Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: "Паклон табе, мой беларускі краю!.."
30 верасня спаўняецца 92 гады з дня нараджэння знакамітага майстра беларускага слова. Апошні народны паэт Беларусі пайшоў з жыцця сем гадоў таму. Чытайце біяграфію і пранікнёныя вершы класіка роднай літаратуры ў падборцы Sputnik.
SputnikНіл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго бацька, Сымон Пятровіч Гілевіч, з’яўляўся старшынёй сельсавета, маці, Кацярына Міхайлаўна, займалася гаспадаркай. Акрамя Ніла ў сям’і нарадзілася яшчэ дзевяць дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве.
Да вайны Ніл Гілевіч паспеў скончыць тры класы слабодскай сямігадовай школы, а пасля вызвалення Беларусі пайшоў адразу ў пяты клас у вёску Гайна, якая знаходзілася па суседстве.
Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў, калі яму было дзевяць гадоў. А першы друкаваны твор з’явіўся ўжо пасля вайны, у 1946 годзе: верш "Яблынька" апублікаваў часопіс "Бярозка".
Пасля апошняга, сёмага класа, паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. У апошні год вучобы адначасова выкладаў нямецкую мову ў школе, а потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ.
Літаратурная праца і палітычная дзейнасць
Першая кніга паэзіі Ніла Гілевіча "Песня ў дарогу" выйшла ў 1957 годзе, а ў 1959-м, калі ён скончыў аспірантуру і пачаў працаваць на кафедры беларускай літаратуры, свет убачыў зборнік "Прадвесне ідзе па зямлі". Адначасова з працай на кафедры, Ніл Гілевіч з’яўляўся літаратурным кансультантам у газеце "Звязда". З 1961 па 1968 год, калі ён атрымаў званне дацэнта, выходзяць яшчэ чатыры зборнікі: "Неспакой", "Бальшак", "Перазовы" і "Лісце трыпутніку". У 1978 годзе Ніл Гілевіч становіцца прафесарам. Да гэтага часу ў друку ўжо з’явіліся зборнікі "А дзе ж тая крынічанька", "Запаветнае", "Актавы".
Падчас працы ва ўніверсітэце Ніл Гілевіч пісаў шмат кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, а таксама ўкладаў фальклорныя зборнікі, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Дарэчы, паэт пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.
У 1979 годзе свет убачыў гумарыстычны і сатырычны зборнік паэта "У добрай згодзе".
У 1976–1990 гадах Ніл Гілевіч з’яўляўся членам прэзідыума, а ў 1980–1989-х – першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У гэтыя гады выходзіць зборнік п’ес "Начлег на буслянцы" (1980), вершаваны раман "Родныя дзеці" (1985), а таксама паэтычныя зборнікі "Святлынь" (1984), "Як дрэва карэннем" (1986) і "Повязь" (1987).
Асноўнымі матывамі паэзіі Ніла Гілевіча з’яўляюцца любоў да роднага краю і яго гістарычнай спадчыны, тэмы спалучэння пакаленняў праз час і жахі ваенных гадоў.
Акрамя навуковай і літаратурнай працы займаўся Ніл Гілевіч і палітыкай. 3 1985 года ён працаваў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1990 з’яўляўся старшынёй яго пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
У дзевяностыя гады Ніл Гілевіч выдае кнігі паэзіі "Жыта, сосны і валуны" (1990), "Талісман" (1994), "На высокім алтары" (1994), "Вечны матыў" (1994).
Апошнія гады
У двухтысячныя творчы настрой паэта змяняецца, што лёгка прасачыць па вершах, якія склалі зборнікі "…І плямы на табе няма" (2003), "На флейце самоты" (2004). У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.
Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікімі медалямі, ганаровымі граматамі і прэміямі. За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені (з 1987 года ён з’яўляўся членам праўлення Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы). Ад Югаславіі Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай. Таксама Ніл Гілевіч з’яўляўся апошнім паэтам Беларусі, які атрымаў званне народнага.
Шматлікія вершы Ніла Гілевіча былі пакладзеныя на музыку. Яе напісалі такія славутыя кампазітары, як І. Лучанок, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі і іншыя.
Пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі Ніны Іванаўны.
Цікавыя факты з жыцця
Спачатку быў Нінел
Сапраўднае імя ад нараджэння ў Гілевіча – Нінел. Бацька, які быў старшынёй Слабодскага сельсавета ў Лагойскім раёне, вырашыў назваць аднаго з сваіх сыноў у гонар Леніна, праўда, "перавярнуў" яго наадварот. Ужо ў сталым узросце Гілевіч змяніў сваё імя на Ніл.
Першым чынам – у паштальёны
Ніл Гілевіч працаваў настаўнікам, потым доўгі час выкладаў у БДУ, у 1978-м стаў прафесарам. У 1985-1990 – дэпутат вярхоўнага Савета БССР. Але мала хто ведае, што яго першая прафесія – паштальён. У першыя гады пасля вайны, скончыўшы школу, хлопец разносіў лісты і газеты па вёсках. Ужо потым ён паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, а пасля яшчэ атрымаў і дыплом філалагічнага факультэта БДУ.
Не кланяцца і не прасіць
Гілевіч выдаў больш за сто кніг. Ён шмат перакладаў славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Ёсць у яго зборнікі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы. Выдаў ён і зборнік драматургіі. Але ніводная з яго 15 п’ес пры жыцці так і не была пастаўлена. Сам літаратар гэта звязваў з тым, што ён не абіваў парогі міністэрства і тэатраў і не навязваў ім свае творы.
Паэтычная стыхія
Гілевіч быў сапраўдным універсалам у творчасці, але сам гаварыў: "Мая стыхія – паэзія". Лепшым сваім творам лічыў раман у вершах "Родныя дзеці", напісаны ў 1985-м. Раіў яго чытаць і дзецям, і дарослым – яны па-рознаму ўспрымалі. Ганарыўся цікавымі сюжэтна-псіхалагічнымі хадамі ў гэтым творы.
Вядзьмак-Лысагорскі
Але больш за ўсё шуму нарабіў іншы яго твор. Доўгі час чытачы не ведалі сапраўднага аўтара "Сказа пра Лысую Гару". Аўтарам гэтага гумарыстычнага твора, які распавядаў пра жыццё-быццё літаратараў, быў пазначаны Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. І каму толькі не прыпісвалі гэтую паэму – Рыгору Барадуліну, Анатолю Вялюгіну, Міколе Аўрамчыку… Але толькі амаль праз 30 гадоў Гілевіч, які таксама быў сярод "падазроных", прызнаўся ў сваім аўтарстве.
Сапраўды, у знакамітага паэта нямала пранікнёнай грамадзянскай лірыкі. Сугучныя сённяшняму часу вершаваныя радкі чытайце ў падборцы Sputnik.
* * *
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім –
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!
* * *
Я – беларус, я нарадзiўся
На гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх
Адвеку прашчуры жылi.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi
У свеце знаюць нездарма!
Я – беларус, i я шчаслiвы,
Што мацi мову мне дала,
Што родных песень пералiвы
I зблiзку чую, i здаля.
Я – беларус, i хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу!..
* * *
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: "Беларусь, мая сонца-краіна!"
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр – неўміручы Купала,
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю –
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
* * *
Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць!
Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром.
Толькі зоркі – як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?
Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся…
Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім святле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ –
Запрасіце яго прысуседзіцца!
Ён вас, пэўна, папросіць "Каліну" спяваць
I, напэўна, ад слёз не стрымаецца,
Скажа: "Ах жа, якое купаллейка ў вас!
Ах, якую вы спадчыну маеце!.."
* * *
Вечна спяшаемся, вечна няма нам калi:
Пешшу даўно ўжо не ходзiм па грэшнай зямлi.
Як на пажар усё роўна, нас колы нясуць
Мiма бяроз на прыгорку – цнатлiвых красунь,
Мiма крынiчкi, што цiха з-пад каменя б’е,
Мiма салоўкi, што ў кусце альховым пяе…
Так i iмчымся, ляцiм мiма шчасця свайго.
Што нас прымусiць задумацца: а для чаго?
Лёс і песня
Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы –
I быў ад крыўды зрок слязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:
Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды.
Але сціхаў няўчуты крык бяды –
I паўставала з небыцця нанова
Краса ў абліччы каменя і слова,
Каб зноў зрабіцца прахам праз гады.
I зноў кляліся прадзеды-дзяды:
"Сто раз памром, а не пакінем верыць
У нашу заўтрашнюю славу-веліч,
У нашы заўтрашнія гарады!.."
I зноў нам свеціць ранак малады,
Свой новы лёс народ упарта творыць.
Адкуль жа ў песні праступае горыч?
З глыбінь вякоў… Там – бездань гаркаты.
Жыта, сосны і валуны
Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Замест малітвы
Калi ёсць ты, лёс мой, нада мною,
Аб адным прашу я: не дазволь
У мiры з няпраўдай i хлуснёю
Дажываць мне век на свеце свой.
Не аддай душу у рабства гномам –
Узбунтуй, растурзай, распалi, –
Каб у ёй агнi-маланкi з громам
Жыхалi ад неба да зямлi!