З даўніх часоў нашы продкі стараліся прытрымлівацца асаблівай культуры харчавання, заснаванай на ўжыванні шматлікай гародніны і іншых раслін. Выкарыстанне на кухні вырабаў з мяса ці рыбы было далёка не штодзённым. Мабыць таму, у нейкай вясковай хаце нярэдка можна было пачуць такі выраз:
"Якое варыва не варана, еш і не перагаварывай!"
Што ж рабіць, калі ў міжсезонны перыяд, у які прыпасаў ужо амаль няма, а свежыя яшчэ толькі растуць ці гадуюцца, адмаўляліся есці нешта нясмачнае…
Поліўка са свежымі грыбамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А вось чалавека, які ўжывае ўсё без перабору і шмат, у народзе называлі "ламтухом". Дарэчы, пра такіх казалі:
"Менціць усё, без разбору, ламтух!"
Падобных персанажаў не сустракала, бо ненажэру ў сям’і не было. Што ж тычыцца ўмення гатаваць, то не толькі жанчыны, але і мужчыны роду кухарылі выдатна. Калі на стале была нават самая простая страва, яе ўсё адно нахвальвалі і паважліва ставіліся да працы гаспадыні.
Найчасцей на стале вяскоўца была бульба. Нездарма ж у народзе любілі прымаўляць:
"Бяз бульбы ды й мяса куса
Няма яды для беларуса!"
Бульба ж у нас расце добра, і гатаваць мы яе ўмеем! Беларуская "бульбяная кухня" вылучаецца вялікай разнастайнасцю страў з гэтай гародніны і спосабаў яе гатавання.
Ну, хоць сабе ўзяць дранікі, смак якіх са смятанай, або духмянай затаўкай, салам і цыбуляй, вядомы бадай кожнаму.
Традыцыя гатаваць стравы з таркаванай бульбы прызнана нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Цікава і адначасова адметна, што традыцыя гатаваць стравы з таркаванай бульбы нядаўна прызнана нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Бабку, камы, шкілёндру і іншыя стравы з таркаванкі мы прыгатуем іншым разам, а сёння прапаную рэцэпты з тоўчанай бульбы, якія запісала ў вясковых гаспадынь.
Традыцыйныя стравы з тоўчанай бульбы – гэта проста, смачна і заўсёды дарэчы!
"Надабе пячы таўчонікі"
Увогуле таўчонкай або таўканіцай называлі пюрэ з бульбы, тоўчанай гародніны і працёртых ягад садавіны. Калісьці былі вельмі папулярныя бліны з тоўчанай бульбы, якія так і называліся таўчонікі, што адлюстравалася ў народным выслоўі: "Надабе пячы таўчонікі".
Агонь у печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Гатуючы таўчонікі, гаспадыні не замарочваліся з дакладнасцю інгрыдыентаў. Усе прадукты браліся на ўскідку, і часта ў справу ішла бульбяная каша, якая засталася ад вячэры.
Таўчонікі з бульбы
З чаго гатаваць:
500 г пюрэ з бульбы,
2-3 ст. л. мукі,
1 яйка,
1 цыбуліна,
1 ст. л. свінога тлушчу,
тоўсты скрылік сала (для падмазкі),
соль.
Сапраўдная таўканіца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У негарачае бульбяное пюрэ дадаць пару лыжак мукі, яйка, крыху падсмажанай на туку цыбулі ды соль. Запякаць ў печы да ўтварэння залацістай скарынкі з абодвух бакоў.
Падаць са смятанай і скрылікам салёнага агурка.
Пальчыкі бульбяныя з кменам
З чаго гатаваць:
12 бульбін,
0,5 шк. мукі,
1 яйка,
1 цыбуліна,
1 ст. л. топленага масла (свінога тлушчу),
кмен,
соль.
Да бульбы неабходна дадаць смажаную цыбулю
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Бульбу абабраць, зварыць, патаўчы, дадаць муку, яйка, здробненую і падсмажаную цыбулю, масла, соль, усё перамяшаць. З падрыхтаванай масы раскачаць валікі таўшчынёй у палец, нарэзаць іх кавалкамі па 10 см, пасыпаць соллю і кменам. Затым выкласці на змазаную тлушчам (маслам) бляху і запячы ў духоўцы.
Куракі
З чаго гатаваць:
1,5 кг бульбы,
0,5 шк. мукі,
100 г насення лёну (канапель),
1 галоўка капусты.
Як гатаваць. У адвараную тоўчаную бульбу дадаць крыху мукі, зрабіць невялікія піражкі, укачаць іх у тоўчанае насенне. На бляху, засланую лісцем капусты, выкласці піражкі і запячы.
Піражкі бульбяныя з грыбамі
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
100 г сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
0,5 шк. паніровачных сухароў,
4 ст. л. сметанковага масла (тлушчу),
перац,
соль.
Піражкі з тоўчанай бульбы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраную бульбу зварыць, падсушыць, патаўчы, дадаць 1 ст. л. масла, 1 яйка, перамяшаць. Зварыць грыбы, пасячы, перамяшаць з нашаткаванай і падсмажанай цыбуляй, перцам і соллю. З бульбяной масы сфарміраваць невялікія плоскія кружкі, на сярэдзіну пакласці фарш, краі зашчыпаць. Абмакнуць піражкі ў яйка, укачаць у сухары і абсмажыць у разагрэтым на патэльні масле.
Сачні з тварагом
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
4-5 ст. л. мукі,
2 яйкі,
200 г тварагу,
150 г сметанковага масла (тлушчу),
соль.
Як гатаваць. Бульбу зварыць у лупінах, абабраць, патаўчы. Дадаць муку, яйка, соль, старанна перамяшаць. З бульбяной масы сфарміраваць невялікія плоскія кружкі, на сярэдзіну пакласці начынку з тварагу, перамяшанага з яйкам, краі зашчыпаць. Сачні ўкачаць у муку і абсмажыць з абодвух бакоў у разагрэтым на патэльні масле.
Падаць гарачым з маслам або смятанай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Магдалена зязюльку прысылае", або Зязюльчына канюшынка на вясновым стале і ў аптэчцы
Ад Тыбета да Беларусі, або Рабарбар – гэта смачна!
"Каб авёс вялікі парос": гатуем старажытныя стравы і лекі з "конскай" расліны