МІНСК, 3 ліс – Sputnik. Рэлігійным канфесіям у Беларусі забароняць займацца палітычнай дзейнасцю, аб гэтым заявіў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак.
У пятніцу праводзіцца пасяджэнне круглага стала ў парламенце, дзе праходзіць абмеркаванне праекта закона "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый" (другое чытанне).
На мерапрыемства прыбылі кіраўнікі асноўных чатырох канфесій краіны.
"У праект закона ўнесена норма аб забароне рэлігійным арганізацыям займацца палітычнай дзейнасцю", - сказаў Румак.
Таксама законам уводзіцца забарона на дзейнасць рэлігійных арганізацый, што накіравана супраць суверэнітэту Беларусі.
Акрамя гэтага, паводле слоў Румака, праектам закона ўводзяцца новыя нормы, на падставе якіх будзе ліквідавана рэлігійная арганізацыя: гэта прапаганда вайны, сацыяльнай і грамадзянскай варожасці, экстрэмісцкай дзейнасці.
Пасля ўступлення абноўленага закона ў сілу ў краіне пройдзе перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый і аб’яднанняў.
"Перарэгістрацыя не змяшчае патрабаванняў, якія не могуць быць выкананы, (...) храмы ніхто зачыняць не будзе", - падкрэсліў упаўнаважаны па справах рэлігій.
Вядучая роля праваслаўнай царквы
У праекце закона змяшчаецца норма аб тым, што вядучая роля адводзіцца Беларускай праваслаўнай царкве.
Кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, які прысутнічае на пасяджэнні круглага стала, адзначыў важнасць новага заканадаўства.
"Закон на злобу дня. Цяпер вельмі важны духоўна-маральны складальнік у грамадстве", - сказаў мітрапаліт.
Ён падкрэсліў, што ў праекце закона змяшчаюцца нормы, якія прайшлі выпрабаванне часам, а таксама актуальныя новыя нормы.
Кіраўнік БПЦ адзначыў, што верацярпімасць і заснаваны на гэтым дыялог вельмі важныя.
"Міжканфесійны мір – гэта адно з важнейшых дасягненняў Беларусі", - адзначыў мітрапаліт Веніямін.
Закон аб рэлігійных арганізацыях не абнаўляўся ў Беларусі больш за 20 гадоў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Падчас богаслужэнняў у Беларусі забароняць любую сімволіку, акрамя рэлігійнай
Як выглядае будоўля копіі Каложы ў Гродне: сцены ўзвялі за паўгода
Мітрапаліт Веніямін: Філарэт адыграў значную ролю ў гісторыі Мінскай епархіі