МІНСК, 15 сне – Sputnik. Лепшы санаторый і гасцініцу выбралі ў Мінску ў рамках рэспубліканскага турыстычнага конкурсу "Пазнай Беларусь", перадае карэспандэнт Sputnik.
Пераможцам штогадовага конкурсу сярод 4-5-зоркавых гасцініц стала мінская "Victoria & SPA". Лепшым трохзоркавым атэлем з нумарным фондам звыш 101 прызнаны атэль "Аква-Мінск". А лаўрэатам у катэгорыі 3 зоркі да 100 нумароў назвалі сталічны "Атэль Манастырскі".
Званне "Санаторый года" дасталася "Прыазёрнаму", размешчанаму недалёка ад вядомага возера Нарач. Таксама была названа лепшая аграэкасядзіба 2023 года, ёй стала "Утрына", размешчаная ў вёсцы Моргі Глыбоцкага раёна.
Акрамя таго, лаўрэатамі конкурсу сталі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", які перамог у намінацыі "Музей года", заказнік рэспубліканскага значэння "Выдрыца" (у намінацыі "Аб’ект экалагічнага турызму"), Мінскі трактарны завод (намінацыя "Аб’ект прамысловага турызму "), Жыровіцкі мужчынскі манастыр (намінацыя "Аб’ект рэлігійнага турызму") і іншыя.
"Асаблівасць конкурсу ў тым, што ўдзел могуць прымаць не толькі прафесіяналы сферы, але і звычайныя вандроўнікі, якія наведваюць турыстычныя дэстынацыі. Яны могуць сфатаграфавацца на фоне нашых вядомых тураб’ектаў і адправіць фота для ўдзелу ў конкурсе", - расказала дырэктар Дэпартамента па турызме Мінспорту Беларусі Ірына Варановіч.
Рэспубліканскі турыстычны конкурс "Пазнай Беларусь" праводзіцца штогод, у рамках яго ўзнагароджваюць лепшых прадстаўнікоў галіны. У гэтым годзе конкурс сабраў 835 удзельнікаў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"