Анішчанка распавёў, ці будзе новая пандэмія COVID

Найбольш эфектыўны спосаб аховы ад каронавіруса – гэта вакцынацыя, заявіў расійскі акадэмік.
Sputnik
МІНСК, 17 ліс – Sputnik. Адразу тры інфекцыі распаўсюджваюцца ў дзяржавах-членах Еўразійскага эканамічнага саюза: грып, ВРЗ, COVID. Пра іх небяспеку расказаў акадэмік РАН Генадзь Анішчанка ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Сезонны рост інфекцыйных захворванняў Генадзь Анішчанка назваў звычайнай прыроднай з’явай. Увосень і ўзімку светлавы дзень памяншаецца, часцяком пераважае пахмурнае надвор’е, як вынік менш паступае ўльтрафіялету, які забівае вірусы. А таму яны больш актыўна распаўсюджваюцца. Толькі ў Расіі, як адзначыў эксперт, з каронавіруснай інфекцыяй шпіталізавана больш за пяць тысяч чалавек.

"Мы жывем у адзінай прасторы ў ЕАЭС. Усюды адзначаецца асенне-зімовы перыяд уздыму захворвання на грып, ВРЗ і каронавірусы "Амікрон" і яго восем падтыпаў. У гэтым годзе мы не чакаем ніякіх сур'ёзных абвастрэнняў сітуацыі", - расказаў Анішчанка.

Паводле яго слоў, для новай пандэміі пакуль што няма ніякіх перадумоў, але пры адной умове – калі будуць прымацца ўсе меры да купіравання распаўсюджвання віруса. Найбольш эфектыўны спосаб – гэта вакцынацыя.
"Ужо больш за 60 мільёнаў чалавек прышчэплены (у Расіі - Sputnik). Перш за ўсё прышчэпліваюцца школьнікі, старэйшае пакаленне, настаўнікі, урачы і работнікі гандлю. Каб атрымаць калектыўны імунітэт, трэба прышчапіць не менш як 70 мільёнаў чалавек. Вакцынацыя працягваецца", - назваў лічбы эксперт.
Таксама ён адзначыў, што ва ўсіх дзяржавах-членах ЕАЭС ёсць людзі, якія па рэлігійных ці іншых перакананнях адмаўляюцца ад вакцынацыі.
"Калі ў СССР з дапамогай вакцын перамаглі коклюш і адзёр, вырасла цэлае пакаленне людзей, якія не ведалі гэтых хвароб. І з’явіліся праціўнікі прышчэпак, нават сярод урачоў, таму што на іх руках дзеці ад гэтых захворванняў не паміралі. Грашыць на людзей, якія адмаўляюцца ад прышчэпак з-за рэлігійных перакананняў, я б не стаў. Найперш гэта недапрацоўка медыкаў", - расказаў эксперт.
Таксама Генадзь Анішчанка расказаў, што ў Расіі цяпер распрацоўваюцца дзве вакцыны супраць каронавіруснай інфекцыі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Як абараніць ЕАЭС ад эпідэмій – відэа
СААЗ: узнікненне новай пандэміі – гэта пытанне часу
Як абараніцца ад новага штама каронавіруса – відэа