МІНСК, 24 ліс – Sputnik. Рассупрацоўніцтва плануе пашырыць адзін з самых сваіх папулярных праектаў "Новое поколение". Пра новыя фарматы, магчымасці і геаграфію паездак прадстаўнікі Рускага Дома расказалі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Многім беларусам праграма "Новое поколение" ўжо добра знаёмая. Яна рэалізуецца з 2011 года ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Асаблівасць праекта – яго трансфармацыя пад умовы і патрабаванні часу. За 12 гадоў у Расіі пабывала больш за 9 тысяч чалавек з розных краін, у тым ліку і Беларусі.
Начальнік упраўлення грамадскай дыпламатыі Рассупрацоўніцтва Кацярына Тарубарава адзначыла, што асаблівасць праекта ў тым, што ў ім удзельнічаюць маладыя людзі – спецыялісты ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, мэтанакіраваныя, якія хочуць даведвацца нешта новае, развіваць свае кампетэнцыі.
"Гэта выгадна тым, што, як правіла, рабяты вяртаюцца з кантактамі, з кантрактамі, што дапамагае фарміраваць прафесійную супольнасць. І не толькі з расійскім бокам. Гэтая праграма сусветнага ўзроўню, яна аб’ядноўвае не толькі Беларусь і Расію, але і аб’ядноўвае яшчэ рэспубліку з іншымі краінамі. Вось у чым яе вялікая перавага", - падкрэсліла Тарубарава.
Начальнік аддзела па працы з моладдзю Юлія Уласава дадала, што "Новое поколение" – унікальная праграма кароткатэрміновых азнаямленчых паездак у Расію маладых прадстаўнікоў палітычных, грамадскіх, навуковых і дзелавых колаў. У ёй таксама ўдзельнічаюць людзі творчых прафесій, медыкі, кулінары і гэтак далей.
У 2023 годзе пры падтрымцы Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь па праграме было накіравана каля 70 актывістаў абсалютна розных напрамкаў дзейнасці. Дэлегаты паўдзельнічалі ў больш як 15 розных праектах, геаграфія якіх уключала многія рэгіёны Расіі.
"Да прыкладу, групы пабывалі на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, Змене маладых дыпламатаў краін Еўразіі, якая прайшла ў Рэспубліцы Алтай, на Міжнародным Weekend моладзі RUS_SVET ва Уладзівастоку. І гэта далёка не поўны спісак", - сказала Уласава.
Кіраўнік Рускага Дома ў Мінску Юрый Макушын заявіў, што гэта адзін з самых папулярных праектаў. Колькасць жадаючых заўсёды значна перавышае колькасць месцаў. Але, з другога боку, гэта дае магчымасць правесці больш якасны адбор, выбраць маладых лідараў, якія, вярнуўшыся ў Беларусь, падзеляцца набытымі навыкамі і ведамі з калегамі. Як прыклад, удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі аднаго з кулінараў, які пасля паездкі ў Расію правёў цэлую серыю майстар-класаў.
У праграмы ёсць адна асаблівасць – паўдзельнічаць у ёй можна толькі адзін раз, ёсць абмежаванні і па ўзросце – ад 25 да 35 гадоў.
Паводле слоў Уласавай, зараз разглядаецца пытанне аб павелічэнні квот, каб даць паўдзельнічаць у праекце большай колькасці маладых людзей. Плануецца павысіць таксама ўзроставую планку – да 40 гадоў. Акрамя таго, у тых, хто найболей паспяхова рэалізаваў атрыманыя навыкі ў Расіі, з’явіцца магчымасць стаць удзельнікам праграмы яшчэ раз, але ўжо ў якасці эксперта.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
"Новое поколение": чаму маладзёжная праграма мае папулярнасць у беларусаў – відэа
Расія і Беларусь плануюць правесці маладзёжную змену для блогераў
Новы турыстычны праект для моладзі плануецца ў Беларусі і Расіі