МІНСК, 23 сту – Sputnik. Сілы ЗША і Вялікабрытаніі нанеслі ўдары па васьмі аб’ектах йеменскіх хусітаў, пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве краін.
"Ваенныя ЗША і Вялікабрытаніі па загадзе сваіх урадаў і пры падтрымцы Аўстраліі, Бахрэйна, Канады і Нідэрландаў нанеслі дадатковыя прапарцыянальныя і неабходныя ўдары супраць васьмі аб’ектаў хусітаў у Йемене", - адзначаецца ў тэксце.
Мэта ўдараў – зніжэнне магчымасцей хусітаў атакаваць судны, якія ідуць міжнароднымі гандлёвымі маршрутамі. У прыватнасці, сённяшні ўдар быў накіраваны на падземнае сховішча хусітаў і месцы, звязаныя з магчымасцямі ракетнага і паветранага назірання.
На сайце брытанскага ўрада адзначаецца, што самалёты выкарыстоўвалі высокадакладныя кіраваныя бомбы Paveway IV.
Удары па хусітах
Нагадаем, што ЗША і Вялікабрытанія з сярэдзіны студзеня наносяць удары па аб’ектах хусітаў.
Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што гэтыя атакі – адказ на пагрозу свабодзе міжнароднага суднаходства і бяспецы вайскоўцаў.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак у сваю чаргу растлумачыў, што групоўкі хусітаў здзейснілі шэраг небяспечных і дэстабілізуючых атак на камерцыйнае суднаходства ў Чырвоным моры, пагражаючы суднам як Брытаніі, так і іншых краін.
Член вышэйшага палітычнага савета "Ансар Ала" Мухамед Алі аль-Хусі назваў дзеянні Вашынгтона і Лондана тэрарыстычным варварствам і наўмыснай і неапраўданай агрэсіяй.
Хусіты, якія кантралююць большую частку йеменскага ўзбярэжжа Чырвонага мора, раней папярэджвалі аб сваіх намерах атакаваць любыя караблі, звязаныя з Ізраілем. Яны заклікалі іншыя краіны адклікаць з такіх суднаў свае экіпажы і не набліжацца да іх у мора.
Хусіты таксама заявілі, што іх дзеянні ў Чырвоным моры накіраваны на дапамогу палесцінцам у сектары Газа.
У выніку шэраг суднаходных кампаній вырашылі прыпыніць перавозкі праз Чырвонае мора.
У МЗС Расіі заяўлялі, што дзеянні ЗША ў Йемене – гэта прамая пагроза глабальнаму міру і бяспецы. У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што нелегальныя кааліцыі ЗША прыводзяць да праблем і ў іншых рэгіёнах свету, у тым ліку ва Украіне.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"