У Мінску адкрылі першы музей гадзіннікавай справы – фота

Механічныя гадзіннікі даўно перасталі быць утылітарнай рэччу, зараз гэта модны аксэсуар і паказчык статусу. Глядзіце ў фотарэпартажы Sputnik, якую "механіку" і "кварц" можна ўбачыць у музеі гадзіннікавай справы.
Sputnik
У беларускай сталіцы сёння стала на адну музейную прастору больш. Цяпер любы жадаючы зможа пашырыць свае веды не толькі аб гісторыі гадзіннікавай справы, але і аб вытворчасці беларускіх гадзіннікаў.
Зусім хутка гадзіннікавая справа ў Беларусі адзначыць 70-гадовы юбілей. Першы гадзіннік з мінскай прапіскай быў выпушчаны на заводзе ў 1955 годзе. Тады гэта быў запазычаны калібр з завода "Заря". Цяпер у рэспубліцы могуць пахваліцца толькі адным уласным калібрам – 1801.
У новым музеі ў экспазіцыі можна ўбачыць каля 200 мадэлей гадзіннікаў, але самі музейныя фонды налічваюць у 5 разоў больш. І фонды, і экспазіцыя ў будучыні будуць толькі прырастаць.
Фрагмент сонечнага гадзінніка, створанага ў першай палове XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай
Пачынаецца выстава з фрагмента сонечнага гадзінніка, які быў створаны ў першай палове XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай. Праўда, гэты экспанат належыць Нацыянальнаму гістарычнаму музею і тут пакуль што на часовым захоўванні.
Гадзіннікі з маятнікавым механізмам доўгі час былі самымі распаўсюджанымі, пакуль не з'явіліся кішэнныя
На некалькіх стэндах прадстаўлены механічныя гадзіннікі, якія ў розныя гады выпускаліся ў Швейцарыі, Японіі, Расійскай імперыі і пазней у Савецкім Саюзе.
Самая большая частка выставы адведзена пад гадзіннікі, сабраныя ў Беларусі. Ёсць там і такі цікавы экспанат, як гадзіннік-будзільнік, створаны нямецкай фірмай Фуртванген, але з вельмі цікавымі дэталямі.
Гадзіннік-хранограф механічны з двума дадатковымі шкаламі вытворчасці фірмы Longines, Швейцарыя, 1890-1920 год
У Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд гадзіннікавыя майстры заказвалі сабе ў варшаўскім філіяле нямецкія механізмы і друкавалі самастойна цыферблаты.
Гадзінік-хранометр, кішэнны, механічны з функцыямі календара, секундамера, паказальніка дзённага і начнога часу, Германія, пачатак ХХ стагоддзя
На адным з музейных будзільнікаў напісана, што ён зроблены гадзіннікавым майстрам Белавусам у Пінску, а яго майстэрня была на вуліцы Касцюшкі.
Гэты будзільнік зроблены гадзіннікавым майстрам Белавусам у Пінску, а яго майстэрня была на вуліцы Касцюшкі
Далей на стэндах – ужо беларускі гадзіннік, які вырабляўся ў пасляваенны час, пачынаючы з першых жаночых, якія выпусцілі ў 1955 годзе, дзе на механізме яшчэ ёсць кляймо мацярынскага завода "Заря".
Інжынерная дакументацыя на канструктарскія чарцяжы механізма наручных гадзіннікаў 1801
Тут экспазіцыя ідзе ў храналагічным парадку следам за кожным новым механізмам, які выпускаў Мінскі гадзіннікавы завод. Прычым вакол кожнага калібру размешчаны самыя масавыя мадэлі.
Эскіз наручнага гадзінніка з календаром "Дзень-Ноч" у маштабе 5:1
У музеі прысутнічаюць і знакамітыя калібры 2209 і 2359.
Гадзіннік з калібрам 2209 – па адной з кіношных легенд, менавіта гэтую мадэль насіў Шцірліц
Але большасць людзей запамінаюць не назвы калібраў, а цыферблаты. Мінскі завод заўсёды славіўся разнастайнасцю мастацкіх рашэнняў.
Гадзіннікавы механізм мадэлі 2209. Літары SU (Soviet Union) кажуць аб тым, што гэта экспартны варыянт
У экспазіцыі ёсць і ўльтрамодныя ў свой час "тэлевізары", мадэль, зробленая да Алімпіяды-80, цікавы экзэмпляр медыцынскіх гадзіннікаў, функцыі якіх дазваляюць змераць ціск.
Ультрамодны ў свой час гадзіннік-"тэлевізар"
Прынята лічыць, што заканадаўцамі моды ў гадзіннікавай справе з’яўляюцца швейцарцы, але самы дакладныя і тэхналагічныя гадзіннікі выпускаюцца ў Японіі.
Гадзіннік кішэнны, механічны, з бакавой секунднай стрэлкай вытворчасці фірмы Shokosha Watch Research Institute, Японія, 1930-1933. Адна з першых мадэлей Citizen
Нядзіўна, што ў савецкія гады гадзіннікавы завод падгледзеў за японцамі і выпусціў мадэль з вечным календаром са стыльным зялёным цыферблатам.
Гадзіннік "Луч" з вечным календаром
Сярод экспанатаў можна ўбачыць і такія рэдкія гадзіннікі, як астранамічныя з месячным календаром, электронна-механічныя, у якіх нават завадная галоўка зроблена на 4 гадзіны, каб не перашкаджаць кісці на згібе.
Экспазіцыя музея гадзіннікавай справы
Музей ужо паўнацэнна працуе і размяшчаецца па адрасе вуліца Натуралістаў, 3. Дарэчы, калі заказваць экскурсію, то можна дамовіцца і паглядзець, як зараз збіраюцца сучасныя гадзіннікі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"