МІНСК, 28 сту – Sputnik. Антарктыда дагэтуль з’яўляецца самым малавывучаным мацерыком планеты, і лідарам у яе вывучэнні з’яўляецца Расія, з якой ніхто не можа параўнацца, заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўводу ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі "Восток" у нядзелю.
"Расія з’яўляецца лідарам у вывучэнні Антарктыкі на сённяшні дзень. Ніхто не можа з гэтым параўнацца. У нас была вялікая краіна – Савецкі Саюз. Мы разам працавалі (Беларусь і Расія - Sputnik). Але калі хтосьці спадзяваўся, што гэта ўсё загіне, – аказваецца, не загінула, а выйшла на больш высокі ўзровень", - падкрэсліў Лукашэнка.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, ён таксама выказаў падзяку расійскім сябрам, якія і раней, і цяпер дапамагаюць беларускім вучоным з размяшчэннем на сваёй станцыі. Тое ж датычыцца і падтрымкі даследаванняў, і абмену навуковымі данымі, і прадастаўлення абсталявання, дадаў прэзідэнт Беларусі.
"Ведаю, што працуе і наша абсталяванне там (у Антарктыдзе - Sputnik). Мне далі інфармацыю: у 2018-2020 гадах тут быў уведзены ў эксплуатацыю ультрафіялетавы фатометр канструкцыі беларускага ўніверсітэта. Я ўпэўнен, праграма будзе працягвацца з выкарыстаннем гэтага абсталявання", - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама паабяцаў звярнуць больш пільную ўвагу "на развіццё гэтага сектара навукі і практыкі", паколькі гэта дасць добры штуршок развіццю.
"Мы вельмі ганарымся, што маем дачыненне да гэтага. Яшчэ раз дзякую расіянам, Вам, Уладзімір Уладзіміравіч. Вы ўдзяляеце гэтаму вялікую ўвагу", - дадаў беларускі лідар, звяртаючыся да Пуціна.
Лукашэнка таксама цёпла адазваўся аб расійскіх палярніках, ён падкрэсліў, што яны працуюць у найскладанейшых умовах, і нават маршрут да станцыі вельмі доўгі і складаны.
"Вы здзяйсняеце подзвіг. Мы вамі ганарымся. Дзякуй вам вялікі. Мы, беларусы, будзем больш актыўна ўключацца ў гэтыя працэсы. Жывіце дружна. Мы – браты, нам дзяліць няма чаго. Уклад у навуку павінен быць як з боку Расіі, так і Беларусі" , - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Нагадаем, сёння лідары Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін па відэаканферэнцсувязі прынялі ўдзел у цырымоніі ўводу ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу станцыі "Восток" у Антарктыдзе.
Станцыя "Восток"
Станцыя "Восток" з’яўляецца адзінай круглагадовай унутрыкантынентальнай расійскай станцыяй у Антарктыдзе. У ліпені 1983 года на ёй была зафіксавана самая нізкая тэмпература паветра на планеце – тэрмометры апусціліся да адзнакі мінус 89,2 градуса.
Працы па стварэнні новага зімовачнага комплексу станцыі "Восток" пачаліся ў 2019 годзе. Ён уключае ў сябе пяць модуляў. Гэта жылыя і грамадскія памяшканні для палярнікаў, энергацэнтры і тэхблокі для сістэмы ачысткі і захоўвання вады, а таксама гараж.
Даўжыня комплексу 140 метраў, агульная плошча памяшканняў – каля 2 тысяч квадратных метраў. Станцыя стаіць на трохметровых апорах, што дазволіць ёй заставацца незанесенай снегам на працягу доўгіх гадоў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"