МІНСК, 1 ліс – Sputnik. Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаннях законапраект аб бюджэце Фонду сацабароны насельніцтва (ФСАН), перадае Sputnik.
"У 2024 годзе ў сярэднім пенсіі па ўзросце вырастуць на 15%", - паведаміла на пасяджэнні парламента кіраўнік Мінпрацы Ірына Касцевіч.
Паводле яе слоў, пенсію ў наступным годзе ў краіне будзе атрымліваць прыкладна кожны пяты жыхар. Гэта каля 2,4 млн чалавек, з якіх два млн атрымаюць працоўныя пенсіі. Доля сацыяльных пенсій складзе толькі 2%.
Бюджэт ФСАН на наступны год плануецца бездэфіцытны.
Выдаткі, як чакаецца, перавысяць 27,7 млрд рублёў, з якіх толькі 5,5 млрд пойдуць на розныя віды сацдапамогі. Асноўныя траты – гэта, як і раней, пенсіі. Яны будуць на 17% большыя, чым планавалі на 2023 год.
Даходы фонду павінны скласціся ў суме 28,2 млрд. Традыцыйна большая частка паступленняў – абавязковыя ад работадаўцаў і працуючых грамадзян. Яны забяспечаць 98,4% даходаў, гэта значыць каля 25,6 млрд.
Прыкладна 1,7 млрд рублёў дададуць з іншых бюджэтаў, у тым ліку для пенсій вайскоўцам.
У адным пакеце з праектам бюджэту ФСАН дэпутаты разглядаюць папраўкі ў Падатковы кодэкс і праект рэспубліканскага бюджэту на наступны год. Напрыклад, плануецца ў дзесяць разоў павялічыць транспартны падатак для ўладальнікаў "транспартных сродкаў павышанай камфортнасці". Сярод іх новыя машыны маркі Lexus і іншыя. Усяго такім падаткам ахопяць каля 2,4 тыс аўто.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Выдаткі на пенсіі ў наступным годзе жадаюць павялічыць
Мінпрацы растлумачыла, ад чаго залежыць памер пенсіі і як яе налічваюць
Мінпрацы назвала колькасць ветэранаў ВАВ у Беларусі