"У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
І спеў ліецца ўсё мацней, –
Гулянку справіў пан Падвей".
Завіруха, 1912
"…І, лякаючысь, канца чакаеш ночы.
Ўсё здаецца: ўстаў лясун вялікі –
Чырванеюць, адбіваюць кроўю вочы,
Не змаўкае смех глухі і дзікі".
Пугач, 1909
"…Плесня каля бярагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе
І лілеі расцвілі ў вадзе…"
"Ціхі вечар; знікнула спякота…", 1912
"…Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы…".
"Маладыя гады…", 1915-1916
"…Пабываць у краях незнаёмых,
Ды зазнаць там i шчасця i гора,
I загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора…",
Эміграцкая песня, 1914
"…У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты".
"Ў краіне светлай…", 1917
Калыханкі
Страты
Уплыў Горкага
Мовазнаўства
Родная прырода
Каханне
Славянства
Бежанцы
"Правда, и чёрные дни сплеталися с ясными днями,
Но далеко уж они в прошлое все отошли.
Всех я теперь их люблю, – ведь издали кажется сердцу,
Словно узорная чернь по серебру пролегла".
* * *
Ціхі вечар; знікнула спякота,
Весялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцякае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Йшчэ зялёных, свежых, хоць каравых;
Плесня каля бярагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе
І лілеі расцвілі ў вадзе;
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка, і чыркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лінь ці окунь успляснуцца
І кругі шырока разыйдуцца.
Часам выпаўзаюць паляжаць
Тут вужакі шэрыя на гаць,
У канцы каторай млын схіліўся;
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся,
Пачарнела кола, і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сёння ходзіць кола млына,
Бо прыйшла да млынара дзяўчына,
Каб мог сукруху с сэрца збыць.
У белай вопратцы яна стаіць,
Нахіліла смуглую галоўку
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б'ецца. А стары млынар
Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
I, уставіўшы на хвалі вочы,
Прыглушоным голасам шапоча:
"Пакланюся я табе, царыца,
Чыстая, сцюдзёная вадзіца.
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Бэрагі крутыя падрываеш,
Дрэвы ды каменні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны не гуляе,
Там і сонца краснае не ззяе,
Там не блішча ясная зараніца.
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны.
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у мора-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца
Так і гэтым словам не мінацца".
І падносіць млынару дзяўчына
Яйкі ў рэшаце і палатніну.
Завіруха
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
І спеў ліецца ўсё мацней, –
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б'е.
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ўскіпела снежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп'янелая мяцель.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Санет
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвол твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
Эміграцкая песня
Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.
I няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на свеце не маюць.
Ўсё ім роўна: ці жыць, ці загінуць, –
Аднаго яны моцна жадаюць:
Пабываць у краях незнаёмых,
Ды зазнаць там i шчасця i гора,
I загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора.
Але мы – не таго мы шукаем,
He тагo на чужыне нам трэба.
He рассталіся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.
I на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
I aгні партавыя Лібавы.
* * *
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?".
* * *
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песня, –
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
* * *
Падымі у гару сваё вока,
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Ўсе трывогі зямнога жыцця.
Ціха тучу блакіт закалыша,
У душы адрасце пара крыл, –
Узляціць яна ў сінюю вышу
І ў струях яе змые свой пыл.
Там не трэба ні шчасця, ні ласкі,
Там няма ні нуды, ні клапот,
Ты – царэвіч цудоўнае казкі,
Гэта хмара – дыван-самалёт!
* * *
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла...
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
* * *
Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання.
Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы.
Цёмны сад – вінаград,
Цвет бяленькі вішнёвы, –
I агністы пагляд,
I гарачыя словы.
Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!
* * *
Прывет табе, жыццё на волі!
Над галавой – дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле
Праз лісцяў сець.
Лахмоцці ценяў на палянах,
Схаваўшы золата, ляжаць;
Яго слаі з-пад дзір парваных
Аж зіхацяць.
А к ночы свой чырвоны веер
У небе сонца развярне
І разварушаны ім вецер
У даль памкне.
Калі жа пабляднее золак
І цёмнай зробіцца вада,
Заззяе серабром іголак
Зор грамада.
І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень,
Той дзень, што мае нарадзіцца,
І знікшы дзень.