Зімовы квасок для смачнага посту, або Перадкалядны гірос
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГірос
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прапануе прыгатаваць піліпаўскія посныя стравы і распавядае, чаму трэба кулінарыць толькі ў добрым настроі.
У апошнія гады цёплыя, з частымі адлігамі зімы прымусілі забыцца на тое, як павінна выглядаць сапраўдная зіма. Сёлета ж снягі за акном адпавядаюць назве першага зімовага месяца. Зямлю накрыла цёплая снежная коўдра, і гэта не можа не цешыць гаспадароў – цяпер маразы не страшныя.
Працягваецца Піліпаўка або зімовы перадкалядны пост, які ў Праваслаўнай царкве папярэднічае Раству Хрыстову. Вядомы з раннехрысціянскіх часоў ён працягваецца 6 тыдняў – з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна. Пост усталяваны Праваслаўнай царквой дзеля духоўнага прыгатавання да сустрэчы свята Раства Хрыстова.
Чаму Піліпаўка? Назва звязана з тым, што загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа, аднаго з 12 апосталаў, які паходзіў з Віфсаіда ў Галілеі. Аднойчы, за прапаведванне слова Божага ў Фрыгіі святога апостала Піліпа схапілі і ўкрыжавалі ўніз галавой, пасля чаго ён загінуў. Жыццёвая стойкасць духа і веры гэтага святога – прыклад адпаведных паводзін падчас посту для вернікаў.
"Управіцца" па гаспадарцы
У Піліпаўку дзень да поўдня. І ўсе думкі гаспадара звычайна аб тым, што, пакуль светла, трэба паспець "управіцца" па гаспадарцы. Халодны пранізлівы вецер уздымае снежны пыл каля сцен хаты, і трэба паклапаціцца пра цяпло, прынесшы са двара дровы. І вось ужо бліжэй да ночы агонь пачынае весела спяваць у коміне грубкі. Седзячы каля яе, гаспадыня думае аб меню на заўтра. Посных страў павінна хапіць ад сняданку да вячэры. Але жанчына не бядуе, бо ў яе клеці поўна прыпасаў, а верная сяброўка – печ – дапаможа прыгатаваць.
Хто не ведае – каб быць здаровым, варта трымацца здаровага ладу жыцця і правільна харчавацца. Нашы продкі пра тое добра ведалі і ўмелі смачна гатаваць.
За лета і восень у працавітых гаспадароў назапашана багата гародніны, грыбоў і ягад, заўсёды ёсць сухая і свежая рыба, канаплянае і льняное масла.
Як казалі здаўна на вёсцы:
"Хто дбае, той і мае".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяХто дбае, той і мае
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У вялікай пашане ў пост было зерне (жыта, ячмень, авёс), грэчка, бабы (пасоля, чачавіца, гарох), гародніна (буракі, рэпа, рэдзька, бручка, капуста, бульба, цыбуля, часнок), дзікія расліны (крапіва, снітка, шчаўе, лебяда), насенне лёну і канопляў, гарбузікі, арэхі, сухафрукты, мачоныя яблыкі, брусніцы, журавіны.
Шмат у якіх посных стравах прысутнічалі сухія і салёныя грыбы. Яны выконвалі ролю як закрасы, так і самастойнай стравы. На асобным месцы – стравы з разнастайнай рыбы: яе адварвалі, запякалі, сушылі, вэндзілі, салілі, марынавалі, таксама з яе рабілі халадзец, варылі юшку.
Гатаваць – з любоўю
У беларускай кухні немала рэцэптаў посных страў, якія варта запісаць у сямейны кулінарны сшытак.
Пачыналі кулінарыць толькі ў добрым настроі, кажучы, што ежу трэба гатаваць з любоўю:
"Калі не з любоўю гатаваць – то будзе балець жывот!"
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГатуем у пост
Гатуем у пост
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вось вам некалькі цудоўных рэцэптаў, вышуканых мной у кулінарных вандроўках па Беларусі, найпершы з якіх – "гірос".
Гірос або квасок
Гэта посная страва адносіцца да халодных супоў. Ужываць яе можна круглы год, бо патрэбныя прадукты заўсёды пад рукой. Цяпер на гэтую страву амаль забыліся, але дарэмна – вітамінная, смачная, простая страва да нядаўняга часу была распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
У залежнасці ад рэгіёна страва мела розныя назвы, а нязначныя змены ў рэцэптуры дадаюць ёй форы. Так, назва "гірос" сустракаецца пераважна на Гарадзеншчыне ды ў Капыльскім і Слуцкім раёнах Мінскай вобласці. У Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці і Свіслацкім раёне Гродзенскай страву ласкава называюць "квасік" або "квасок". Калі ў страву дадаваўся чэрствы хлеб, яна набывала пэўны смак і статус, бо з хлебам – трывалей!
У вёсцы Сяргеевічы, што непадалёку ад Мінску, пра такую страву без хлеба казалі:
"Ціры – баціры, а папы – ма".
"Папай" тут называлі хлеб. У гіросе ж усе інгрыдыенты бяруцца адвольна ў залежнасці ад порцый.
З чаго гатаваць:
1 цыбуліна,
вада,
воцат (да смаку)
соль.
Як гатаваць. Падкісленая і падсоленая вада запраўлялася цыбуляй і зялёным кропам. Не ў пост забельвалі смятанай. Елі з бульбяной кашай, якую маглі заскварваць, або падавалі смажанае сала асобна.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГірос - суп з бярозавага квасу
Гірос - суп з бярозавага квасу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Замест воцату і вады можна выкарыстоўваць бярозавы квас, як робяць у Капыльскім раёне. Таксама ў страву часта ламалі сухі аржаны хлеб.
Гарохавы суп
З чаго гатаваць:
2,5 л вады,
400 г гароху,
1 цыбуліна,
1 морквіна,
2 ст. л. алею,
зеляніна пятрушкі або кропу,
соль.
Як гатаваць. Гарох замачыць на 2-3 гадзіны у халоднай вадзе і варыць у ёй жа да мяккасці. Апусціць туды моркву нарэзаную тонкімі кружочкамі або саломкай. Калі гарох і морква канчаткова зварацца, заправіць нашаткаванай і абсмажанай на алеі цыбуляй, пасаліць. Пасмажыць лусты аржанога хлеба і падаць да супу, запраўленага сечанай зелянінай.
А яшчэ да гэтага супу замест грэнак можна спячы посны пірог з цыбулі.
Цыбульнік
З чаго гатаваць:
800 г мукі,
30 г дражджэй,
2 шк. вады,
8 шт. цыбулін,
3/4 шк. алею,
соль
Як гатаваць. З мукі, вады, дражджэй і солі замясіць цеста, даць падысці. Раскачаць на тонкія бліны і спячы. Абсмажыць на алеі цыбулю і перакласці выпечку. Зноў уставіць у печ, або духоўку, і крыху падпячы.
Посцім смачна!
Чытайце таксама:
Посцім смачна: булён з галавы асятра і гарохавыя брускі
Бурачнае застолле, або Сонца ў "ажагу" – час абедаць!
Серадапосце, або "Крупіна за крупінаю ганяецца з лазінаю"
Пень-калода, чы заўтра будзе пагода? Або ці спраўджваюцца народныя прыкметы
Посны абед з трох страў, або Старажытная кухня "не на губу, а на зуб"