Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

"Уражвае!" Губернатар Прыморскага краю аб патэнцыяле Гомельшчыны

Асноўнымі галінамі для ўстанаўлення дзелавых адносін паміж Гомельскай вобласцю і Прыморскім краем у вытворчай сферы выбраны машынабудаванне, дрэваапрацоўка, хімічная і харчовая прамысловасць.
Sputnik
ГОМЕЛЬ, 7 чэр – Sputnik. Дэлегацыя Прыморскага краю вывучае патэнцыял прадпрыемстваў Гомельшчыны для развіцця кааперацыі. У абласным цэнтры сёння працуе афіцыйнае прадстаўніцтва расійскага рэгіёна пад кіраўніцтвам губернатара Алега Кажамякі, перадае карэспандэнт Sputnik.
Рэгіёны гатовы пашыраць гандлёва-эканамічныя і культурна-гуманітарныя сувязі. Асноўнымі галінамі для ўстанаўлення дзелавых адносін у вытворчай сферы выбраны машынабудаванне, дрэваапрацоўка, хімічная і харчовая прамысловасць.
Тавараабарот паміж Гомельскай вобласцю і Прыморскім краем толькі за студзень-сакавік перавысіў 4,3 мільёна долараў. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага года – рост у разы.
"Наладжана ўзаемадзеянне з Рагачоўскім малочным камбінатам па пастаўцы згушчанага малака. Попыт вялізны, як і па тураўскіх сырах. Але нас цікавяць прамыя пастаўкі без пасрэднікаў, таму мы тут", - падкрэсліў галоўную мэту візіту Алег Кажамяка падчас перагавораў у Гомельскім аблвыканкаме.
Лідарам жа па аб’ёмах і грашовых сродках кіраўнік Прыморскага краю назваў машынабудаўнічую галіну. Паводле яго слоў, гомельскія камбайны "Палессе" добра зарэкамендавалі сябе ў папярэднія гады на Далёкім Усходзе. Супрацоўніцтва з "Гомсельмашам" Алег Кажамяка лічыць перспектыўным напрамкам, асабліва калі беларускія інжынеры папрацуюць над мадэрнізацыяй сельгасмашын для кліматычных умоў Прыморскага краю.
"Уражвае!" – а гэта ўжо рэакцыя кіраўніка расійскага рэгіёна на магчымасці будаўнічай галіны Гомельшчыны. Штогод тут уводзіцца больш за 500 тысяч квадратных метраў жылля, каля 200 тысяч – пры падтрымцы дзяржавы. Кошт "квадрата" для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, крыху вышэй за 500 у.а.
"А можам будаваць ўдвая больш. Працуем не толькі ў Беларусі. У Бранску з мінулага года ў рамках інвестыцыйнага праекта будуем 16-павярховы дом, у жніўні ўвядзем яго ў эксплуатацыю", - дзеліцца падрабязнасцямі гомельскі губернатар Іван Крупко.
Губернатар Гомельскай вобласці Іван Крупко
Слова за слова, і кіраўнікі рэгіёнаў ужо абмяркоўваюць магчымасць пабудаваць цэлы мікрараён у Прыморскім краі, тым больш што вопыт у беларускіх домабудаўнікоў і ў гэтым плане ёсць. Так, яшчэ ў 2015 годзе Гомельскі ДБК зайшоў на будаўнічую пляцоўку міні-поліса Вяснушкі ў Калузе. Праект разлічаны да 2027 года і прадугледжвае ўзвядзенне больш за 64 тысячы квадратных метраў жылля. Палова аб’ёмаў ужо выканана.
У Прыморскім краі аб’ёмы ўводу жылля яшчэ больш – 1 млн квадратных метраў у год, а гэта 25 тысяч кватэр.
"Ёсць попыт не толькі на будаўнічыя матэрыялы, але і рукі. Рукі беларускіх будаўнікоў, якіх вылучаюць працавітасць і высокая працаздольнасць", - дадае Алег Кажамяка.
Усе выказаныя падчас перагавораў пажаданні адразу ж былі аформлены ў пратакол аб намерах, які губернатары змацавалі сваімі подпісамі.
Цяпер прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі, а ў іх ліку міністры сельскай гаспадаркі, прамысловасці і іншых ключавых для эканомікі сфер, адправіліся па маршруце дзелавога туру. У ім тыя прадпрыемствы, якія выклікаюць жывую цікавасць у партнёраў. У іх ліку "Гомсельмаш", "Гомельдрэў", "Гомельшкло", Гомельскі хімічны завод, сельскагаспадарчае прадпрыемства "Цяплічнае" і іншыя.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Лукашэнка расказаў, што перашкаджае развіццю супрацоўніцтва з Далёкім Усходам
Калінінградская вобласць залежыць ад паставак з Беларусі – губернатар
Паўмільярда лепш: Лукашэнка аб аб’ёме гандлю з Ліпецкай вобласцю