МІНСК, 3 сне – Sputnik. Беларускія ўлады прынялі рашэнне прадоўжыць да канца наступнага года магчымасць для юрыдычных асоб-рэзідэнтаў атрымліваць ад нерэзідэнтаў наяўную валюту па экспартных дагаворах, гэта прадугледжана сумеснай пастановай Саўміна і Нацбанка №823/23 ад 28 лістапада, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У прыватнасці, дакументам унесена змяненне ў пастанову №363/13 "Аб правядзенні юрыдычнымі асобамі-рэзідэнтамі аперацый, звязаных з экспартам", якая была падпісана прэм’ер-міністрам і кіраўніком Нацбанка ў чэрвені мінулага года.
Дзякуючы гэтаму рашэнню беларускія экспарцёры змаглі атрымліваць наяўныя долары, еўра і юані пры пастаўках тавараў і паслуг на экспарт, але з забеспячэннем залічэння атрыманых сродкаў на банкаўскія рахункі ў Беларусі.
Першапачаткова меркавалася, што мера будзе дзейнічаць да 31 снежня 2023 года, але зараз беларускія ўлады вырашылі прадоўжыць тэрмін яе дзеяння да канца 2024 года.
Раней у прэс-службе ўрада запэўнівалі, што перавод беларускага экспарту на кэш дасць магчымасць айчынным прадпрыемствам ажыццяўляць сваю дзейнасць ва ўмовах санкцый, паколькі абмежавальныя меры, уведзеныя заходнімі краінамі, ствараюць цяжкасці правядзення разлікаў у безнаяўнай форме па валютных экспартных дагаворах.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"