Капітальнага рамонту трасы М1 пакуль што не будзе

Да пытання капрамонту Мінтранс прапануе вярнуцца пасля прывядзення ў парадак сеткі мясцовых аўтадарог.
Sputnik
МІНСК, 28 вер – Sputnik. Рэканструкцыя самай вялікай аўтамабільнай дарогі ў Беларусі Брэст – Мінск – мяжа Расіі адкладаецца, паведаміў начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог Мінтранса Беларусі Сяргей Лявончык на прэс-канферэнцыі ў чацвер, перадае карэспандэнт Sputnik.
Праект поўнай рэканструкцыі трасы абмяркоўваўся ў рэспубліцы ў апошнія гады. Эксперты і дарожнікі не раз канстатавалі, што траса, пабудаваная ў свой час да Алімпіяды-80, мае патрэбу ў татальным рамонце.
"У нас сапраўды была распрацавана канцэпцыя рэканструкцыі гэтай дарогі з давядзеннем яе да параметраў аўтамагістралі – гэта значыць да катэгорыі I-а. З улікам сур’ёзных фінансавых выдаткаў, якія запатрабуе гэты праект, было прынята рашэнне, што пакуль што не будзем праводзіць рэканструкцыю дарогі. Разам з тым, будзем весці рамонт тых участкаў, якія неабходны для падтрымання гэтай дарогі ў нармальным стане", - сказаў Лявончык.
Паводле яго слоў, у праекце рэканструкцыі была ўказана "сур’ёзная сума", і пакуль што складана казаць аб капітальным рамонце трасы.
"Я думаю, што да гэтага пытання можна будзе вярнуцца, калі мы прывядзем усю апорную нашу мясцовую сетку (дарог) у парадак, рэспубліканскія дарогі ў цэлым у вельмі добрым стане. Калі мы гэта зробім, нам ужо будзе па сілах перайсці на такія маштабныя праекты", - канстатаваў прадстаўнік транспартнага ведамства.

Дарагая "алімпійка"

У маі 2021 года Аляксей Ляхновіч, які на той момант займаў пасаду першага намесніка міністра транспарту і камунікацый Беларусі (цяпер - міністр), расказаў у інтэрв’ю Sputnik, што рэканструкцыю беларускага ўчастка трасы М-1/Е30 плануецца рэалізаваць да 2030 года.
Арыенціровачны кошт работ ацэньваўся амаль у два мільярды долараў. Паводле яго слоў, Мінтранс вёў перагаворы з некалькімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі аб удзеле ў фінансаванні праекта.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Амаль аўтабан: як ідзе рэканструкцыя трасы Мінск – Віцебск
Праезд па платных дарогах у Беларусі падаражэе
Пуцін прапанаваў пабудаваць высакахуткасную магістраль паміж Масквой і Мінскам