Расходы на ўтрыманне і рамонт дарог у Беларусі павялічаць у два разы

Беларускія ўлады вырашылі павялічыць даходы дарожнага фонду за кошт платы за афармленне дазволаў для замежных перавозчыкаў.
Sputnik
МІНСК, 10 сту – Sputnik. Выдаткі на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты, будаўніцтва і рэканструкцыю рэспубліканскіх аўтамабільных дарог у 2024 годзе перавысяць 1,5 млрд рублёў, вынікае з даных міністэрства фінансаў Беларусі.
У 2023 годзе гэтая сума была роўная амаль 686 млн рублёў.
Даходы дарожнага фонду ў гэтым годзе складуць 811,7 млн рублёў, а вось у 2023 годзе закладвалі суму ў 529,1 млн рублёў.
Таксама ў мінулым годзе з рэспубліканскага бюджэту ў фонд вырашана было дадаць 488 млн, а ў 2024-м субвенцыі складуць больш за 1,1 млрд.
Пры гэтым у бягучым годзе фонд, як чакаецца, папоўняць не толькі за кошт платных дарог і транспартнага падатку. Будуць і паступленні ад платы замежных перавозчыкаў за дазволы на праезд па беларускай тэрыторыі. Гэтая сума па плане павінна скласці 180 млн рублёў.
Паступленні ад транспартнага падатку складуць каля 300 млн (у 2023 было 267,2 млн). Даходы ад платных дарог – звыш 288 млн (у мінулым годзе – 221,4 млн).
Таксама з дарожнага фонду будуць браць грошы на пагашэнне крэдытаў Банка развіцця, якія выдаваліся на развіццё дарожнай сеткі. У 2024 годзе трэба аддаць 155,3 млн рублёў, а ў мінулым годзе сума была 146,1 млн рублёў.
Увогуле паступленні ад транспартнага падатку вырастуць прыкладна на 12%. У тым ліку гэта адбудзецца за кошт павышэння ставак падатку. Таксама ў дзесяціразовым памеры яго заплацяць уладальнікі аўтамабіляў прэстыжных марак, узрост аўто павінен быць не старэй за тры гады.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Капітальнага рамонту трасы М1 пакуль што не будзе