Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў 8 верасня наведаў Гродна, дзе прыняў удзел у мерапрыемствах з нагоды Дня горада.
У сваім выступленні на ўрачыстым адкрыцці свята дыпламат цёпла прывітаў гараджан і ўсіх прысутных і адзначыў, што Гродна ў дзень свайго 895-годдзя прадстаўляе сабой адміністрацыйны, культурны і гістарычны цэнтр. Ён з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў беларускай зямлі, у якім дзіўна гарманічна пераплятаюцца вялікая шматвяковая гісторыя і сучаснасць, вернасць традыцыям і дух наватарства, спадчына праваслаўя і каталіцызму, якая перадае праз пакаленні памяць аб слаўным мінулым і накіраванасць у будучыню, падкрэсліў пасол.
"Жамчужына над Нёманам – менавіта так, з любоўю, многія называюць Гродна – унікальнае месца, дзе выразна адчуваецца сувязь эпох", - сказаў Барыс Грызлоў.
Ён нагадаў, што горад, які ўзнік на важным гандлёвым шляху з Балтыкі да Чорнага мора, ужо ў XII-XIII стагоддзях ператварыўся ў буйны рамесна-гандлёвы, культурны, а пасля і палітычны цэнтр. Стаўшы часткай Расійскай імперыі і цэнтрам Гродзенскай губерні, з канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя Гродна атрымаў новы магутны імпульс да развіцця эканомікі, інфраструктуры, прамысловасці, культуры, навукі і асветы. Да 1890 года тут налічвалася больш за 70 мануфактур, фабрык і заводаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Гродна перажыў тры найцяжкія гады фашысцкай акупацыі, якая забрала жыцці дзесяткаў тысяч жыхароў, працягнуў дыпламат, і горад беражліва захоўвае памяць аб сваіх абаронцах і вызваліцелях, чые імёны з тых часоў носяць шматлікія яго вуліцы.
Пасол падкрэсліў, што, прайшоўшы праз міжусобныя канфлікты і найбуйнейшыя войны на кантыненце, Гродна здолеў зберагчы сваю ідэнтычнасць. Старажытныя святыні, шэдэўры старажытнарускага дойлідства, готыкі, рэнесансу і класіцызму суседнічаюць тут у адзіным ансамблі з сучаснай архітэктурай, фарміруючы непаўторнае і вядомае аблічча горада.
Гістарычны цэнтр, Стары і Новы замкі – візітная картка Гродна і штогод прыцягваюць тысячы турыстаў, у тым ліку з-за меж Саюзнай дзяржавы.
Барыс Грызлоў таксама звярнуў увагу на тое, што праз старонкі свайго летапісу Гродна здолеў пранесці і непарыўную сувязь з Расіяй.
"Узнікшы ў XII стагоддзі як фарпост Старажытнарускай дзяржавы на паўночна-заходнім рубяжы, пасля горад больш за два стагоддзі адыгрываў значную ролю ў барацьбе славянскіх народаў з паходамі крыжакоў, агрэсіяй Рэчы Паспалітай, а затым – напалеонаўскіх войск і гітлераўскіх полчышчаў. Дзякуючы ўкладу Савецкага Саюза і самаадданай працы гараджан пасля Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне старажытнаму гораду, які моцна пацярпеў ад варожых бамбардзіровак і абстрэлаў, удалося вярнуць гістарычнае аблічча і аднавіць яго эканоміка-прамысловы патэнцыял", - нагадаў дыпламат.
Сёння Гродзеншчына – квітнеючы край, які дынамічна развіваецца, і адзін з найбуйнейшых эканамічных цэнтраў Рэспублікі Беларусь, працягнуў ён.
"Маштаб супрацоўніцтва рэгіёна з Расіяй няўхільна расце. На нашу краіну прыпадае ўжо больш як 60% знешняга тавараабароту Гродзенскай вобласці, што ў грашовым выражэнні набліжаецца да 1 млрд долараў. У горадзе працуюць больш як 90 арганізацый і прадпрыемстваў з расійскім капіталам", - сказаў пасол.
Ён назваў паказальным тое, што ў спіску пабрацімаў Гродна больш за ўсё менавіта расійскіх гарадоў – ад Хімак і Тамбова да Паўднёва-Сахалінска і Туапсэ. З чатырма гарадамі Расіі заключаны Дагаворы аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве, яшчэ два аналагічныя дакументы рыхтуюцца да падпісання з Севастопалем і Уладзікаўказам.
"З улікам маштабу і тэмпаў развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва 28 снежня 2022 года менавіта ў Гродне адкрылася другое па ліку Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта падзея адлюстроўвае і нашу глыбокую павагу да гараджан і горада, і тыя выдатныя поспехі, якіх мы разам дабіліся у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў дыпламат.
Барыс Грызлоў таксама адзначыў, што менавіта на тэрыторыі Гродзенскай вобласці размешчаны адзін з флагманскіх сумесных праектаў – Беларуская АЭС, і чыстая і бяспечная электраэнергія, вырабленая станцыяй з моманту яе запуску, ужо дазволіла зэканоміць каля 5 мільярдаў кубаметраў газу.
Аднак ён прызнаў, што гаварыць пра Гродна толькі мовай лічбаў цяжка, паколькі кожны, каму пашчасціла тут пабываць, абавязкова адчуваў асаблівую атмасферу утульнасці і адчуваў пульс гэтага дзіўнага месца, у якім зліліся векавая мудрасць і квітнеючая маладосць.
"У Гродне заўсёды кіпіць жыццё. Яго смела можна назваць студэнцкім горадам. Тут размешчаны адны з лепшых ВНУ краіны – Дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Дзяржаўны аграрны і Дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэты, выпускнікі якіх праславілі свае альма-матэр дасягненнямі і ў навуковай сферы, і ў практычнай рабоце", - сказаў пасол.
Па словах Барыса Грызлова, жыхары Гродна па праве ганарацца сваім горадам. След у яго гісторыі пакінулі такія выдатныя дзеячы, як класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч, скульптар Ілья Гінцбург, біёлаг Жан Эмануэль Жылібер, Чэмпіён дзвюх Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы Аляксандр Курловіч і многія іншыя.
"Спісак можна было б працягваць бясконца – тым больш, што ён увесь час папаўняецца новымі імёнамі. Гродзеншчына заўсёды была і будзе багатая на яркія таленты", - рэзюміраваў дыпламат.
Карціна ў падарунак
З нагоды 895-годдзя Гродна Барыс Грызлоў перадаў гораду карціну пецярбургскага мастака Анатоля Лукашэнкі "Гродна – Радзіма марской пяхоты Расіі" і адзначыў, што яна звязана з вельмі цікавым гістарычным фактам.
У гады Паўночнай вайны са Швецыяй менавіта ў Гродне пачалася слаўная гісторыя марской пяхоты Расіі. Імператар Пётр I сваім указам даручыў генерал-адміралу Фёдару Галавіну стварыць марскі полк.
16 лістапада 1705 года (або 27 лістапада па новым стылі) Галавін, які знаходзіўся ў Гродне, перадаў найвышэйшае даручэнне ў лісце камандуючаму Балтыйскім флотам віцэ-адміралу Карнеліусу Круйсу. Пацвярджэннем гэтага гістарычнага факта служаць дакументы з Расійскага дзяржаўнага архіва Ваенна-Марскога Флота ў Санкт-Пецярбургу, расказаў дыпламат.
Ён таксама падкрэсліў, што невыпадкова 27 лістапада ў Расіі адзначаецца Дзень марской пяхоты.
Барыс Грызлоў выказаў упэўненасць, што работа Анатоля Лукашэнкі, які з’яўляецца членам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў і членам Саюза мастакоў Расіі, зойме належнае месца ў калекцыі Гродна.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Фестывалі прыгажосці, байкаў і сыру: праграма 895-годдзя Гродна
Копія Каложскай царквы будуецца ў Гродне
З’езд малых гарадоў Расіі і Беларусі пройдзе ў Гродзенскай вобласці