Снежны дзед
Колькі шуму, колькі смеху:
Дзеда лепім мы са снегу!
Задала зіма работы –
Па двары кацілі ўтрох
I паставілі ля плоту.
Дзед стаіць, хоць і без ног.
Замест рук уткнулі папкі,
Вочы – вугалю кавалкі,
Нос – чарэпак з гладыша,
Барада – шматок кудзелі,
А на лысіну надзелі
Кош замест капелюша.
Ну і дзед! Відаць, яму
Тут стаяць усю зіму.
Будзе ён тут па начах
Наганяць на зайцаў страх,
Каб не бегалі сюды
Сад псаваць наш малады!
Зіма
Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі,
Апусціў галіны
I стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна –
Ні канца, ні краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела,
Змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць,
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.
Першы снег
Я раніцой расплюшчыў вочы,
Спыніўшы сноў імклівы бег.
Святло чароўнай белай ночы
Разліў па хаце першы снег.
Падскочыў з ложка да фіранкі,
Багацця белага – да стрэх.
І гурбы пульхныя на ганку,
З'явіўся сябар лепшы – снег!
Цяпер штодня я з ім гуляю.
І нават ноччу часта ў сне
Будую крэпасці, знішчаю,
А ён цярплівы гэткі, снег!
Міне зіма. Вясна настане
І снег змяце з падворка прэч.
Ды не навечна ён растане –
Яшчэ з ім будзе шмат сустрэч!
* * *
Снег.
Сняжынкі, як пушынкі,
Асядаюць на трысці.
Засняжыў
сняжок
сцяжынку,
Нельга поле перайсці.
Сонца ніжай,
вечар бліжай.
Клуб.
Агні за полем тым.
Возьмем з Лізай
нашы лыжы,
Горы снегу
праляцім!
Зімовая дарога
Шпарка коні імчацца у полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой,
Запяваюць аб долі і волі,
Напяваюць у сэрцы спакой.
Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
I маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць.
Поле нікне у срэбным тумане,
Снег блішчыць, як халодная сталь,
I лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.
Адмарозіў лапкі
Коцік басаногі
Па сняжку гуляў.
Адмарозіў лапы
I заплакаў: – Мяў...
Што за дзіва гэта?
Трэба бегчы ў дом:
Снег такі халодны,
А пячэ агнём...
Вавёрка
Скок вавёрка па сасне –
Паляцеў з галінак снег.
Пад сасною Зайка спаў –
Ён адразу белы стаў.
Снежны дзед
Скачуць дзеці. Шум і смех.
У камы качаюць снег.
Толькі снегу быў камяк,
А ўжо вырас дзед-дзівак:
Галава нібы падушка,
Шапка з’ехала на вушка,
Губы – порхаўка,
Нос як моркаўка.
Пояс – рэмень наўскасяк,
З боку венічак-галяк.
Крочаць дзеці на абед,
I адзін застаўся дзед.
Верабейчык на плячы
Чыркнуў дзеду: – Чык-чык-чык!
Пасля пырхнуў – і няма,
Сыпле белы пух зіма.
Паглядзеў яму услед,
Зажурыўся снежны дзед.
На горцы
Мне купілі санкі,
Санкі-самакаты.
I пабеглі шпарка
Мы на горку з братам.
Снежныя падушкі
Беллю вабяць вока...
Мы ляцім, бы птушкі,
Мы ляцім далёка.
Як у небе зоркі,
Снег вакол іскрыцца.
Эх, на санках з горкі
Хораша пусціцца!
Прыбягайце ўранку
Вы да нас, да хаты.
Мы дадзім вам санкі,
Санкі-самакаты.