МІНСК, 5 сне – Sputnik. Пытанні уніфікацыі дагаворна-прававой базы ў будаўніцтве для краін СНД абмяркоўваюцца ў Мінску, на пасяджэнне прыбылі дэлегацыі з сямі краін СНД, перадае карэспандэнт Sputnik.
У мерапрыемстве бяруць удзел першы намеснік старшыні Выканкама СНД Леанід Анфімаў, віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Сівак, міністр будаўніцтва і архітэктуры Руслан Пархамовіч.
"Будаўнічая галіна заўсёды была адной з асноўных галін эканомкі Беларусі", - заявіў віцэ-прэм’ер Сівак, адкрываючы пасяджэнне міжурадавага савета.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што будаўнічая галіна адчула праблемы, выкліканыя эканамічным спадам.
"Увесь цяжар і супярэчлівасць працэсаў, якія адбываюцца ў краінах на фоне розных эканамічных сітуацый, адбіўся на будаўнічых галінах", - сказаў Сівак.
Разам з тым ён адзначыў, што намаганні, а таксама прафесіяналізм спецыялістаў дазваляюць мінімізаваць праблемы і захаваць тэмпы будаўніцтва.
Ён адзначыў важнасць пытанняў, якія будуць узняты на пасяджэнні міжурадавага савета СНД, што на працягу двух дзён будзе праходзіць у Мінску.
Лакаматыў эканомікі
У сваю чаргу першы намеснік старшыні выканкама СНД Леанід Анфімаў адзначыў, што будаўнічая галіна стала адным з драйвераў росту, якая выцягнула эканоміку краіны пасля праблемных 1990-х гадоў.
"Гэта не толькі жыллёвае будаўніцтва, але гэта і прамысловае будаўніцтва, і грамадзянскае будаўніцтва", - адзначыў ён.
Па словах Анфімава, пасыл аб тым, што будаўнічая галіна можа стаць лакаматывам эканомікі, дастасавальны і да сучасных умоў.
Разам з тым ён падкрэсліў, што ў яго, як у эканаміста, выклікае заклапочанасць тое, што "змяншаецца доля дададзенай вартасці будаўнічага комплексу ў валавым унутраным прадукце".
Ён прывёў прыклад, што ў 2007 годзе гэта лічба складала 8,5%, а сёння, нягледзячы на высокія тэмпы росту аб’ёмных паказчыкаў у будаўніцтве, яна складае ўсяго толькі 4,8% ВУП.
Што абмяркуюць на пасяджэнні
Сёння ў Мінску на пасяджэнні міжурадавага савета будзе абмяркоўвацца стан нарматыўна-тэхнічнай базы дзяржаў-удзельніц СНД у галіне будаўнічых матэрыялаў і вырабаў.
Таксама будзе абмяркоўвацца пытанне аб наданні статусу базавай арганізацыі дзяржаў-удзельніц СНД па падрыхтоўцы, прафесійнай перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Акрамя таго на разгляд вынесена пытанне аб праекце Канцэпцыі цэнаўтварэння ў будаўнічай дзейнасці дзяржаў-удзельніц СНД.
Заўтра ўдзельнікі пасяджэння наведаюць у Мінску найбольш значныя аб’екты гістарычнай і сучаснай забудовы сталіцы. Плануецца падпісанне шэрага ўзгодненых дакументаў у сферы будаўніцтва і праектавання.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
"Мінскбуд" паказаў, як выглядае станцыя метро "Аэрадромная"
Завод гарачага цынкавання пабудуюць у Мінску
ГЦ на месцы іранскага даўгабуда ў Мінску адкрыюць 31 снежня