МІНСК, 30 сту – Sputnik. Байцы Узброеных Сіл Беларусі працягваюць выконваць пастаўленую прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам задачу па ўзмацненні ўчасткаў мяжы на паўднёвым напрамку, паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.
Асноўнай мэтай вайскоўцаў у ведамстве назвалі гарантаванне бяспекі жыхароў краіны, спыненне парушэння дзяржмяжы. Акрамя таго, перад вайскоўцамі стаіць задача выключыць каналы пастаўкі зброі і боепрыпасаў.
"Пад аховай важныя аб’екты, уключаючы дарогі і пуцеправоды. Комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьдзеянне магчымым пагрозам, праводзіцца на ўчастках па перыметры паўднёвай часткі краіны", - гаворыцца ў паведамленні.
У прэс-службе падкрэслілі, што на паўднёвым напрамку задзейнічаны асабовы склад сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл.
Асаблівую ўвагу вайскоўцы надаюць рабоце на КПП. У Мінабароны звярнулі ўвагу, што вайскоўцы, якія знаходзяцца на ўзмацненні, нікому не пагражаюць, а абараняюць Радзіму, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць.
Патруляванне паўднёвай мяжы Беларусі
© Олег Некало, "Ваяр"
Сітуацыя няпростая
Пасля пачатку спецаперацыі Расіі ва Украіне сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы ўскладнілася. Пагранічнікі рэспублікі рэгулярна фіксавалі правакацыі з боку сумежнай дзяржавы.
Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў нядаўна заявіў, што колькасць правакацый апошнім часам зменшылася. Сітуацыю ён назваў параўнальнай з леташняй.
Паводле яго слоў, сумежны бок абсталюе дадатковыя абаронныя пазіцыі, у тым ліку ў пунктах пропуску, якія зараз не працуюць.
Пры гэтым ён нагадаў аб даручэнні прэзідэнта Беларусі пагранічнікам – надзейна ахоўваць дзяржмяжу ў сучасных умовах "у нашай пагранічнай прасторы".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"