Па апошняй статыстыцы Нацбанка, беларусы сталі больш аддаваць перавагу ўкладам у нацыянальнай валюце. Так, паводле вынікаў 2023 года рублёвыя ўклады павялічыліся амаль на 25%, у той час як сярэдні аб’ём тэрміновых дэпазітаў у замежнай валюце скараціўся на 17,4%.
Ці значыць гэта, што ўклады ў нацыянальнай валюце сталі больш выгадныя і прывабныя для беларусаў і ў якія банкі лепш несці свае зберажэнні – паспрабаваў разабрацца Sputnik.
Вельмі прывабна
У канцы лістапада мінулага года максімальныя стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях рэзка падскочылі з 13,1% гадавых да 13,5% і трымаюцца на такім узроўні амаль два месяцы.
Такую стаўку гадавых цяпер гатовы прапанаваць два банкі: Альфа банк і банк "БелВЭБ". Амаль такую ж стаўку прапануе і банк "ВТБ (Беларусь)".
Так, у Альфа банка на такіх умовах можна аформіць дэпазіт "Альфа Ветразь". Але ёсць нюанс – стаўка гадавых залежыць ад сумы размяшчэння. Калі ўклад аформіць на суму ад 100 да 15 тысяч беларускіх рублёў, стаўка будзе 7,5%, ад 15 тысяч да 25 тысяч – 9,5%, ад 25 тысяч да 50 тысяч – 11,5%, ад 50 тысяч да 200 тысяч – 12,5%.
Максімальная стаўка па гэтым укладзе ў памеры 13,5% будзе, калі сума ўкладанняў перавысіць 200 тысяч беларускіх рублёў. Максімальная сума ўкладанняў па гэтым дэпазіце складае 5 мільёнаў беларускіх рублёў.
Дарэчы, плаціць падаходны падатак з налічаных працэнтаў з усяго ўкладу і папаўненняў не давядзецца, але для гэтага ўкладзеныя сродкі павінны "праляжаць" у банку як мінімум адзін год.
Гэты ўклад безадзыўны, а тэрмін яго вяртання – праз 15 месяцаў. Датэрмінова вярнуць яго можна толькі са згоды банка, але працэнтны даход пры гэтым зменшыцца ў 60 разоў.
Прывабнай выглядае і прапанова банка "БелВЭБ" "Безадзыўны ў беларускіх рублях (анлайн)", стаўка па якой складае ад 10% да 13,5% гадавых. Мінімальная сума ўкладу – 50 беларускіх рублёў, тэрмін размяшчэння дэпазіту – 35 дзён, 3, 7, 13 месяцаў і два гады.
Самая выгадная стаўка (13,5% гадавых) будзе, калі адкрываць гэты ўклад на 13 месяцаў. Так, з кожных 100 рублёў за гэты перыяд можна будзе зарабіць больш за 15 рублёў.
На падобных умовах можна аформіць уклад і ў банку "ВТБ". Ён называецца "Мае ўмовы анлайн (безадзыўны)". Тэрмін яго размяшчэння ад 34 да 1900 дзён, што складае крыху больш за пяць гадоў. Ад гэтага тэрміну будзе залежаць і стаўка: для ўкладу ў беларускай валюте яна стартуе ад 5,1% і дасягае 13,4%.
Мінімальная сума складае ўсяго 20 беларускіх рублёў.
Дарэчы, гэты ж уклад можна аформіць і ў валюце, прычым выбар вельмі вялікі: кітайскі юань, расійскі рубель, еўра і амерыканскі долар. Праўда ўмовы будуць не такія выгадныя, як для ўкладанняў у беларускіх рублях.
МТБанк у сваю чаргу прапануе безадзыўны дэпазіт у беларускіх рублях пад назвай "МТБелкі Online" з працэнтнай стаўкай ад 10,2% да 13,2%, і яна, як адзначаюць у банку, з’яўляецца фіксаванай.
Тэрмін размяшчэння гэтага ўкладу – ад 32 дзён да 36 месяцаў, а мінімальная сума – 50 беларускіх рублёў.
Але і тут ёсць нюансы: калі мінімальная сума ўкладу 50 рублёў і размешчаны ён будзе ў банку на 32 дні, стаўка будзе 10,2%, калі на 3 месяцы – 10,5%, на 5 месяцаў – 10,7%, на 7 месяцаў – 11,3%, на 9 – 11,5%. Калі зрабіць уклад на год, стаўка гадавых будзе 12,8%, калі на 13 месяцаў – 13%. Самая выгадная стаўка – 13,2% – будзе, калі аформіць дэпазіт на тэрмін 14 ци 16 месяцаў. Калі мінімальная сума дэпазіту 200 тысяч беларускіх рублёў, а тэрмін іх захоўвання ў банку складае 36 месяцаў, стаўка будзе 10,4%.
Гэта значыць, з кожных 50 рублёў укладу за 16 месяцаў можна зарабіць амаль больш за 9,6 рублёў.
Што прапануе Беларусбанк
Найбольш выгадна ў Беларусбанку аформіць безадзыўны ўклад у беларускіх рублях пад назвай "Даходны плюс". Першапачатковы ўзнос – 150 беларускіх рублёў, тэрмін захоўвання – 13 месяцаў.
Што датычыцца працэнтнай гадавой стаўкі, то па гэтым укладзе яна з’яўляецца пераменнай, гэта значыць яе памер устанаўліваецца, зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка – стаўкі крэдыту авернайт Нацбанка Беларусі (СКА НБРБ). Цяпер стаўка прапануецца 13% гадавых.
Да 12,5% гадавых прапануецца для безадзыўнога ўкладу "Дзіцячы". Першапачатковы ўзнос гэтага дэпазіту складае 250 беларускіх рублёў, а тэрмін захоўвання – 3, 4 і 5 гадоў.
Стаўка па гэтым укладзе з’яўляецца зменнай, гэта значыць яе памер устанаўліваецца, зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка – стаўцы крэдыту авернайт Нацбанка Беларусі (СКА НБРБ). Акрамя таго, стаўка будзе залежаць ад тэрміну захоўвання дэпазіту, так калі аформіць яго на 3 гады, стаўка будзе 12,3%, калі на 4 гады – 12,4%, а калі на 5 гадоў – 12,5%.
Ёсць у Беларусбанка яшчэ адзін выгадны тэматычны дэпазіт – "Дамскі к@прыз". Гэта безадзыўны ўклад у беларускіх рублях. Першапачатковы ўзнос гэтага дэпазіту – 50 беларускіх рублёў, а што датычыцца працэнтнай стаўкі, то ёсць шэраг нюансаў.
Па ўкладзе з тэрмінам захоўвання 13 месяцаў стаўка будзе пераменная, цяпер яна складае 12,1%, а па ўкладзе на тэрмін 24 месяцы першыя паўгода захоўвання фіксаваная (12,3%), а затым (пачынаючы з 7-га месяца) – таксама пераменная (12,15%). Але гэты ўклад так проста не адкрыць, ён разлічаны толькі для ўдзельніц клуба "Лэдзі".
Што датычыцца безадзыўнога ўкладу "Беларусбанк-анл@йн" з шырокім выбарам тэрмінаў укладу, то працэнты па гэтым укладзе налічваюцца наступным чынам:
па ўкладах з тэрмінам захоўвання 45 дзён і 3 месяцы – у памеры 1,7% і 4,6% гадавых адпаведна, пры гэтым гадавая стаўка будзе фіксаваная;
па ўкладах з тэрмінам захоўвання 6, 9, 12, 18, 24, 36 месяцаў – першыя тры месяцы стаўка будзе фіксаваная, але яе памер будзе залежаць ад тэрміну захоўвання ўкладу, а пачынаючы з чацвёртага месяца – пераменная.
Самая выгадная зараз стаўка па гэтым укладзе (12,4%) прапануецца, калі аформіць яго на 36 месяцаў. Мінімальная сума для афармлення гэтага дэпазіту – 50 беларускіх рублёў.
Ёсць у Беларусбанка і іншыя цікавыя прапановы. Каб падабраць прыдатны варыянт, лепш дэталёва вывучыць інфармацыю, размешчаную на афіцыйным сайце гэтай фінустановы, або атрымаць кансультацыю ў кантакт-цэнтры.
Астатнія банкі Беларусі ў асноўным афармляюць дэпазіты на падобных умовах. Працэнтныя гадавыя стаўкі ў іх вагаюцца ад 0,1% да 12,5%.
Зберажэнні і інфляцыя
Рэаліі зараз такія, што самым надзейным і простым спосабам абараніць свае зберажэнні, як і раней, з’яўляецца дэпазіт.
Але каб на гэтым яшчэ і зарабіць, інфляцыя не павінна перавышаць стаўкі па банкаўскіх укладах, у адваротным выпадку рэальная даходнасць гэтага фінансавага інструмента будзе нулявой ці нават адмоўнай. Гэта значыць, інфляцыя можа не проста адбіцца на рэальных даходах насельніцтва, але і абясцэніць зберажэнні людзей.
У Беларусі інфляцыя па выніках снежня 2023 года ў параўнанні з лістападам склала 0,9%, а ў параўнанні са снежнем 2022-га – 5,8%. У лістападзе гадавы прырост інфляцыі склаў 5,4%, гэта значыць да канца года рост цэн некалькі ўзмацніўся.
Раней беларускія ўлады гаварылі аб тым, што ставяць перад сабой задачу ўтрымаць інфляцыю па выніках 2023 года ў межах 7-8%. На бягучы год, паводле папярэдніх прагнозаў, цэны ў сярэднім павінны вырасці на 6%.
Эксперты Еўразійскага банка развіцця ў сваю чаргу чакаюць, што ў 2024 годзе інфляцыйны націск у Беларусі захаваецца, аднак на росце цэн гэта адаб’ецца не моцна: урад працягне іх рэгуляваць.
Раней у ЕАБР адзначалі, што інфляцыя ў рэспубліцы ў 2024-м паскорыцца да 8%.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"