МІНСК, 12 кас – Sputnik. Ад камфортных умоў залежыць не толькі прадукцыйнасці працы, але і здароўе грамадзян. Аб тым, што можа запатрабаваць ад наймальніка работнік у халодную пару года, распавялі спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Як адзначылі спецыялісты ФПБ, у адпаведнасці з законам "Аб ахове працы" супрацоўнік мае права адмовіцца ад працы, калі гэта пагражае жыццю і здароўю. Гаворачы аб тэмпературным рэжыме, размова ідзе аб экстрэмальных тэмпературах, напрыклад, пры мінус 30, калі чалавек не забяспечаны зімовым спецадзеннем. Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько, спецадзенне павінна быць сертыфікаваным. Гэта значыць купіць камплект танней, але нізкай якасці не атрымаецца.
Што да норм, то ў вытворчых памяшканнях, у залежнасці ад інтэнсіўнасці і разнавіднасці работ, тэмпература паветра павінна быць +16 градусаў і вышэй. А як быць людзям, якія ўвесь час працуюць на вуліцы?
"Ёсць арганізацыі і прадпрыемствы, дзе з-за тэхналагічных патрабаванняў да вытворчага працэсу або эканамічна абгрунтаванай немэтазгоднасці немагчыма ўстанавіць аптымальную тэмпературу на працоўных месцах. У такім выпадку наймальнік абавязаны прадугледзець меры абароны сваіх работнікаў. Напрыклад, арганізаваць дадатковыя рэгламентаваныя перапынкі для адпачынку і абагравання, абсталяваць усім неабходным бытавыя памяшканні, каб работнікі маглі адпачыць і сагрэцца", - адзначыў Манько.
У выпадку парушэнняў работнік можа звярнуцца да наймальніка або патэлефанаваць на "гарачую" лінію ФПБ. Такія сігналы правяраюцца аператыўна.
Спецвопратка ёсць не ва ўсіх
"Абласной прафсаюзнай інспекцыяй на працягу снежня месяца ўжо праведзены маніторынг больш як 50 прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці. На кожным пятым прадпрыемстве выяўлены парушэнні, звязаныя з незабеспячэннем у поўным аб’ёме зімовым спецадзеннем і спецабуткам. На першым месцы, я б сказаў, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу на вёсцы. На жаль, там ёсць праблемы з недахопам фінансавых сродкаў. На некаторых будоўлях бытавыя вагончыкі старыя, дрэнна абаграваюцца і патрабуюць замены", - распавёў галоўны тэхнічны інспектар працы Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Лапуць.
У якасці прыкладу ён таксама прывёў невялікі гандлёвы аб’ект у адным з гарадоў Гомельскай вобласці. Сігнал паступіў на "гарачую" лінію 22 лістапада. Тэмпература паветра не перавышала 10 градусаў. У ходзе праверкі высветлілася, што гэта з-за няспраўнай сістэмы ацяплення. Працу аб’екта прыпынілі да ўхілення непаладак.
"За парушэнне санітарных норм прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне. Для фізічных асоб – 30 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 200 базавых велічынь, а для юрыдычных асоб да 500 базавых велічынь", - прывёў лічбы Манько.
Таксама ён прывёў цікавую інфармацыю. Напрыклад, у сталічным рэгіёне ёсць нямала адкрытых рынкаў, дзе наёмныя работнікі працуюць не ў памяшканні, а пад навесамі на адкрытым паветры. На працягу доўгага часу ад іх не паступіла ніводнай скаргі.
Больш за ўсіх "мёрзнуць" офісы
Самыя камфортныя ўмовы працы ў офісных працаўнікоў. Тэмпература паветра павінна быць не ніжэй за +21 градус. Як ні парадаксальна, але менавіта ад такіх супрацоўнікаў паступае найбольшая колькасць скарг.
"Больш за 90% зваротаў гэта толькі офісныя будынкі і збудаванні, якія знаходзіцца ў арэндзе, гэта значыць арэндадаўцы, яны не зусім, так скажам, добрасумленныя", - адзначыў Манько.
Таксама спецыялісты ФПБ адзначылі, што супрацоўнік абавязаны насіць спецвопратку, якую ім выдалі. Больш за тое, насіць яе па правілах. На адным з прадпрыемстваў загінуў чалавек. Прычынай стала не зашпіленая куртка. Яе наматала на кардан, рабочы атрымаў траўмы не сумяшчальныя з жыццём.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Прафсаюзы праводзяць маніторынг тэмпературнага рэжыму на працоўных месцах
Кліматолагі расказалі пра снежаньскія рэкорды ў Беларусі за 100 гадоў
Беларускі этнограф па народных прыкметах разлічыў, якая будзе зіма