзе макетаў. Прадстаўнікі аднаго з прадпрыемстваў растлумачылі: з дастаўкай "арыгінальных" машын у Мінск "узніклі цяжкасці".
Затое ў поўнамаштабнай версіі прадстаўлены найноўшы рэактыўны агнямёт МРА-А і вялікая колькасць стралковай зброі.
Макеты танкаў
© Sputnik / Виктор Толочко
"Рособоронэкспорт" упершыню на MILEX паказвае высокадакладныя вінтоўкі Bespoke Gun з эфектыўнай далёкасцю стральбы да паўтара кіламетра, а таксама "снайперку" Чукавіна, якая заклікана замяніць легендарную СВД. Вялікая ўвага прыкавана да "навічкоў" – пісталета-кулямёта ППК-20 і пісталета Лебедзева.
Пісталет-кулямёт ППК-20
© Sputnik
Цікаўную экспазіцыю прэзентуе адна з прыватных расійскіх зброевых кампаній, якая займаецца цюнінгам вінтовак, аўтаматаў і пісталетаў. Асноўным матэрыялам для апдэйта служыць шклонапоўнены поліамід, з яго дапамогай атрымліваюць палегчаныя прыклады, дзяржальні і іншыя складальнікі стралковай зброі.
Поліамідныя прыклады для зброі
© Sputnik / Виктор Толочко
Беспілотнікі – на любы густ
Што да беспілотнікаў (у тым ліку пад маркай "Made in Belarus"), іх таксама не абмінулі ўвагай наведвальнікі зброевага форуму. Патэнцыяльных заказчыкаў цікавіць прадукцыя кампаній з Ірана і Кітая, стэнды якіх заняты ў асноўным тактычнымі і ўдарнымі дронамі. Прадстаўнікі замежных кампаній адзначаюць, што беларускі рынак – вельмі перспектыўны, хоць і канкурэнтны.
БПЛА "Лоўчы" на выставе МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
Асобнае месца на выставе занямаюць распрацоўкі беларускіх вучоных ("Бусел") і 558-га авіяцыйнага завода ("Чакан" і "Лоўчы").
"Выпрабаванні ўжо завершаны, ідзе асваенне вытворчасці мадэлі "Чакан". Падчас прэзентацыі прэзідэнту на Абуз-Лясноўскім палігоне мы адпрацавалі адразу два беспілотнікі і знішчылі ўсе цэлі", - расказаў прадстаўнік ААТ "558-ы авіяцыйны рамонтны завод".
БПЛА "Чакан"
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яго слоў, "Чакан" будзе выкарыстоўвацца ў войсках "ужо зусім хутка". Акрамя таго, на прадпрыемстве вядуць працу над стварэннем новых беспілотнікаў з большай баявой нагрузкай.
Праца выставы МILEX-2023 працягнецца па 20 мая. У гасцей форуму ёсць яшчэ тры дні, каб ацаніць поспехі айчыннага і замежнага ваенпрама.
БПЛА "Лоўчы" на выставе МILEX-2023
© Sputnik / Виктор Толочко
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Новую авіяцыйную ракету "Бронебойщик" пачалі выпускаць у Расіі
Міжнародны зброевы салон MILEX-2023 адкрыўся ў Мінску – відэа
Вальфовіч заявіў аб запатрабаванасці беларускага ўзбраення ў свеце